У Бярозаўскім судзе разглядалі справу сутыкнення МАЗа з бронетранспарцёрам
У Бярозаўскім судзе завяршыўся разгляд справы сутыкнення МАЗа-малакавоза з бронетранспарцёрам. Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў 6 гадзін раніцы 28 сакавіка 2018 года на галоўнай вуліцы Бярозы, праз якую з вялікім разрывам рухаліся тры вайсковыя калоны.
Кіраваў бронетранспарцёрам военаслужачы тэрміновай службы Арцём Слашчынін.
Пацярпелы вадзіцель МАЗа атрымаў цяжкую траўму, але дараваў салдату, які наведваўся да яго ў бальніцу і аплаціў лячэнне, кажа пацярпелы Сяргей Чарвякоўскі:
– Салдата я прабачыў. Калі будзе ўжыты 89-ы артыкул, без адміністрацыйнай адказнасці, я не буду аспрэчваць. Я вярнуўся да працы. Вы самі бачыце як я іду.
З самага пачатку вайскоўцы рабілі намаганні перакласці віну на вадзіцеля малакавоза. Але ў судзе выявіліся акалічнасці, якія паказалі шматлікія армейскія хібы, што паслужылі прычынай здарэння. Напрыклад, на тры моцна расцягнутыя па часе калоны было ўсяго 2 экіпажыі ВАІ і 2 экіпажы ДАІ. На момант здарэння іх на перакрыжаванні не было, абураецца прысутны на судзе былы савецкі ваенаслужачы:
– Я калі служыў у Чэхаславакіі ў тыя далёкія гады, я быў камандзірам танка. Заўсёды стаялі на скрыжаваннях ВАІ. Калі не ВАІ, то ставілі проста салдата. Шмат не трэба, калона ідзе – салдат стаў з жэзлам.
Па прыгавору суда Арцём Слашчынін пакараны годам пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.