Новое для тех, кто служит в армии
Стартавала прызыўная кампанія 2020 года. Будучыя абаронцы Айчыны зараз праходзяць медыцынскую камісію, а на мінулым тыдні своеасаблівую гадзіну прававой інфармацыі для іх правёў стажор на пасадзе памочніка пракурора Ушацкага раёна В.У.Лісаў. Як вядома, 10 лютага Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка падпісаў указ № 48 “Аб павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароны грамадзян у сувязі з прызывам на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”. Самыя асноўныя моманты гэтага дакумента і абмяркоўваліся падчас сустрэчы.
Так, з 1 студзеня 2020 года ваеннаслужачыя, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на выпадак дасягнення пенсійнага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля. Указам вызначаецца парадак выплаты абавязковых страхавых узносаў за перыяды тэрміновай ваеннай службы, што дазволіць залічваць гэты перыяд у страхавы стаж, неабходны для вызначэння права на працоўную пенсію.
Члены сям’і вайскоўца на ўвесь перыяд тэрміновай ваеннай службы змогуць карыстацца жыллём дзяржаўнага жылфонду ў інтэрнатах, якое прадастаўлялася наймальнікамі па месцы працы.
А вось для тых, хто прайшоў тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прадугледжаны дадатковыя льготы для падрыхтоўкі да паступлення ў навучальныя ўстановы. У год звальнення ў запас або ў год, наступны за годам звальнення, пры наяўнасці сярэдняга бала ў дакуменце аб адукацыі не ніжэй за 6 балаў прадастаўлена права на навучанне на факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых аддзяленнях, падрыхтоўчых курсах у дзяржаўных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту. Таксама для грамадзян, якія прайшлі тэрміновую службу, службу ў рэзерве, прадугледжаны дадатковыя льготы для падрыхтоўкі да паступлення ў навучальныя ўстановы, а таксама пераважнае права выбару месца працы па спецыяльнасці пры размеркаванні па завяршэнні атрымання адукацыі.
Акрамя гэтага з 1 студзеня ўступілі ў сілу змены ў Жыллёвым кодэксе, якія замацоўваюць за грамадзянамі, якія служылі ў арміі і якія навучаюцца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, першачарговае права на месца ў інтэрнаце. Ужо дзейнічаюць і змяненні, унесеныя нядаўна ў Працоўны кодэкс. Гаворка ідзе аб захаванні за грамадзянамі права вярнуцца пасля службы ў войску на ранейшае месца працы незалежна ад формы ўласнасці наймальніка. Раней гэта распаўсюджвалася толькі на грамадзян, якія працавалі ва ўстановах дзяржаўнай формы ўласнасці.
Таксама падчас мерапрыемства Вадзім Уладзіміравіч нагадаў аб асноўных абавязках прызыўнікоў, а таксама што за ўхіленне ад воінскай службы прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Вольга КАМАРКОВА.