Сёння далёка не кожны раённы цэнтр можа пахваліцца сучаснай стаматалагічнай паліклінікай, а вось Докшыцам у гэты плане пашчасціла. Двухпавярховы будынак з сучасным абсталяваннем вабіць пацыентаў нават з іншых раёнаў вобласці.
Сёлета калектыў стаматалагічнага аддзялення ЦРБ, якім шмат гадоў загадвае прафесіянал высокага класа Людміла Падгайская, папоўніўся маладым спецыялістам Дзянісам Крукоўскім, які пасля заканчэння медуніверсітэта, дарэчы, мог застацца ў сталіцы, але вырашыў вярнуцца ў родныя Докшыцы.
– Тое, што стаматалогія – гэта маё, зразумеў на трэцім курсе вучобы, – гаворыць Дзяніс. – Ужо тады пачаў практыкавацца. Першай пацыенткай была стрыечная сястра. Дарэчы, пломба, якую зрабіў ёй, і зараз надзейна трымаецца.
Дзяніс лічыць, што ў любой прафесіі трэба імкнуцца да ідэалу. Таму веды набываў не толькі ва ўніверсітэце, яшчэ цікавіўся вэбінарамі – практычнымі курсамі і семінарамі з удзелам доктараў, якія выкладалі лекцыі па інтэрнэце. Дарэчы, з іх даведаўся для сябе шмат новага, цікавага, а галоўнае карыснага – тое, што мае магчымасць прымяняць зараз.
Малады стаматолаг лечыць “усмешкі” людзей на платнай аснове. Часам можа трымаць пацыента ў крэсле да дзвюх гадзін. Не здзіўляйцеся, што так шмат, пераконвае доктар і дадае: лячыць зубы – справа ювелірная, янане церпіць спешкі.
На бюджэтным прыёме ў сярэднім на аднаго пацыента адводзіцца да 20 хвілін. У платнай жа стаматалогіі крыху па-іншаму: урач больш вольны ў сваіх дзеяннях, а час – рэч адносная. Усё залежыць ад стану зуба і ад таго, што канктрэтна хоча пацыент. Дзяніс гаворыць, што вынік павінен быць адзіны – якасны. Калі пацыент прыходзіць да аднаго і таго ж доктара яшчэ раз, значыць, папярэднім наведваннем стаматолага ён застаўся задаволены.
Пытаемся, ці ёсць, акрамя лячэння зубоў, напрыклад, такая паслуга, як іх адбельванне, і просім развеяць міф пра тое, што яно шкоднае.
– Пакуль такая паслуга не аказваецца, – гаворыць доктар. – Магчыма, у перспектыве яна і з’явіцца, але рабіць яе павінны ўрачы-артапеды. Магу пераканаць, што адбельванне – працэс нескладаны і разам з тым бясшкодны. Эфекту белых зубоў можна дасягнуць двума спосабамі. Адзін з іх, больш ашчадны, – растварыць фарбавальнікі, якія ўтрымліваюцца ў эмалі, з дапамогай спецыяльных сродкаў.
На пытанне, ці магчыма захаваць зубы да старасці, доктар упэўнена адказвае: прыгожыя зубы – гэта не толькі дар прыроды, але і вынік сістэматычнага догляду за імі. Каб іх захаваць як мага далей, трэба адмовіцца ад шкодных звычак, паўнацэнна харчавацца, сачыць за гігіенай поласці рота і своечасова звяртацца да ўрача-
стаматолага.
Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.