А. Лукашэнка лічыць справядлівай цану на расійскі газ для Беларусі «недзе да $90»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры цяперашніх умовах на сусветным рынку энерганосьбітаў расійскі газ для Беларусі павінен каштаваць каля $90 за 1 тыс. куб.м. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з паслом Беларусі ў Расіі Уладзімірам Сямашкам, перадае карэспандэнт БелТА.
«Што датычыцца прыроднага газу, сёння ў Еўропе (і гэта мне сказаў не наш міністр, а вялікі расійскі прадпрымальнік – з Сечыным (кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын. – Заўвага БелТА) мы гаварылі, ён жа таксама газам займаецца) газ менш як $110. Гэта там – у Еўропе – на біржах. Значыць, у нас ён недзе да $90. Калі браць сусветную цану», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Так, там ёсць працяглыя, яшчэ нейкія кантракты. Але ж доўгатэрміновыя кантракты па газу заўсёды прывязваюцца да цаны на нафту. І калі адбыўся спад цаны на нафту, значыць, адбыўся спад цаны на прыродны газ. Таму $127 – сёння ўжо ў свеце такой цаны няма», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэта трэба мець на ўвазе. «І ты (звяртаючыся да Уладзіміра Сямашкі. – Заўвага БелТА) лепш за мяне ведаеш гэта, як гэта лічыцца», – сказаў Прэзідэнт.
«Таму пазіцыя наша па нафце і па пастаўках прыроднага газу з Расіі, па цэнах абсалютна праяснілася. І ў гэтым напрамку мы павінны працаваць. І гэта ўсё кладзецца на цябе, хто б да цябе з міністраў ні прыязджаў», – рэзюмаваў беларускі лідар.
Як раней паведамлялася БелТА, цана расійскага газу для Беларусі ў памеры $127 за 1 тыс. куб.м пры пастаўках у сакавіку-снежні бягучага года вызначана як базавы варыянт. Аб гэтым заявіў журналістам першы віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Дзмітрый Крутой, каменціруючы вынікі праведзеных 7 лютага ў Сочы перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. «У адносінах да Беларусі ў канчатковым выніку прэзідэнты дамовіліся, што ў 2020 годзе ўмовы будуць не горшыя, чым у 2019 годзе (у 2019 годзе цана на газ для Беларусі з’яўлялася фіксаванай і складала $127 за 1 тыс. куб.м на мяжы. – Заўвага БелТА)», – заяўляў першы віцэ-прэм’ер.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне БелТА, ці азначае гэта, што цана на расійскі газ для Беларусі ў 2020 годзе будзе менавіта $127, Дзмітрый Крутой адзначыў, што гэта лічба «гучыць як базавая на сённяшні дзень у нашых перагаворах».
У студзені-лютым 2020 года расійскі газ у Беларусь таксама пастаўляецца па цане 2019 года.