Мінчук на канцэрце ў Палацы Рэспублікі збіў кантралёрку
Палац Рэспублікі / uks.by
Пракуратура Цэнтральнага раёна сталіцы накіравала суд крымінальную справу на 46-гадовага мінчука С. Яго вінавацяць у хуліганстве, перадае прэс-служба Генпракуратуры.
Нагодай стаў інцыдэнт, які адбыўся 12 лістапада 2019 года. Мужчына ў кампаніі сяброў быў на рок-канцэрце гурт Nazareth. Кампанія купіла квіткі ў ложу. У нейкі момант мужчыны пачалі танчыць, размахваючы рукамі і ўключаючы ліхтарык.
27-гадовая кантралёрка Палаца зрабіла ім заўвагу і прапанавала спусціцца ў партэр, дзе можна было танчыць. Заўвага не спадабалася мужчыну: ён схапіў дзяўчыну рукамі за шыю і тулава, а потым стукнуў яе галавой аб крэсла і цягаў рукамі за валасы.
У сваіх сведчаннях пацярпелая расказала, што зрабіла заўвагу, бо кампанія не датрымоўвалася тэхнікі бяспекі. Мужчына, які наапў на кантралёрку, заявіў, што не зразумеў яе словы. А паколькі тая не адказала на яго пытанні, то ён ужыў супраць яе сілу.
Дарэчы, абвінавачаны папрасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці і пакараць адміністрацыйна. Але пракурор раёна адхіліў хадайніцтва з-за дзёрзкасці злачынства.