У Курчоўскім сельскім клубе “Падарылі татам свята”
На розных мерапрыемствах у Курчоўскім клубе бывае шмат гасцей. Прыходзяць не толькі мясцовыя жыхары і суседніх вёсак, але і прыязджаюць здалёк, каб сустрэцца з землякамі, даўнімі сябрамі, пагутарыць, ды і, не сакрэт, патанцаваць. Так было і на мерапрыемстве “Падарылі татам свята”, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны.
Святочны настрой быў ва ўсіх прысутных. Гледачы цёпла віталі татуль: Андрэя Вільчэўскага, Уладзіміра Паўловіча, Леаніда Венцэвіча і інш. Юныя артысты — Эвяліна і Мікіта Вільчэўскія, Максім Паўловіч, Дар’я Венцкевіч, Дзіяна Пальчукевіч, Аляксандр Цыдзік — складалі ўсім мужчынам віншаванні. А сыны запэўнівалі бацькоў:
Як і мой калісьці тата,
Стаць і я хачу салдатам
І Айчыне даць прысягу
На адданасць і адвагу.
Да віншаванняў дзяцей далучыліся дарослыя. Таленавітыя мясцовыя спевакі Андрэй і Мечаслаў Вільчэўскія, Уладзімір Паўловіч, ансамбль «Вясковыя напевы», а таксама госці — Леанід Кукліс, Валянціна Коцік, ансамбль “Дударыкі” Забалацкага НПК зрывалі гарачыя апладысменты.
Не пакінуў па-за ўвагай свята Воранаўскі філіял аблспажыўтаварыства. Так што адпачываць было не толькі весела, але і смачна.
Вера ВАСЬКО, культарганізатар Курчоўскага сельскага клуба.
Фота з архіва Курчоўскага СК.