БДЭУ адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай

Источник материала:  
24.02.2020 11:47 — Разное
БДЭУ адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай

Сустрэча гэтага года была асаблівай, таму што віталі ўдзельнікаў дыктоўкі песняй «Купалінка» ў выкананні кітайскіх студэнтаў з Універсітэта Хэсі, якія ўпершыню ў гісторыі БДЭУ вывучаюць не толькі рускую, але і беларускую мову.

БДЭУ адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай
 

У якасці ганаровага госця мерапрыемства быў запрошаны акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Харланчук, якому прыйшлося выступіць у ролі выкладчыка і прачытатьць тэкст дыктоўкі – урывак з малавядомага эсэ Уладзіміра Караткевіча «Я люблю цябе». Дарэчы, ролю выкладчыка Паўлу іграць яшчэ не даводзілася, таму эксперымент для акцёра быў цікавы, але ж і не занадта цяжкі, бо маці і бабуля акцёра былі настаўнікамі, і кожнае лета хлопчыку даводзілася пісаць дыктоўкі. Трэба адзначыць, што дыктоўка ў прачытанні Паўла Харланчука ператварылася ў міні-спектакль, дзе акцёр спрабаваў падказваць удзельнікам знакі прыпынку і выдатна эксперыментаваў з інтанацыяй.

БДЭУ адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай
 

Пасля напісання дыктоўкі студэнты не адразу адпусцілі шаноўнага госця, а папрасілі застацца для невялікай размовы. Студэнтаў і выкладчыкаў цікавілі розныя пытанні: якія фільмы і спектаклі акцёр можа назваць самымі любімымі і ўдалымі? Ці змяніўся сённяшні Купалаўскі тэатр? Дзе больш падабаецца здымацца – у тэатры ці кіно? Ці хапае Паўлу часу на выхаванне дзяцей (а ў яго іх пяцера)?

У знак удзячнасці за цёплы прыём Павел Харланчук застаўся на аўтограф-сесію, падпісаўшы бланкі з дыктоўкай усім, хто гэтага жадаў.

Традыцыйная для БДЭУ імпрэза ў Міжнародны дзень роднай мовы прайшла яскрава і запамінальна. Студэнты былі шчаслівыя. Што іх захапіла? Ці то кранальны тэкст Уладзіміра Караткевіча, ці то выдатнае гучанне беларускай мовы з вуснаў Паўла Харланчука, ці то разуменне таго, што асалода ад жывых зносін лепей гадзіны ў сацыяльных сетках?

«Мне вельмі прыемна, што БДЭУ падтрымлівае ініцыятыву адзначэння свята, прысвечанага Дню роднай мовы. Гэта вельмі важна, бо мы не толькі рыхтуем эканамістаў, але і прыкладаем намаганні выхаваць сапраўдных грамадзян сваёй краіны, – адзначыла арганізатар мерапрыемства, загадчык кафедры беларускай і рускай моў БДЭУ Вольга ГУБСКАЯ. – Хочацца, каб нашы выпускнікі эканамісты былі арыентаваныя на развіццё беларускай эканомікі, а не марылі пра замежжа; каб нашы маркетолагі і спецыялісты ў галіне рэкламы арыентаваліся на прасоўванне беларускіх брэндаў і актуалізацыю нацыянальных канцэптаў, а будучыя супрацоўнікі сферы гандлю ведалі, што такое гарбата. Спадзяюся, што сённяшняе мерапрыемства будзе спрыяць гэтаму».

←В Молодечно в ДТП пострадали трое граждан Ирландии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика