Трыумф каманды Кіраўскага раёна!

Источник материала:  
07.02.2020 — Разное

Каманда Кіраўскага раёна ўпершыню заваявала агульнае першае месца па выніках абласной спартакіяды школьнікаў 2019 года.

Трыумф каманды Кіраўскага раёна!

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі ўручае Кубак і Дыплом І ступені за перамогу ў абласной спартакіядзе школьнікаў начальніку аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Траццяковай.

Той факт, што Кіраўшчына з’яўляецца сапраўды спартыўным раёнам, – бясспрэчны і справядлівы. Гэта пастаянна даказваюць нашы прадстаўнікі самых розных узростаў на спартыўных пляцоўках і спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў. І вось чарговы трыумф кіраўчан – на гэты раз юных спартсменаў і іх трэнераў. Каманда Кіраўскага раёна ўпершыню ў сваёй гісторыі заваявала першае месца па выніках абласной спартакіяды школьнікаў – галоўных абласных вучнёўскіх спаборніцтвах! Заслужаныя ўзнагароды галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, ДУ “Магілёўскі абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў” – Дыплом і кубак – на нядаўняй урачыстай нарадзе па падвядзенні вынікаў выступленняў каманд на Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў і падвядзенні вынікаў абласных круглагадовых спартакіяд сярод устаноў адукацыі, якое праходзіла ў Магілёве, былі ўручаны начальніку аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Траццяковай.

Перамога кіраўчан сапраўды заслужаная і здабыта ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе з камандамі яшчэ 20 раёнаў Магілёўшчыны. Да яе мэтанакіравана ішлі не адзін сезон, год за годам прыбаўляючы ў якасці выступленняў. Істотную ролю ў гэтым, адыграла тое, што на высокім арганізацыйным узроўні пастаянна нала­джана правядзенне раённых спаборніцтваў практычна ва ўсіх відах. І па іх выніках на абласны ўзровень адбіраюцца самыя дастойныя. А яны, у сваю чаргу, дастойна прадстаўляюць потым і раён.


Трыумф каманды Кіраўскага раёна!

Самае значнае прадстаўніцтва ў саставах зборных каманд раёна ў розных відах абласной спартакіяды належыла вучням Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева (трэнер Валерый Вароніч).

Да адносна нядаўняга часу кіраўчанам не ўдавалася “зачапіцца” за прызавыя месцы. Але, нарэшце, сезоны 2017 і 2018 гадоў сталі для нас “бронзавымі”. Прычым адставанне ад лідараў можна было назваць мізэрным. І вось усе астатнія каманды пакінуты за спіной.

Агульная перамога склалася з розных паказчыкаў, якія выліліся ў лепшую суму балаў. У залік увайшлі выступленні ў 10 абавязковых відах: шашках, шахматах, лыжных гонках, плаванні, настольным тэнісе, футболе, лёгкай атлетыцы, “Снежным снайперы”, мнагаборствах “Здароўе” і “Абаронца Айчыны” (зімовым і летнім кожнае). У іх прадстаўнікі нашага раёна набралі 368 ачкоў (другі паказчык). Багаж ачкоў (+73) папоўніла таксама выступленне ў відах па выбары, дзе былі паказаны высокія рэзультаты, у нашым выпадку імі аказаліся веласпорт і цяжкая атлетыка. Узмацнілі перавагу юныя спартсмены, якія былі ўключаны ў зборныя вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах (+13) і ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў (+38). Як правіла, сюды ўвайшлі прызёры абласнога этапу. Кіраўчане прадстаўлялі Прыдняпроўскі край у веласпорце, шашках, лёгкай атлетыцы і валейболе. Яны, дарэчы, дапамаглі зборнай Магілёўшчыны заваяваць сёлета ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў ганаровае 3­е месца. У агульным заліку наша каманда набрала 492 ачкі і з вялікім адрывам апярэдзіла сёлетніх сярэбраных прызёраў – зборную Хоцімскага раёна (462 ачкі). “Бронза” дасталася камандзе Асіповіцкага раёна (439 ачкоў).


Трыумф каманды Кіраўскага раёна!

Варта адзначыць, што перамога кавалася агульнымі намаганнямі вучняў і іх педагогаў. Як заўсёды, самае значнае прадстаўніцтва ў саставах зборных каманд раёна ў розных відах належыла спартсменам Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева (трэнер Валерый Вароніч). Рабяты з гэтай установы адукацыі дастойна выступалі і на рэс­публіканскіх спаборніцтвах. Нездарма красамоўны той факт, што менавіта Паўлавіцкая школа ў чарговы раз (11­ты запар) стала пераможцай раённай спартакіяды школьнікаў. Выдатна праявілі сябе выхаванцы СДЮШАР: аддзяленняў веласпорту (трэнеры Юрый Цішкоў, Павел Белахвостаў), цяжкай атлетыкі (трэнеры Кірыл Іваніцкі, Юрый Асташоў), валейболу (трэнер Сяргей Лазаковіч). Гонар Кіраўшчыны дастойна адстойвалі рабяты з СШ №1 (трэнеры Барыс Гаўрыленка, Аляксандр Каранкевіч), Мышкавіцкай СШ (трэнер Аляксандр Якавец), Чыгірынскай СШ (трэнер Сяргей Іваніцкі), СШ №2 імя К.П.Арлоўскага (трэнер Сяргей Садоўнікаў), Барчыцкага НПК ДС­СШ (трэнер Алена Яскевіч), Жыліцкага НПК ДС­СШ (трэнер Уладзімір Лугін).

Хацелася б пажадаць нашым юным спартсменам і надалей упэўнена трымаць высока ўзнятую планку. Здабытая перамога асабліва важная, бо менавіта ў школьным узросце закладваюцца асновы здаровага ладу жыцця і спартыўнага даўгалецця.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

←Опубликовано обновленное расписание болезней для призывников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика