Гродзенца, які без ведама жонкі вывез сына ў Расію, узялі пад варту
Вітальд Якімчык з сынам Міхаэлем / Ратавальны атрад "Анёл"
Паліцыя Краснадарскага края Расіі затрымала 44-гадовага Вітальда Якімчыка, які два месяцы вывез сына ў Расію, піша TUT.by са спасылкай на прэс-службу ведамства. Пры гэтым маці хлопчыка не ведала, куды былы муж забраў дзіця.
Пяцігадовы Міхаэль Якімчык знік 28 кастрычніка. Бацька забраў яго з дзіцячага садка і павёз у невядомым напрамку. Бацька, Вітальд Якімчык, быў у разводзе з жонкай, але тая не замінала бацьку бачыцца з сынам. Два месяцы дзіця шукалі міліцыя і валанцёры. Бацька Міхаэля быў абвешчаны ў Беларусі ў вышук, завочна для яго была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Цяпер Вітальда Якімчыка рыхтуюць для экстрадыцыі на радзіму. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Паведамляецца, што знайшлі яго ў адным з гасцявых дамоў на тэрыторыі горада-курорта Анапа. Раней па факце яго знікнення з сынам праваахоўнікі пачалі крымінальную справу.
Некалькі дзён таму Вітальд выйшаў на сувязь з былой жонкай і паведаміў, што неўзабаве сын вернецца да яе. На цяперашні час Міхаэль сапраўды ўжо сустрэўся са сваёй маці.