На ўрачыстым прыёме ў Гродзенскім аблвыканкаме ў гонар 8 Сакавіка Карэліччыну прадставіла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Алена МАЙСАК.
Падзея падарыла цёплыя і незабыўныя эмоцыі дзясяткам жанчын, паспяховым прадстаўніцам самых розных прафесій і сфер дзейнасці з усёй вобласці. А для Алены Майсак, кожны працоўны дзень якой распісаны літаральна па хвілінах, урачыстасць стала яшчэ і часам, каб на некалькі гадзін забыць пра безліч спраў і ў поўнай меры адчуць атмасферу надыходзячага свята.
– Клопатаў заўжды ў нашым жыцці дастаткова, але варта заўважаць асаблівыя моманты. І 8 Сакавіка якраз адносіцца да такіх светлых і цёплых падзей. Для мяне гэта свята вясны і пяшчоты, добрых слоў і прыгожых імгненняў, – дзеліцца Алена Майсак.
І хоць нярэдка чырвоныя даты на календары галоўнаму ўрачу райбальніцы даводзіцца праводзіць у працоўных турботах, яна ўдзячная свайму лёсу. А пачаўся яе прафесійны шлях у 1995 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (зараз – універсітэта) і праходзіў праз установы аховы здароўя Мастоўскага і Бераставіцкага раёнаў. Пакуль у 2010 годзе жыццёвая дарога не прывяла Алену Майсак на Карэліччыну. Тут яна пачала працаваць загадчыкам паліклінікі, затым стала намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Карэліцкай ЦРБ. А ў 2012 годзе ўзначаліла галоўную ўстанову аховы здароўя раёна, якая, між іншым, сёлета па выніках агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва была высока адзначана на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
– Мая праца – гэта маё жыццё, – падкрэслівае Алена Майсак. – Я люблю медыцыну і не ўяўляю свайго лёсу без яе. Нам, урачам, дадзена ўнікальная магчымасць – дапамагаць людзям. Здаецца, я ўжо столькі гадоў у прафесіі, але кожны раз, як у першы, калі бачу, што ўсё атрымалася і чалавек паправіўся, сэрца перапаўняе радасць. Таму, напярэдадні 8 Сакавіка, шчыра зычу ўсім жанчынам адчуваць сябе любімымі ў сям’і, запатрабаванымі на працы і шчаслівымі па жыцці. І, вядома, як урач, жадаю здароўя, сіл і з усмешкай глядзець у люстэрка і на свет навокал!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі