Кожны год хочацца ўпрыгожыць ёлку па-асабліваму.
Для гэтага ў маёй сям’і некалькі правіл: за дзве-тры галінкі не паўтараць колеры і формы цацак, класці больш рознакаляровай мішуры, на верхавіну ўсталёўваць вялікую зорку. Вось, падаецца, і ўсё. Прыгажуня гатовая. Але, як кажуць інтэр’ерны дызайнер Святлана Кміт і дэкаратар Крысціна Каралёва, зараз такія ёлкі дакладна не ўвойдуць у спіс самых стыльных зімовых дрэў.
Не трэба чакаць снежня, каб даведацца пра ёлачную моду сезона. Якімі будуць навагоднія дрэвы ў самых адказных модніц свету, дакладна вядома ўжо ў пачатку бягучага года. Не ведалі? Я таксама здзівілася. Але так і ёсць.
— У студзені кожнага года ў Франкфурце праходзіць сусветная выстаўка прафесіяналаў святочнай індустрыі Сhristmasworld. Менавіта там можна падглядзець, як аформіць наступную ёлку, — раіць Святлана.
— У гэтым сезоне актуальныя спалучэнні шафранава-жоўтага колеру з залатым, шэрым, чорным, белым, — працягвае дызайнер. — Але не трэба вешаць на ёлку ўсё пералічанае. Выберыце адзін акцэнтны яркі колер і дадайце да яго яшчэ два. Гэтага будзе дастаткова. Што датычыцца размяшчэння шароў, цікава глядзіцца спіральнае развешванне. Аднолькавыя па форме або колеры цацкі вывешваюцца па спіралі. Такім чынам атрымліваюцца ярка акрэсленыя межы. Актуальны і кальцавы метад упрыгажэння. Калі мы развешваем унізе вялікія шары, а ўверсе — маленькія. Калі гаварыць пра матэрыял ёлачных цацак, у модзе хэнд-мэйд і экалагічныя матэрыялы. Добра аформіць ёлку драўлянымі шарамі, высушанымі кавалкамі апельсінаў, лімонаў, палачкамі карыцы. Не трэба забывацца і на прыдатныя да ежы ўпрыгажэнні: пернікі, цукеркі, пячэнне і гэтак далей. Савецкія ёлачныя цацкі таксама могуць быць дарэчы. Але аформленая такім чынам ёлка прыгожа глядзіцца ў сукупнасці са скандынаўскім інтэр’ерам кватэры. У астатніх выпадках могуць узнікнуць пытанні. Пры выбары гірлянд-лямпачак лепш надаць увагу аднакаляровым, што свецяцца цёплым жоўтым колерам. Так атрымліваецца атмасфера ўтульнасці. З макушкай я прапаную паэксперыментаваць. Напрыклад, павесіць выразаную фігурку на прышчэпцы або бант са стужкі. Што датычыцца мішуры, яе лепш не выкарыстоўваць. Вельмі складана размясціць на ёлцы, каб глядзелася добра.
Часта кажуць пра нешта традыцыйнае: касцюмы, песні, казкі. Ці ёсць у нас «сваё» ўпрыгажэнне ёлак, характэрнае менавіта для беларусаў?
— Калі мы кажам «традыцыйна аформленае» ў адносінах да навагодняга дрэва, адразу ўяўляецца шмат розных шароў. Не магу канкрэтна назваць іх колеры. У беларусаў некалі дакладна быў «свой» метад афармлення ёлкі. Аднак з-за мноства тавараў з масмаркета вобраз яе размыты. Але традыцыйнае ўпрыгажэнне — гэта сапраўды цікава! Напрыклад, пакласці або павесіць на галінкі лялькі беларускіх міфічных герояў, замест пацерак выкарыстаць арнаментальную стужку. Як можа выглядаць ёлка з мяккімі цацкамі, дэманструем у першым варыянце афармлення. Для яго выбіраем цацкі ў выглядзе анёлаў, эльфаў. Іх Святлана набыла ў сваёй знаёмай. Выглядаюць цікава.
— Цацкі могуць быць разнастайнымі. Зробленымі з розных матэрыялаў, аднолькавымі ці неаднолькавымі па памерах. Вялікія лепей пакінуць для ніжніх галінак, а дробныя — для верхавіны, — рэкамендуе дызайнер.
Другі варыянт — амаль класічная ёлка з рознакаляровымі шарамі, гірляндамі. Але паміж трэцім і чацвёртым радкамі галінак усталявана дзіцячая чыгунка. Выглядае цудоўна!
— Для афармлення навагодняга дрэва трэба прытрымлівацца адной колеравай гамы. Не змешваць неспалучальныя рэчы, — перасцерагае Крысціна.
Трэці варыянт — гэта ёлка-калаж. Яна дапаможа ажыццявіць мары. Заінтрыгаваны?
Ёлка-калаж дапаможа ажыццявіць мары. — Я не толькі займаюся дызайнам, але і выкарыстоўваю псіхалагічныя практыкі. Калаж добра ілюструе нашы жаданні, нагадвае аб іх кожны дзень. Таму часта адбываецца так, што праілюстраваныя такім чынам мары сапраўды здзяйсняюцца, — абгрунтоўвае Святлана.
Дарэчы, такі варыянт каштуе каля сямі рублёў. У разлік бяром клей і прышчэпкі, якія замацуюць абраныя карціны-мэты. На ўсю работу ад выразання патрэбных кампазіцый да ўпрыгажэння ёлкі патрацілі 25 хвілін, не болей. Для афармлення свайго навагодняга дрэўца можна выкарыстаць фотаздымкі за год. Успомніць важныя моманты, якія здарыліся з вамі за гэты час. Атрымаецца ўтульны сямейны куток.
Для тых, хто цэніць прастату і лаканічнасць, таксама існуюць варыянты. Напрыклад, можна ўпрыгожыць маленькае жывое хвойнае дрэўца проста ў вазоне ці спецыяльным кашпо. Або заказаць збітую з драўляных рэек ёлачку — існуе і такая. Усё ў вашых руках. Крэаціўце, і ваша навагодняе дрэўца абавязкова парадуе вока