В огонь, воду и… битум. Ушачские спасатели по итогам года отмечены за спасённые жизни
За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні службовага доўгу пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, 289 супрацоўнікаў МНС вобласці атрымалі заслужаныя ўзнагароды і прэміі, у іх ліку і ўшачане.
Тэлефанаванне пасля 9 гадзін вечара 22 кастрычніка насцярожыла дзяжурную змену пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы. На тым канцы проваду спачатку прагучала кароткае: “Тут чалавек упаў!” Пакуль дыспетчар высвятляў хто, дзе і куды зваліўся, у часці ўжо падымаліся вароты і баявы разлік адпраўляўся на выезд. “Атрымаўшы арыенцір і інфармацыю, што мужчына праваліўся ў бітумнае сховішча ў вёсцы Лутава Сяльцо, зразумелі, што нас чакае нерадавая задача”, – успамінае камандзір аддзялення Андрэй Раманоўскі. Разам з ім на здарэнне выязджалі Аляксандр Бугай, Аляксей Ярмош, Дзмітрый Прашкевіч, Уладзіслаў Бабкін і Іван Аноп. Праз 7 хвілін яны былі на тэрыторыі асфальтабетоннага завода. Аказалася, што 50-гадовы вясковец на веласіпедзе заехаў на шыферны насціл і праваліўся ў бітумны рэзервуар глыбінёй 2 метры. На шчасце, ён не быў запоўнены, а матэрыял аказаўся не гарачым, аднак, у бітумнай пастцы мужчына засеў трывала.
Выратавальная “аперацыя” заняла 10 хвілін, пацярпелы быў перададзены медыкам – пры падзенні ён атрымаў траўмы. “Для нашага новага супрацоўніка І.Анопа гэта наогул быў першы выклік на здарэнне. Існуе традыцыя: падчас першага баявога выезду выратавальнік праходзіць своеасаблівае “хрышчэнне” – яго абліваюць вадой. Дык не ведалі, што і рабіць у такім выпадку! Але гэта дробязі, галоўнае, што ўсё скончылася паспяхова”, – гавораць выратавальнікі. Пісьмы-падзякі ад кіраўніцтва абласнога ўпраўлення МНС за выратаванае жыццё з улікам іншых паказчыкаў у рабоце атрымалі А.Раманоўскі, А.Бугай, Д.Прашкевіч і А.Ярмош.
Сярод тых, хто праявіў сябе ў мінулым годзе ў справе выратавання, і Ігар Бруцкі, якому абавязаны жыццём жыхар Матырына. Мы ўжо расказвалі, як у свой выхадны супрацоўнік МНС не прайшоў міма дома, дзе ўзнік пажар, вывеў мужчыну і прыняўся тушыць узгаранне да прыезду сваіх калег.
На здымку: І.Аноп, А.Ярмош, Д.Прашкевіч, А.Бугай, У.Бабкін, А.Раманоўскі.
Вольга КАМАРКОВА.