“Падыходзіць да завяршэння другі месяц года. І мы ўжо можам гаварыць пра першыя зробленыя крокі ў рэалізацыі сёлетніх значных планаў, якія стаяць перад раёнам”, – напачатку сустрэчы з калектывам Карэліцкага раёна электрычных сетак падкрэсліў старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў.
У ходзе канструктыўнай размовы з работнікамі РЭС кіраўніком раёна быў узняты шэраг важных пытанняў, у тым ліку і сельскагаспадарчай накіраванасці. У прыватнасці закранулі тэму рэалізацыі свініны, цукровых буракоў і зерня. У гэтым кантэксце гаворка зайшла пра пэўныя планы на свінагадоўчую племянную ферму КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, якая, па словах старшыні райвыканкама, “павінна пры максімальнай запоўненасці даваць максімальны выхад прадукцыі”. Скіраваў увагу Генадзій Шатуеў і на той факт, што ў Карэлічах варта зрабіць спецыялізаваныя гандлёвыя кропкі, дзе можна набыць тую ж свежую і якасную свініну і іншыя мясныя прадукты, але ўласнай вытворчасці. Да слова, праца ў гэтым напрамку ўжо вядзецца.
Закранулі і малочнае пытанне. Як вядома, Карэліцкі раён у гэтай галіне жывёлагадоўлі мае поспехі. “Але тут варта сур’ёзна заняцца мадэрнізацыяй і ісці ў ногу з часам, – акрэсліў задачы на будучыню кіраўнік раёна. – Чым больш мы зараз укладзём, тым лепшую атрымаем на выхадзе аддачу. Хочацца, каб у нашых гаспадарках з’явіліся сучасныя перасовачныя даільныя ўстаноўкі, як і на кожным значным аб’екце – станцыі для бесперабойнага забеспячэння электраэнергіяй”.
Шмат гаварылі і пра добраўпарадкаванне нашага краю, што асабліва актуальна напярэдадні святкавання 80-годдзя Карэліцкага раёна і 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Мы усе тут жывём, таму кожны з нас адказны за парадак на роднай зямлі. Гэта наша агульная справа”, – задаў накірунак для дыялога з залай Генадзій Шатуеў. Старшыня райвыканкама заўважыў, што варта пачынаць з чысціні на ўласным падворку і сваім працоўным месцы, агульнымі сіламі работнікаў прывесці ў належны стан будынкі і прылягаючыя тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. “А мы, як прадстаўнікі мясцовай улады, будзем ва ўсім садзейнічаць такім удалым пачынанням. Дарэчы, скарыстаюся магчымасцю і падзякую кіраўніцтву і калектыву РЭС за ўзорнае добраўпарадкаванне, – працягнуў кіраўнік раёна. – Калі казаць пра больш глабальныя планы, то, безумоўна, хочацца да канца давесці рамонт цэнтральнай раённай бальніцы, поўнасцю пафарбаваць фасад, зрабіць камфортную аўтастаянку. У цэнтры нашай увагі і чатыры школы раёна, дзе патрабуецца палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Таксама ў сувязі з юбілеем раёна ёсць пэўныя ідэі, як візуальна падкрэсліць яго гістарычныя і культурныя адметнасці. Напрыклад, зрабіць алею помнікаў знакамітых людзей, якія зараз размешчаны ў розных кутках Карэліччыны. Не сыходзіць з абвесткі дня і наладжванне сістэмы збору і сартавання бытавых адходаў. У гэтым напрамку пачнём з галоўнага – закупкі каля 400 кантэйнераў для смецця. Яшчэ адна, думаю, хвалюючая кожнага з нас тэма – экалагічнае і якаснае асвятленне вуліц. Сёлета мы з адпаведнымі службамі ўжо даволі шчыльна заняліся гэтым пытаннем і ўсяго плануем паэтапна ўстанавіць каля 700 новых святлодыёдных энергазберагальных ліхтароў. Да таго ж, ідуць перамовы з абласнымі структурамі наконт дапамогі ў асвятленні аўтамабільнай кальцавой дарогі ў Карэлічах”.
Агучаныя тэмы аказаліся блізкімі і прысутным. Работнікі РЭС звярнулі увагу на неабходнасць асвятлення і добраўпарадкавання пэўных участкаў пешаходных дарожак у раёне вуліц Гастэлы і Гагарына ў райцэнтры. Старшыня райвыканкама ўзяў пад кантроль дадзеныя пытанні, а напрыканцы сустрэчы падвёў наступны вынік: “Перад раёнам і перад кожным з нас сёння стаяць дакладныя задачы. Іх вырашэнне залежыць ад фінансаў, ініцыятывы і выканання. Але супольнымі намаганнямі мы можам здзейсніць шмат”.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара