Ушачанки Дарья Подгол и Кристина Зуева завоевали золотые медали на первенстве республики по самбо среди юниоров
На першынстве рэспублікі па самба сярод юнакоў і дзяўчат, юніёрак і юніёраў, якое праходзіла на гэтым тыдні ў Стайках, былыя выхаванкі Ушацкай ДЮСШ Дар’я Падгол і Крысціна Зуева адзначыліся залатым дублем! Для абедзьвюх нашых зямлячак гэта самыя важкія дасягненні ў спартыўнай кар’еры. Адметна, што залатыя медалі даюць ім магчымасць прадставіць Беларусь на еўрапейскім першынстве, што адбудзецца ў красавіку ў Балгарыі, і на Чэмпіянаце свету, які восенню прыме Сербія. Як бачна, яркія традыцыі ўшацкага самба, закладзеныя славутай Анастасіяй Архіпавай, знаходзяць дастойны працяг!
“Самым складаным быў фінальный паядынак: мы з саперніцай нават зарабілі аднолькавую колькасць балаў, а перамогу прысудзілі мне па дадатковым паказчыку якасць дзеянняў”, – расказвае Даша, якая спаборнічала ў катэгорыі 60 кілаграмаў з дзяўчатамі 2002-2003 гадоў нараджэння. – І канечне, хачу падзякаваць ушацкім трэнерам, заклаўшым аснову маёй падрыхтоўкі: Таццяне Леанідаўне Клопавай, з якой у дзяцінстве пачынала заняткі на аддзяленні армрэстлінга, Валерыі Мікалаеўне Джураевай, пад уплывам якой захапілася дзюдо”.
Таленавітую дзяўчынку прынялі ў абласное вучылішча алімпійскага рэзерву, скончыўшы якое, яна паступіла мінулым летам у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту. У гэтай жа ўстанове, толькі ўжо на другім курсе, вучыцца і Крысціна Зуева – новаспечаная чэмпіёнка сярод самбістак 2000-2001 гадоў нараджэння ў такой жа вагавой катэгорыі. Для яе захапляльны свет барацьбы таксама адкрывала Валерыя Мікалаеўна, а яшчэ Вера Васільеўна Кіліна. І прыемна, што ўжо на наступны дзень пасля заканчэння трыумфальнага турніру дзяўчаты прыехалі ва Ушачы і з раніцы прыбеглі ў родную спартыўную школу, каб раздзяліць з трэнерамі радасныя эмоцыі.
Мы ж скарысталіся такой нагодай, каб павіншаваць чэмпіёнак і даведацца, як праходзіць студэнцкае жыццё ў сталіцы. “Цікава і напружана! – адказвае Дар’я. – Пачынаецца дзень а сёмай гадзіне, да чатырох заняткі, потым трэніроўка, так што ў інтэрнат вяртаемся не раней дзевяці вечара”. Трэба сказаць, што дзяўчаты сябруюць з дзяцінства, іх сем’і жывуць у адным доме, і нават аддзяленне, дзе навучаюць будучых трэнераў па самба, Даша выбрала па прыкладзе Крысціны. “Мы і ў спартыўнай зале звычайна працуем у пары!” – усміхаюцца яны. У адзін голас адказалі і на пытанне, што было самым цяжкім у падрыхтоўцы да першынства: “Сагнаць лішнія кілаграмы!” Аказваецца, на спаборніцтвах па дзюдо яны выступаюць у катэгорыі 63 кг, а ў самба такой вагі няма, вось і даводзіцца перад турнірамі ўціскаць сябе ў 60.
Існуе стэрэатып, што “корачкі” ВНУ спартыўнага профілю можна атрымаць і без асаблівай руплівасці ў вучобе… “Ёсць некаторыя студэнты, хто паступіў толькі дзеля дыплому, але мы не з такіх, – кажа Крысціна. – Асабіста мне падабаецца асвойваць разнастайныя прадметы і нават набываць веды звыш праграмы: нядаўна ўдзельнічала ў навуковай канферэнцыі па беларускай мове, зараз жа збіраю матэрыял для цікавага даследавання па фізіялогіі – маю на мэце апісаць асаблівасці, якія адчуваюць у час паядынкаў невідушчыя барцы”. Усё вельмі перспектыўна складваецца ў другакурсніцы і ў плане практыкі: кожны раз, калі бывае дома, прыходзіць у спартшколу на заняткі малодшых груп, дапамагае выкладчыкам, спрабуе і сама правесці частку трэніроўкі. “Лічу, што кожны працэс можна зрабіць цікавым, – разважае Крысціна. – Вось, напрыклад, трэба заняцца фізічнай падрыхтоўкай, а дзеці не надта хочуць гэтай руціны. Тады я прапаную: калі пяцёра чалавек з групы залезуць па канаце да верху без дапамогі ног – пяройдзем да гульнявога занятку! У выніку і рукі патрэніруем, і паспаборнічаем”. Да слова, ёсць у будучага трэнера і асабістая падапечная: 9-гадовая сястрычка Аліса Зуева вучыцца ў ДЮСШ і ўжо мае сваё першае золота па самба, атрыманае на нядаўнім турніры ва Ушачах. Запісаўся ў спартшколу і шасцігадовы брацік Дашы Максім – трэніруецца на аддзяленні лёгкай атлетыкі ў Т.Л.Клопавай. Такім чынам, Аксане Уладзіміраўне і Генадзю Пятровічу Падголам, Святлане Пятроўне Зуевай і Сяргею Фёдаравічу Бурцу, па ўсім відаць, яшчэ неаднаразова давядзецца адчуваць узнёслыя эмоцыі ад пераможных стартаў сваіх дзяцей.
Ну і, канечне, запыталіся мы ў дзяўчат пра іх захапленні. Аказалася, спорт высокіх дасягненняў часу на іншае амаль не пакідае. Аднак Даша, напрыклад, выдатна танцуе: у свой час скончыла харэаграфічнае аддзяленне школы мастацтваў – і сцвярджае, што напрацаваная на паркеце каардынаванасць вельмі дарэчы і на татамі. Крысціна ж вельмі любіць жывёлу. Многія, напэўна, бачылі на пляцоўцы для выгулу сабак, што непадалёк ад цэнтральнай кацельні ва Ушачах, спецыяльныя драўляныя прылады для трэніроўкі дамашніх гадаванцаў. І мала хто ведае, што бервяно, лесвічкі і іншыя перашкоды пабудавалі гады тры таму Крысціна і яе сябар Аляксандр Сапега – набылі дошкі і фарбу і зрабілі карысную справу не толькі для сваіх трох аўчарак і баксёра Джэсі, а і для іншых чацвералапых. Не ўсе могуць стаць вялікімі спартсменамі, а вось рабіць добрыя ўчынкі па плячы абсалютна кожнаму.
Наталля БАГДАНОВІЧ.