Рабочая паездка Прэзідэнта ў Шклоўскі раён

Источник материала:  
25.01.2020 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня з рабочай паездкай наведаў Шклоўскі раён. Кіраўнік дзяржавы пабываў на заводзе газетнай паперы, Шклоўскім масларобным заводзе і ільнозаводзе.

“Тэрмінова ўсім скажыце – едзе Прэзідэнт!” – Лукашэнка нечакана змяніў план паездкі ў Шклоў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Шклоў вырашыў змяніць план свайго візіту ў гэты горад.

Рабочая паездка Прэзідэнта ў Шклоўскі раён

Першапачаткова чакалася, што кіраўнік дзяржавы пабывае толькі на заводзе газетнай паперы. Аднак, прыбыўшы туды раніцай, ён заявіў, што мае намер наведаць і Шклоўскі масларобны завод, ільнозавод і дрэваапрацоўчае прадпрыемства.

Яго словы сталі нечаканасцю для ўсіх, хто ўдзельнічаў у арганізацыі прэзідэнцкай паездкі, і тым больш для кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў. “Тэрмінова ўсім скажыце – едзе Прэзідэнт!” – то тут, то там гучалі папярэджанні па мабільных тэлефонах. Чыноўнікі ў мітусні спрабавалі раздаць даручэнні, каб наступныя кропкі маршруту хоць неяк былі падрыхтаваны да прыезду першай асобы.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка вывучаў работу папяровага завода, а затым размаўляў з яго калектывам, на малочнай вытворчасці спяшаліся навесці парадак. “Нават не ведаем, чаму Прэзідэнт вырашыў нас наведаць”, – здзіўлена паціскалі там плячамі, але прысутнасць духу не гублялі.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў на масларобны завод пасля паўдня. Тут ён наведаў некалькі цэхаў, азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, а затым перайшоў на размешчаную па суседстве прыватную вытворчасць “Данон Шклоў”.

Аляксандр Лукашэнка даручыў губернатару Магілёўскай вобласці падрабязна вывучыць работу двух гэтых прадпрыемстваў: магчыма, для больш паспяховай работы трэба аб’яднаць іх вытворчыя рэсурсы. “Трэба ўсе фактары звесці і паглядзець, што будзе лепш. Толькі трэба дамовіцца, каб не цялёпкаліся, як некалі гэта было”, – падкрэсліў ён.

Як растлумачыў журналістам губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц, пакуль невядома, пад крылом якога з прадпрыемстваў адбудзецца аб’яднанне. “Мы палічым магчымасці прыватніка, вывучым, што ён гатовы ўкласці. Наша мэта – стварыць самую сучасную вытворчасць, якая магла б канкурыраваць з гатовай прадукцыяй на іншых рынках”, – адзначыў ён.

На льнозаводзе Прэзідэнт увогуле правёў каля дзесяці хвілін, але гэтага часу хапіла, каб нагадаць кіраўніцтву прадпрыемства аб былых даручэннях і агучыць новыя. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць на сыравіну. На яго думку, калі завод не спраўляецца з доўгім ільновалакном, яго трэба аддаць іншым прадпрыемствам краіны, напрыклад Аршанскаму льнокамбінату: там ёсць усе рэсурсы для вытворчасці якаснага прадукту.

Акрамя таго, на шклоўскім ільнозаводзе выйшла са строю частка ліній. Іх неабходна аператыўна аднавіць, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: не хачу быць апошнім прэзідэнтам Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае непарушнасць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву РУП “Завод газетнай паперы” ў Шклове.

“У нас ёсць свая краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Мы сваімі розумам і рукамі, што змаглі, зарабілі, будуем сваю краіну. І мы не можам быць часткай якой-небудзь краіны. Я не магу вам здрадзіць і растварыць Беларусь, няхай нават у нашай брацкай Расіі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“У перагаворах з Прэзідэнтам (Расіі. – Заўвага БЕЛТА) я дакладна і адназначна паўтара-два гады таму сказаў: гэтага ў Беларусі не можа зрабіць ніхто. Нават калі я на гэта пайду, то беларусы мяне з’ядуць на працягу аднаго года пасля прыняцця такога рашэння”, – адзначыў беларускі лідар.

“Што датычыцца мяне асабіста, я ўжо напрацаваўся. Мне ўжо больш улады ці менш не трэба. І ў імя таго, каб прадоўжыць сваё існаванне, атрымаць ключы ад нейкага “склада” ў Расіі, для мяне непрымальна. Я не хачу быць апошнім прэзідэнтам Беларусі. Ганарова быць першым, але апошнім быць не хачу. Я хачу, каб нашы дзеці жылі на гэтым кавалку зямлі ў міры, згодзе. У абдымку з рускім чалавекам, расіянамі. Яны нам не чужыя. Расіяне – гэта нашы людзі. Ад іх, праўда, мала што залежыць цяпер”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“А што датычыцца ўлады, я вам адкрыта сказаў: прэзідэнцкія выбары – вы вырашыце, хто будзе кіраваць краінай. І калі вы мяне не выбераце, я на вас не пакрыўджуся. Гэта будзе ваш выбар. Вы павінны вызначыцца, час сур’ёзны, хто будзе кіраўніком дзяржавы, у якой будуць жыць вашы дзеці. Не пра нас сёння ідзе размова. Сёння размова ідзе пра дзяцей, пра мірную і спакойную краіну”, – рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка аб адносінах з Расіяй: мы не гуляем у гульні, хочам роўных умоў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб зацікаўленасці ў добрых і братэрскіх адносінах з Расіяй, нягледзячы на існуючыя супярэчнасці.

“Вы павінны ведаць: мы не гуляем у нейкія гульні. Мы не хочам залішне напружваць нашага галоўнага саюзніка. Гэта сапраўды наш галоўны саюзнік. Можа, абразумяцца і вернуцца да нармальных адносін. Мы хочам працаваць з імі, але на аднолькавых умовах. Людзі, прадпрыемствы павінны быць у аднолькавых умовах, і краіны павінны быць у аднолькавых умовах”, – сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што гэта не значыць узяць усё, што ёсць у Расіі і Беларусі, скласці і напалам падзяліць.

“Не трэба нам, мы падавімся ад гэтага кавалка. Мы павінны проста існаваць у аднолькавых умовах. І канкурыраваць. І я ўпэўнены, што мы справімся”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што перажываць няма чаго, у Беларусі цудоўныя адносіны са многімі дзяржавамі. Напрыклад, вядуцца пастаўкі вялікай колькасці прадукцыі на кітайскі рынак.

“Мы ўжо сёння асабліва не перажываем, што яны (расійскі бок. – Заўвага БЕЛТА) закрываюць нам рынак па прадуктах харчавання. Прытым нахабна, беспардонна, без прычыны. Каб нахіліць, унізіць. Мы гэтым не адказваем. Але ж мы можам і адказаць. Некалі было, калі яны пачалі нас тарпедаваць. Мы пачалі іх аўтамабілі правяраць пад Смаленскам. І чарга выстраілася на чыгунцы і аўтатранспарту да Крамля. Тады ўбачылі, што гэтак рабіць нельга”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Усякае мы перажывалі. Але гэта нам не трэба. Я гэта гавару сумленна і адкрыта. Нам патрэбны нармальныя сяброўскія, братэрскія адносіны. Калі гэтага старэйшы брат хоча”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па газе кінулі, па нафце прапаноўвалі цану вышэйшую за сусветную – Лукашэнка пра рознагалоссі з Расіяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прычынах цяжкасцей і канфлікту з расійскім бокам у сферы паставак энергарэсурсаў – газу і нафты.

“Нязгода і канфлікт з Расіяй адбыліся з-за таго, што ад нас запатрабавалі за нафту плаціць цану большую, чым сусветная”, – сказаў Прэзідэнт.

Адзін з работнікаў прадпрыемства задаў пытанне аб забеспячэнні энергетычнай бяспекі краіны.

“Мы працуем. Вельмі цяжка, вельмі няпроста. Вы ведаеце, чаму. Тут і палітычны, і эканамічны складнік. Але больш палітыкі. Гэта маё пытанне. Мы разбяромся. Але мы ні перад кім на каленях стаяць не будзем”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што Беларусь ужо на працягу прыкладна пяці гадоў рухаецца да сусветнай цаны на нафту, і растлумачыў, з чым звязаны фактычны канфлікт з Расіяй: “са старым урадам Расіі, які Прэзідэнт Пуцін адправіў у адстаўку”.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб расійскім падатковым манеўры ў нафтавай сферы, у выніку чаго Беларусь страчвае на вывазных мытных пошлінах. “Калісьці мы атрымлівалі нафту, гадоў пяць-шэсць таму, з палавінай мытнай пошліны. Але яны зрабілі манеўр. Узялі гэту палавіну, якую мы атрымлівалі, рэалізуючы нафтапрадукты – свой тавар. Адабраць яе няёмка, і яны зрабілі манеўр – увялі ў сябе падатак на здабычу карысных выкапняў і тым самым узнялі цану на нафту. Паступова па 15-20 працэнтаў падвялі нас да сусветнай цаны. Мы сёння маем 18-20 працэнтаў усяго толькі ад гэтай мытнай пошліны”, – сказаў ён.

“Мы паставілі пытанне: браты, дарагія, старэйшы брат, гэтак жа не робяць. Нельга ж нас за дурняў трымаць. Там гэта ўзялі, у падатак унеслі. Прытым да цэнта, да долара. Ні больш, ні менш, менавіта столькі. І калі мы сталі разбірацца, мне далажылі людзі, якія рыхтавалі гэтыя нарматыўна-прававыя акты, законы, указы, пастановы ўрада, што гэта зроблена спецыяльна. Каб націснуць на Беларусь, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Навошта націснуць, здагадайцеся з трох разоў. Розныя былі тэорыі, заключэнні і іншае. Вы іх чулі. І ўсе яны, напэўна, маюць месца”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю і наконт цаны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. Краіна не просіць нізкай цаны, а настойвае на аднолькавай цане з Расіяй, каб прадпрыемствы маглі канкурыраваць у роўных умовах. “Калі мы ім прадавалі нашу трубу белтрансгазаўскую, была дакладная дамоўленасць – нам паабяцалі, заплаціўшы грошы (невялікія, трэба сказаць, яны ўжо іх адпрацавалі практычна – $5 млрд), выраўняць з Расіяй па цане. Прайшоў час – забылі. Нядаўна я размаўляў з Прэзідэнтам Расіі. Я яму прама сказаў: а я гэта помню. Таму вы ўстанаўлівайце сваю цану на газ, але мы будзем таксама дзейнічаць зыходзячы з уласных інтарэсаў, чаго б нам гэта ні каштавала”, – расказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца нафты, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Пуцін сам узняў гэта пытанне на перагаворах у Піцеры: “кажа: як гэта так, чаму беларусы павінны купляць у нашых кампаній нафту даражэй за сусветную цану”. Прэзідэнт растлумачыў, што да практычна сусветнай цаны на нафту ў Беларусі патрабавалі яшчэ заплаціць прэмію расійскім кампаніям. “І на тоне гэта 15-16$. А памножце на 24 млн т. Гэта вялікія грошы”, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

“Не я ўзняў пытанне. Ён узняў. Прайшоў час, пазіцыя змянілася. Я гавару: як так? А там ужо кіраўнікі кампаній і ва ўрадзе разумныя дзялкі, якія на нафтавай гэтай трубе сядзяць, накруцілі яго: мы (расійскія кампаніі. – Заўвага БЕЛТА) там шмат страчваем. Я гавару: добра, не будзем па тэлефоне абмяркоўваць, скончыш мерапрыемствы – пасланне там і іншае, сустрэнемся і за сталом паглядзім, на што мы можам выйсці і да чаго можам дайсці”, – сказаў Прэзідэнт.

“Што датычыцца газу, нас кінулі – не вывелі нас на роўныя цэны. Што датычыцца нафты: плаціце больш, чым яны прадаюць палякам і немцам. Дзе такое відана?” – абурыўся кіраўнік дзяржавы.

“Чаго біцца (за цану на нафту. – Заўвага БЕЛТА)? Гэта іх тавар, яны прынялі такое рашэнне. У тым ліку і па палітычных матывах, у тым ліку з-за недагавораздольнасці Бацькі Лукашэнкі. Так яны пішуць і “плявузгаюць” цяпер ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Я абсалютна дагавораздольны. Але што гэта за саюз, калі мы пачыналі ў тавараабароце з імі ў плюсе, а сёння мінус $9 млрд. І кожны год нам пагаршаюць становішча”, – заявіў беларускі лідар.

“Яны проста пралічыліся. Яны думалі, што (утрыруючы скажу) дадуць мне ключы ад склада, і я пабягу ў Расію, таксама буду багатым, пушыстым, белым, прыгожым… Не трэба. Я буду працаваць у сваёй краіне, чаго мне гэта ні каштавала б”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Гэта не блеф” – Лукашэнка расказаў аб разліках на альтэрнатыўныя пастаўкі нафты

“Вы ж бачыце, што кожны год перад новым годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты”, – адзначыў беларускі лідар, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву РУП “Завод газетнай паперы” ў Шклове.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным зусім не блефаваў і абмаляваў карціну, як Беларусь будзе дзейнічаць, калі расійскі бок не зменіць сваю пазіцыю.

Адзін з маршрутаў альтэрнатыўнай пастаўкі – праз парты на Балтыцы, і такім чынам ужо закуплена і пастаўляецца партыя нарвежскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут – з Гданьска па адной з нітак нафтаправода “Дружба”, які для гэтага неабходна будзе запусціць у рэверсным рэжыме. “Я Пуціну адкрыта сказаў: на першым этапе, калі мы з палякамі дамовімся, будзем рэверсам пастаўляць па адной з трох труб”, – сказаў Прэзідэнт.

Трэці напрамак, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, таксама ўжо апрабаваны. У прыватнасці, размова ідзе аб пастаўках праз Украіну з Чорнага мора.

“І чацвёрты – гэта Расія. Мы не адмаўляемся ад гэтай нафты. Але такім чынам адбудзецца дыверсіфікацыя паставак. Гэта значыць, мы не з адной краіны, ад манаполіі, будзем атрымліваць нафту”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Мы пачалі тэсціраваць гэтыя маршруты, хочам паглядзець, што атрымаецца. Якія ў нас будуць страты ў параўнанні з цяперашняй цаной расійскай нафты. Гэта не блеф, гэта не тое, што, як яны там кажуць, Лукашэнка стаўкі паднімае перад перагаворамі. Ніякіх ставак. Мы проста глядзім, што мы будзем мець, колькі мы будзем пры гэтым страчваць”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што калі цяпер не вырашыць гэта пытанне, то праз два гады давядзецца наогул шалёнымі тэмпамі гэта рэалізоўваць. “Таму што тады ўжо размовы не будзе нават аб гэтых 18 працэнтах мытнай пошліны, якую яны яшчэ ў нас не забралі, і аб тым, што цана расійскай нафты будзе таннейшая. Таму хочам мы гэтага або не, мы будзем ісці гэтым шляхам. Нам нельга залежаць ад адной краіны, аднаго прадпрыемства. Гэта манапалізм, і ў гэтым наша праблема”, – упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь дамаўляецца з усімі ўдзельнікамі сусветнага рынку: амерыканцамі, Саудаўскай Аравіяй, Эміратамі. “Бліскучыя ў мяне з імі адносіны. Гавораць, колькі трэба, столькі нафты паставім. Вядома, гэта сусветная цана. Але якасць нафты там лепшая”, – дадаў Прэзідэнт.

“Ніякага блефу, ніякага націску. Усё сумленна. Яны захацелі, каб мы плацілі – мы будзем плаціць. Але і мы, ведучы перагаворы па ўсіх напрамках (маё ўказанне ўраду) будзем гаварыць: усё, што каштуе, за гэта трэба плаціць, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Увесь свет жыве па сусветнай цане. Не такая высокая цана нафты сёння, таму трэба да гэтага прывыкаць. Ад гэтага нікуды не дзенемся. Тое, што мы станем больш незалежныя, калі запусцім нашу атамную станцыю, і на чвэрць менш будзем купляць прыроднага газу, гэта таксама фактар нашай бяспекі”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што самыя цяжкія часы краіна перажыла ўжо ў мінулыя гады. “Не хачу сказаць, што ўсё будзе лёгка. Не загінем. Не такія былі часы. Выжывем і цяпер. Мы нацыя гордая, незалежная, мы кожнага трэцяга паклалі на алтар, абараняючы некалі нашу агульную Айчыну, мы некалі бурылі свідравіны, здабывалі нафту і газ у Расійскай Федэрацыі. З усёй краіны вахтавым метадам ляталі туды людзі. Але сёння яны ўжо не нашы. А там цэлыя гарады будавалі беларусы, і я ў гэтых гарадах бываў”.

Лукашэнка даручыў даць зялёнае святло вытворчасці экаўпакоўкі

Заслухаўшы даклады аб рабоце завода газетнай паперы, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выпускаемай тут прадукцыяй. Асабліва яго зацікавіла папяровая ўпакоўка: завод вырабляе яе ў вялікай колькасці і для самых розных мэт. “У сувязі з тым, што я не адступлю ад свайго даручэння па замене пластыку на паперу, трэба даць зялёнае святло вытворчасці ў краіне гэтага ўпаковачнага матэрыялу і пакетаў”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у асобных сферах неабходна наогул забараніць пластыкавую ўпакоўку. Акрамя, вядома, тых, дзе без яе не абысціся. “Дапусцім, ёсць пластыкавыя скрыні для яблыкаў – яны моцныя, даўгавечныя. Ім быць (пакуль, прынамсі)? Быць. І потым – іх жа лёгка перапрацаваць, калі трэба”, – прывёў прыклад Прэзідэнт. Усё астатняе ён запатрабаваў замяніць экалагічнымі матэрыяламі.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць будаўніцтва смеццеперапрацоўчых заводаў: “У вобласці не павінна быць гор і палігонаў са смеццем – гэта ж вялізныя грошы. Трэба перапрацаваць усё смецце. Гэта жалезнае даручэнне. Трэба запісаць яго з тэрмінамі, каб ва ўрадзе ведалі, што нам трэба адысці ад пластыку”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Трамп показал логотип Космических сил США

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика