Канцэрт “Музыка вясны”, які ў пятніцу адбыўся
ў раённым цэнтры культуры з нагоды Міжнароднага дня жанчын, стаў цудоўным мастацкім падарункам для прыгожай паловы чалавецтва, якая сабралася ў зале РЦК.
Ад імя раённай улады віноўніц урачыстасці павіншаваў намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў.
— 8 Сакавіка заўсёды асацыіруецца ў нас з букетамі кветак, — сказаў у сваім прывітальным слове Аляксандр Мікалаевіч. — Але самая галоўная асацыяцыя, звязаная з гэтым святам, — гэта шчаслівыя ўсмешкі нашых жанчын, і мы, мужчыны, з хваляваннем стараемся вас як найлепш павіншаваць і парадаваць, ад-дзячыць за клопат і дабрыню. Наша Нясвіжчына багатая на прыгожых, працавітых жанчын, якія працуюць на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях, у тым ліку — і кіраўнікамі, і пры гэтым застаюцца захавальніцамі сямейнага ачага, знаходзяць час для сям’і, для таго, каб ставіць на добры шлях наша падрастаючае пакаленне.
Аляксандр Балцянкоў таксама пажадаў усёй прыгожай палове Нясвіжчыны сямейнага шчасця, дабрабыту, моцнага здароўя, а таксама — кахання і падтрымкі ад родных і блізкіх. У пацвярджэнне гэтых цёплых слоў на сцэну была вынесена карзіна кветак ад раённай улады для жанчын у зале.
Трое абаяльных вядучых — Сяргей Хвалько, Аляксей Абражэй і Аляксей Дунчанка — аздобілі канцэрт добрым гумарам, шчодра дзелячыся з залай сваім прыўзнятым настроем.
Лепшыя артысты Нясвіжчыны выконвалі для сваіх шаноўных зямлячак славутыя эстрадныя хіты, музычныя віншаванні дарылі ім самыя юныя ўдзель-нікі канцэрта — дашкольнікі і вучні нясвіжскіх школ, нікога не пакінулі раўнадушным захапляльныя харэаграфічныя выступленні дзіцячых танцавальных калектываў “Арыён” і “Онікс”.
Кранальным музычным сюрпрызам для ўсіх прысутных стала прэзентацыя раманса “Я помню Вас” у выкананні аўтара, вядомага на Нясвіжчыне музыканта і спевака Івана Буглая, які ён напісаў на верш сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Соф’і Любанец. Прыемным падарункам для прысутных у зале сталітаксама відэа-віншаванні разам з кароткімі інтэрв’ю ад знакамітых мужчын Нясвіжчыны, якія прагучалі з вуснаў начальніка Нясвіжскага раённага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Аляксандра Грынкевіча, начальніка Нясвіжскага РАНС Вячаслава Бокуна, рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Дзмітрыя Яшчанкі, начальніка ДЭУ-65 Вячаслава Мінкевіча, дырэктара УП “Нясвіжская ЖКГ” Аляксандра Жука. Арганічна ўпісалася ў святочнае відовішча і інтэрв’ю з выхаванцамі дзіцячага ясляў-сада №4 “Караблік дзяцінства” аб іх мамах, якое таксама было прадстаўлена ў выглядзе відэа-фільма.
Завяршыўся канцэрт знакамітай песняй “Фантазёр” у выкананні Аляксея Абражэя пры падтрымцы Сяргея Хвалько і Аляксея Дунчанкі, якая стала яскравым фінальным акордам свята.
Лілія ІВАНЕНКА.