Тадэвуш Кандрусевіч: Бог прапануе большую перспектыву, чым супермаркет
24.12.2019 13:19
—
Разное
Кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч перад святамі Божага Нараджэння звярнуўся з традыцыйным пасланнем да вернікаў.
Арцыбіскуп звяртае ўвагу, што апошнім часам ўсё часцей праяўляецца тэндэнцыя вонкавай падрыхтоўкі да свята — «вірус спажывальніцтва разбурае наша маральнае жыццё і хрысціянскія традыцыі», і заклікае «не баяцца ў мітусні сучаснага свету і знайсці час для Езуса».
У сваёй прамове Тадэвуш Кандрусевіч звяртае ўвагу на праблемы, з якімі, на ягоны погляд, сутыкаецца сённяшняе грамадства:
— Вірус спажывальніцтва і задавальненняў разбурае наша маральнае жыццё і хрысціянскія традыцыі. Мы не дазваляем Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў нашых душах, і Ён не прысутнічае ў нашым жыцці.
У той жа час Бог прапануе значна большую перспектыву, чым супермаркет, матэрыяльныя каштоўнасці ці задавальненні. А менавіта, вечнасць, да якой нас вядзе Езус, чыё нараджэнне святкуем…
Езус збавіў нас ад граху. Але ці на гэтым Яго заданне завяршылася? У наш час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем.
Арцыбіскуп лічыць, што адна з асноўных праблем — крызіс сям'і.
— Большасць сем’яў знаходзяцца ў разводзе, — адзначаецца ў прамове. — Падмурак нашага грамадства нетрывалы, што не абяцае яму добрай будучыні, бо дзеці застаюцца без належнай апекі і выхавання абодвух бацькоў. Хто іх выхоўвае? Не сям’я, а вуліца і сродкі масавай камунікацыі. У выніку дзеці ізалююцца і становяцца залежнымі ад сучасных тэхналогій і амаральных звычак.
Яшчэ адна праблема, на якую звяртае ўвагу кіраўнік каталіцкай царквы — «завоблачныя лічбы статыстыкі абортаў»:
— Мы павінны шанаваць жывёл і годна ставіцца да іх. Але ці не здзіўляе нас тое, што за забойства сабакі нас могуць пакараць, а забойства дзіцяці ва ўлонні маці дазволена? Сям’я, якая павінна быць «санктуарыем жыцця», ператвараецца ў месца самагенацыду нацыі.
Амаральная сэксуальная адукацыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі прасоўваецца ў навучальныя ўстановы і грамадства. Адкідваецца традыцыйная мадэль сям'і і прапагандуюцца аднаполыя саюзы. Такая і падобная практыка сучаснага жыцця вядзе ў бездань.
Тадэвуш Кандрусевіч заклікае вернікаў бараніць хрысціянскія каштоўнасці:
— Дзякуй Богу, у нас скончыўся час ганенняў на веру. Аднак наступае час ганенняў «у белых пальчатках». Дэмакратычным спосабам прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы, вера спіхваецца на перыферыю жыцця і высмейваецца, адбываюцца акты блюзнерства, прафанацыі і знішчэння рэлігійных сімвалаў. Чыніцца ўсё гэта найчасцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасць без маральнай адказнасці.
Неабходна адчыніць дзверы Хрысту, падкрэслівае Тадэвуш Кандрусевіч, «бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе, як заклікае святы Ян Павел II, якому прысвечаны наступны Пастырскі год у Касцёле на Беларусі».
— Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага! Віншую хрысціянаў, якія разам з намі яго адзначаюць! Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння! Віншую ўсіх людзей добрай волі!