Аб правах работнікаў, наглядзе за тэхнікай і другаснай сыравіне

Источник материала:  
11.03.2020 — Разное

Эканамічная сістэма Беларусі павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўніцт­вам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БелТА.

Прэзідэнт вырашыў абмеркаваць з членамі ўрада і іншымі ўдзель­нікамі нарады пакет праектаў нарматыўных актаў. Паводле яго слоў, дакументы закранаюць шырокі спектр пытанняў і пранізваюць важ­ныя сферы жыцця грамадства. «Таму да іх падпісання з’явілася неабходнасць удакладніць, ці дастаткова абгрунтаваны гэтыя прапановы? Ці патрэбны яны наогул? Ці ёсць ва ўсіх зацікаўленых узгодненасць у іх далейшай рэалізацыі? Ці ўлічаны распрацоўшчыкамі ўсе наступствы?» – спытаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні, нявырашанасць якіх людзі ў першую чаргу адчуваюць на сабе. «Гэта датычыцца гарантый правоў работ­нікаў на фінансава неплацежаздольных прадпрыемствах. Пытанне, што называецца з барадой. Ніякіх кампрамісаў, вядома, быць не можа, і ўся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Ніякага папулізму тут няма», – заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адну праблему, з вырашэннем якой у краіне спазняюцца, і гэта стрымлівае развіццё грамадства. «Размова ідзе аб стварэнні стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў», – растлумачыў ён.
Урад, напрыклад, бачыць рашэнне ва ўкараненні дэпазітнай сістэмы абарачэння спажывецкай тары з-пад вады і напіткаў. «Калісьці я паўтарыў сваё патрабаванне да ўсіх, перш за ўсё вертыкалі выканаўчай улады: з адходамі трэба навучыцца працаваць, пачынаючы ад бою шкла, поліэтылену і іншымі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў у прыклад Швейцарыю, дзе вельмі многія тавары выраб­ляюцца з другаснай сыравіны. «А нам што перашкаджае? Мы што ў кампактнай краіне – гэта ж не Расія – не можам сабраць адходы і перапрацаваць? Ды тое ж шкло атрымаць традыцыйным спосабам значна даражэй, а тут гатовае шкло пераплавіў і зноў атрымаў бутэльку, – заўважыў ён. – Не, мы чакаем, як з гэтай нафтай, пакуль смажаны певень, як у народзе кажуць, не дзеўбане ў пэўнае месца. Потым будзем гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей. Грошы пад нагамі – узяць не можам».
Паводле слоў Прэзідэнта, урад прапануе толькі ў 2022 годзе зрабіць тое, што апрабавана яшчэ ў Савецкім Саюзе. «І ўсе эксперты, у тым ліку Адміністрацыя Прэзідэнта, далі станоўчае заключэнне. Дзіўна», – абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець некалькі прапаноў, якія «забяспечваюць устойлівасць функцыянавання асобных сфер і законнасць у іх». Напрыклад, удасканаленне сістэмы дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам трактароў, прычэпаў, самаходных машын і абсталявання. «Мае патрабаванні да пытанняў забес­пячэння бяспекі жыцця людзей, захаванасці тэхнікі вы ўсе ведаеце. Безгаспадарчае стаўленне да тэхналагічнага абсталявання, асабліва набытага з падтрымкай дзяржавы, недапушчальна. Але, галоўнае, спраўная тэхніка – залог бяспекі людзей», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён назваў злачынствам, калі дарагую тэхніку, якая адпрацавала ў гаспадарцы два гады, кідаюць пад плот, як металалом». З гэтым трэба змагацца. І не трэба тут рыначных нейкіх разважанняў. Там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. Трэба кантраляваць тэхнічны стан на дарогах у плане бяспекі. Не трэба ісці і глядзець на захоўванне, як ён там паставіў тэхніку, як даглядае яе: гэта яго асабістая ўласнасць, ён ведае, як з ёй абыходзіцца, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Напэўна, менш за працэнт. А астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: дайце грошай, каб купіць трактар, таму што пасеяць няма чым. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і вялікія аб’ёмы экспарту. Вось і рабіце высновы, трэба гэта кантраляваць ці не».
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ствараць новыя структуры з сотнямі новых чыноўнікаў, каб «ударыць па безгаспадарчасці», не трэба. «Лепш не ўносьце такія прапановы, – папярэдзіў ён. – У нас дастаткова кантралёраў на месцах, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы начальнікам міліцыі. Я ўжо не гавару пра тых, хто непасрэдна павінен гэтым займацца: кіраўнікі і спецыялісты канкрэтных гаспадарак».
Прэзідэнту прадстаўлены таксама праекты прававых актаў, накіраваныя на ўдасканаленне натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем распрацоўшчыка дакументаў, якім выступіла Міністэрства юстыцыі, і Вярхоўнага суда, якія дадатковыя дзеянні прапануецца прыняць для павышэння эфектыўнасці работы натарыусаў. «Рэгуляванне сфер, у якіх дзяржава ўзаемадзейнічае з грамадзянінам, павінна адбывацца максімальна асцярожна, – звярнуў ён увагу. – Чаго яшчэ не хапае? Ці патрэбны нам гэтыя новаўвядзенні або, можа, яшчэ не зжыла сябе дзеючая сістэма работы?»
Сярод дакументаў, якія вынесены на разгляд кіраўніка дзяржавы, – праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. У ліку тэм, якія абмяркоўваюцца, – таксама змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.
Як растлумачыў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой, распрацаваны ўказ аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады прадугледжвае прэміраванне кіраўніцтва і работнікаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў за дасягненне пэўных вынікаў. Дакумент, паводле яго слоў, нацэлены на разняволенне ініцыятывы на месцах.
«Думаю, гэта добрая прапанова – падтрымаць дзяржслужачых першаснага звяна, якія, як справядліва гаворыць Прэзідэнт, знаходзяцца на перадавой, ад іх работы залежыць эканамічны поспех развіцця краіны ў цэлым, – сказаў першы віцэ-прэм’ер. – Пры гэтым не прапануецца ламаць існуючую сістэму аплаты працы ў дзяржапараце. Яна сёння паспяхова функ­цыянуе, прадоўжыць спакойна працаваць і далей. Пытанне толькі ў тым, каб дапоўніць яе магчымасцю прастымуляваць за асобныя добрыя вынікі».

←«Здесь всё дышит белорускостью». В Чаусах деток необычным способом обучают мове

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика