У гомельскай бальніцы памерла турыстка, якая вярнулася з Егіпта
Жанчыну вынеслі з самалёта на насілках / twitter.com/tutby
У рэанімацыі бальніцы хуткай меддапамогі ў Гомелі ўвечары 23 лютага памерла турыстка, якая вярнулася з Егіпта. 47-гадовай жанчыне, жыхарцы Магілёва, стала кепска яшчэ падчас палёту. Яе шпіталізавалі адразу пасля прызямлення, але выратаваць жыццё не ўдалося, паведамляе TUT.by.
Вядома, што яшчэ на борце самалёта ў жанчыны спынілася сэрца. Але там былі медыкі — яны рэанімавалі яе падчас палёту да аэрапорта "Гомель". З самалёта жанчыну вынеслі на насілках, яе адразу ж забрала "хуткая".
У 2019-м у Егіпце памерлі 11 беларускіх турыстаў. У студзені сёлета ў Хургадзе памёр 34-гадовы мінчук. Прычыны смерці ў іх розныя. Самы загадкавы выпадак адбыўся восенню мінулага года з сямейнай парай: мужчына памёр у Егіпце, а яго жонка — ужо ў Мінску. Следчы камітэт Беларусі ў студзені 2020 года заявіў, што яны атруціліся ў Егіпце "неўстаноўленым рэчывам". У распачацці крымінальнай справы адмоўлена "за адсутнасцю складу злачынства".