У Воранаве спявалі, танцавалі, зіму праважалі
Пакуль арганізатары рыхтаваліся да святкавання Масленіцы, зіма сыпанула зранку снегам. Дала зразумець — не хоча саступаць вясне месца, хоць і была ў гэтым годзе лагоднай. Але настойлівае вясновае сонца перамагло непагадзь акурат перад пачаткам дзейства на плошчы. Песні, танцы, спальванне на вогнішчы пудзіла канчаткова аслабілі пазіцыі Зімы-матухны. Пара ўжо развітвацца!
Сапраўды “блінным” зрабілі гэта свята работнікі клубных устаноў раёна. Сімвалічную страву на сваіх падворках яны прапанавалі з розным начыненнем. На сталах красаваліся бліны з маслам, мёдам, варэннем, тварагом і яйкам, а яшчэ можна было паспрабаваць іх з грыбамі, салам і паляндвіцай. Пульхныя і вельмы смачныя атрымаліся яны ў руплівых гаспадынь. Нацкія жанчыны нават блінны нарад “пашылі” для лялькі.
Клікаць вясну воранаўцам дапамагалі артысты: народны ансамбль “Каханачка” з Ліды і мясцовыя творчыя калектывы.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.