Азірнемя ў мінулае і разам пагартаем старонкі раённай газеты за розныя гады…
1969 год
Расце гарадок
У бальнічным гарадку здадзены ў эксплуатацыю новы будынак інфекцыйнага аддзялення. Яго загадчыца, урач Надзея Андрэеўна Скарабагатава прыняла першых пацыентаў. Расце бальнічны гарадок. У будучым годзе закончаць узвядзенне паліклінікі на 250 наведвальнікаў. Будаўнічыя работы выконвае брыгада міжкалгасбуда тав. Хліманкова.
1973 год
Пачуцці засталіся
Родныя і сябры, старэйшыя таварышы прышлі ў клуб калгаса імя Энгельса ўрачыста праводзіць у рады Савецкай Арміі маладога калгасніка Алега Кашаля. Ад працаўнікоў калгаса будучаму воіну ўручылі каштоўны падарунак. Прызыўнік адчуў бацькоўскі і таварыскі клопаты. Добрыя пачуцці аб гэтых провадах застануцца пры ім да сустрэчы.
1975 год
Пераможцы выяўлены
Чэмпіёнам раёна па футболе сёлета стала каманда райвыканкама, уладальнікам прыза асенняга бліц-турніра — футбалісты перасоўнай механізаванай калоны №51. Гаспадарамі кубка райсавета ДССТ “Ураджай” сталі футбалісты калгаса “Іскра”.
1980 год
У новай майстэрні
Намнога лягчэй стала рамантаваць тэхніку ў калгасе “1-е Мая”. У снежні механізатары справілі “наваселле” у новай майстэрні. Тут устаноўлена кран-балка, ёсць таксама і новыя станкі. Галоўнае, што цяпер цёпла і ўтульна праводзіць рамонт сельгастэхнікі. У новай майстэрні высокапрадукцыйна выкарыстоўваюцца механізмы, людскія рэсурсы.
2000 год
Атрымаў званне “Народны”
Вядучы фальклорны калектыў раёна — гурт “Купалінка” Каўшэлеўскага СДК. Гэты калектыў пастаянны ўдзельнік не толькі раённых і абласных мерапрыемстваў, але яшчэ рэспубліканскіх і міжнародных. З юбілейнай праграмай (10 год з моманту ўтварэння) “Купалінка” выступіла на рэгіянальным свяце “Светлы Спас — людзі, для вас!”, які праводзіўся ў сікораўскім садзе. Заключную ацэнку там яму далі спецыялісты абласнога матадычнага цэнтра. Гурт атрымаў званне “Народны”.
1991 год
Фірменны магазін
З дарогі, што вядзе з Глыбокага, у мікрараёне ПМК-51 высіцца шыльда на нямецкай і беларускай мовах. Тут адкрыўся фірменны магазін па продажу белвестаўскага абутку. Запоўнілі паліцы жаночыя, мужчынскія зімовыя і дэмісезонныя боты, жаночыя туфлі. Каб не ствараць чэргаў, для жыхароў сельскіх Саветаў даведзены графік атрымання фірменнага абутку. Кошт абутку вагаецца ад 80 да 140 рублёў.
Стронкі газет гартаў Сяргей РАЙЧОНАК.