Мінчанка скрала ў сяброўкі паліто, а потым прыйшла ў ім у госці

minsk.mvd.gov.by
Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Мінска затрымалі мінчанку, якая скрала вопратку ў сваёй знаёмай, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Мінчанка звярнулася ў міліцыю з заявай на сваю 45-гадовую знаёмую. Па словах жанчыны, тая скрала паліто і адмаўляецца аддаваць. Гаспадыня выявіла прапажу вопраткі яшчэ ў красавіку, але не надала гэтаму значэння. Праз паўгода да яе ў госці прыйшла сяброўка, апранутая ў яе паліто.
Заяўніца адразу пазнала сваю вопратку і выклікала міліцыю. Аднак сяброўка настойвала на тым, што паліто купіла сама. Спрпву вырашыла дэталь, пра якую заявіла гаспадыня вопраткі: з унутранага боку паліто падшэўка была зашытая чырвонымі ніткамі.
Паліто вярнулі законнай уладальніцы. А матэрыялы на яе сяброўку, якая раней ужо прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, перадалі ў Следчы камітэт.