Лукашэнка аб задачах беларускай медыцыны

Источник материала:  
16.12.2019 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У час наведвання ВНУ кіраўніку дзяржавы далажылі аб асноўных напрамках у галіне кадравай палітыкі і медыцынскай адукацыі, стане, праблемах і перспектывах развіцця ўніверсітэта, яго ролі ў падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў.

Асноўны час быў удзелены размове са студэнтамі і выкладчыкамі. Мерапрыемства трансліравалася ў аўдыторыі і ВНУ краіны, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку медыцынскіх кадраў. Гэта, у прыватнасці, медыцынскія ўніверсітэты ў Віцебску, Гомелі і Гродне.

Лукашэнка аб задачах беларускай медыцыны

Лукашэнка назваў важнейшую задачу беларускай медыцыны

Перад беларускай медыцынай стаіць важнейшая задача – павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця грамадзян. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў.

“Перад айчыннай медыцынай стаіць важнейшая задача – павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця нашых грамадзян. Такі адзін з асноўных прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі дзяржавы”, – заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія гады беларуская ахова здароўя дасягнула значных поспехаў у распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, ствараюцца новыя лекавыя прэпараты. “За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць канкрэтныя людзі. Найбольш каштоўны і значны рэсурс усёй сістэмы – медыцынскія кадры”, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што падрыхтоўка высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў – першая з важнейшых задач айчыннай аховы здароўя.

“Каб вывучыць добрага ўрача, патрэбны гады карпатлівай працы, а таксама велізарны фінансавы рэсурс і вялікая прафесарска-выкладчыцкая работа. Ды і ў далейшым у медыцыне кожны спецыяліст вучыцца авалодваць новымі навыкамі ўсё жыццё. Таму вельмі важна забяспечыць кансультаванне і падтрымку моладзі не толькі пры выбары спецыяльнасці, але і ў час станаўлення ў прафесіі”, – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што многія школьнікі ідуць у ВНУ за кампанію з сябрамі або па парадзе бацькоў, але пры гэтым беларускія медыцынскія ўніверсітэты выбіраюць найбольш моцныя абітурыенты. “Прахадныя балы тут штогод адны з самых высокіх у краіне. Канкурэнцыя велізарная. Таму можна з упэўненасцю сказаць: паступаюць сюды лепшыя. Гэта правільна. Выпадковых людзей сярод медыкаў быць не павінна. Як бы ні было цяжка ў вучобе, працы, гэта – прызванне”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў забяспечыць жыллём урачоў і работнікаў сацыяльнай сферы

Прэзідэнт адзначыў, што аналіз сітуацыі ў такіх сферах, як адукацыя, ахова здароўя, спорт, паказаў заклапочанасць людзей жыллёвым пытаннем. “Галоўнае – гэта жыллё. Калі будзе жыллё, назаўсёды знікне праблема з адтокам кадраў”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці пазітыўнага прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў пабудаваныя для ўрачоў дамы ў Бараўлянах, дзе нядаўна пабываў і сам Прэзідэнт. “Мы нібыта намацалі той шлях, па якім можна ісці. Гэта цудоўныя дамы, асабліва для маладых людзей з вышэйшай адукацыяй, там можна жыць і да 40 гадоў”, – сказаў ён.

“Жалезабетонна трэба давесці заданне на пару-тройку гадоў і пабудаваць такія дамы, – запатрабаваў ён. – Гэта для нас амаль нічога не каштуе”.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што вырашэнне жыллёвага пытання дасць магчымасць утрымліваць кадры на месцах.

Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў адсутнасць сур’ёзнай праблемы з адтокам урачэбных кадраў з краіны. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, з пачатку гэтага года з Беларусі выехалі для работы за мяжой амаль 200 урачоў, прыехалі назад – 20 чалавек. У 2018 годзе іх было 158 і 40 адпаведна.

Многія з тых, хто прыехаў, – гэта якраз тыя, хто паспрабаваў працаваць за мяжой і вярнуўся назад. “Добра тое, што хутка астудзілі галовы некаторых візіцёраў, якія хочуць туды (за мяжу) паехаць і шмат зарабіць. Цяпер – у Польшчу, Літву, таму што адзіная эканамічная прастора, Еўрасаюз… З Польшчы і Літвы хлынулі людзі кудысьці зарабляць грошы. У іх утварыўся вялікі дэфіцыт. І некаторыя нашы – 100 чалавек там –  ірванулі туды. Ну і што? У Літве яны што новага ўбачылі? Псіхалагічны фактар (спрацоўвае. – Заўвага БЕЛТА), што людзі там пабывалі і вярнуліся сюды і гавораць нашым: “Ну, давайце, паедзьце, паспрабуйце”. Гэта іх астудзіла”.

Як далажыў Прэзідэнту міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, добрым стымулам для ўрачоў і для замацавання кадраў на месцах стане павышэнне зарплаты: яна па даручэнні кіраўніка дзяржавы павінна павялічыцца на 20% у 2020 годзе і ў 2 разы ў 2025 годзе. “Мы крыху народ разбалавалі, – адказаў на гэта кіраўнік дзяржавы. – Трэба ўпірацца, як на Захадзе, там круглыя суткі ўрач працуе. Урач агульнай практыкі – ён белага свету не бачыць, і ніхто не адмаўляецца”.

Прэзідэнту было падрабязна даложана аб сістэме медыцынскай адукацыі, міжнароднай дзейнасці і экспарце адукацыйных паслуг медыцынскіх ВНУ, іх лячэбнай, вучэбнай і навуковай дзейнасці.

У медыцынскіх універсітэтах краіны навучаюцца больш за 15,2 тыс. беларускіх студэнтаў, з якіх больш за 63% атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў. Па выніках размеркавання ў 2019 годзе працаўладкаваны 100% выпускнікоў бюджэтнай формы падрыхтоўкі. Пры гэтым колькасць тых, хто пакрывае ў бюджэт сродкі, затрачаныя на навучанне, з году ў год змяншаецца: з 72 чалавек у 2016 годзе да 27 у 2018 годзе. Замацаванасць кадраў на першым рабочым месцы перавышае 83%.

Замежных студэнтаў у медуніверсітэтах – каля 4,3 тыс. чалавек, або больш за 28% агульнай колькасці. Толькі ў БДМУ за апошнія тры гады іх прыём павялічыўся амаль у 6 разоў і склаў у сярэднім 400-450 чалавек. Экспарт адукацыйных паслуг за апошнія 10 гадоў у ВНУ вырас з $1,5 млн у 2009 годзе да амаль $10 млн у 2019-м.

Лукашэнка адказаў на пытанне пра дэфіцыт медыкаў у Беларусі і расказаў, як рыхтаваць спецыялістаў

“Я неаднаразова чую пытанне пра дэфіцыт медыцынскіх кадраў у краіне. У свой час, пры іх празмернай колькасці, практычна на трэць былі скарочаны наборы ў медыцынскія ўніверсітэты. Адпаведна зменшыліся і выпускі. Сёння набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны працэнт паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але і ў далейшым, падкрэсліў Прэзідэнт, профільным міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці месцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць рашэнне з улікам патрэбнасці і перспектыўнага плана развіцця кожнага рэгіёна. “І не забываць пра іншаземных грамадзян, яны хочуць у нас навучацца, – дадаў ён. – Іх дзяржавы плацяць вялізныя грошы за вучобу ў нас”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма медыцынскай адукацыі, што склалася ў Беларусі, – гэта сплаў багатых традыцый, навуковай асновы і вялізнага практычнага вопыту.

Індывідуальны падыход да кожнага студэнта, высокі ўзровень выкладання, у тым ліку на замежных мовах, забяспечваюць дастойны міжнародны рэйтынг айчынных медыцынскіх універсітэтаў. Сёння ў гэтых ВНУ навучаюцца больш за 20 тыс. студэнтаў, з іх больш за 4 тыс. – грамадзяне з 71 краіны свету. “Аб’ём экспарту адукацыйных паслуг сістэмы Міністэрства аховы здароўя з году ў год расце і цяпер складае трэць ад усіх адукацыйных паслуг па краіне, – звярнуў увагу Прэзідэнт. – Аднак мы не павінны самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах. Трэба развівацца”.

Адной з асноўных праблем, пра якую гавораць і выпускнікі-медыкі, кіраўнік дзяржавы назваў высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і недастатковае валоданне практычнымі навыкамі будучай прафесіі.

“Я глыбока перакананы: каб падрыхтаваць дасведчанага ўрача-спецыяліста, неабходна камбінаваць класічныя выкладчыцкія методыкі і перадавыя тэхналогіі навучання”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за апошнія гады праведзена мадэрнізацыя сістэмы медыцынскай адукацыі. Створана сістэма практыка-арыентаванага навучання. “Мы асвоілі новыя адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі: электронны журнал, які дае магчымасць выкладчыку і бацькам кантраляваць работу студэнта, сучасныя імітатары пацыентаў, камп’ютарныя праграмы і трэнажоры, з дапамогай якіх можна адпрацаваць неабходныя ўрачу навыкі, – і ўсё гэта без рызыкі для жыцця канкрэтнага хворага. Такія трэнажоры-сімулятары дапамагаюць не толькі студэнтам, але і маладым практыкуючым спецыялістам хутчэй павысіць кваліфікацыю”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Таму цэнтры практычнага навучання павінны і далей аснашчацца перадавым абсталяваннем, і ў цэлым матэрыяльная база медыцынскіх ВНУ павінна быць добрая і самая сучасная, дадаў ён.

“Я неаднаразова гаварыў аб неабходнасці інтэграцыі адукацыі, навукі і практычнай дзейнасці. За мяжой гэта праблема вырашана стварэннем універсітэцкіх клінік. Іх высокую эфектыўнасць пацвярджае вопыт многіх заходнееўрапейскіх дзяржаў”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пілотны праект па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. “Мы разлічваем, што стварэнне новага фармату кааперацыі медыцынскай практыкі і адукацыі дапаможа забяспечыць больш актыўны ўдзел практыкуючых урачоў у адукацыйным працэсе і эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял выкладчыкаў універсітэта, – сказаў Прэзідэнт. – Тут пераважаюць выкладчыкі. Я разумею, што яны ў нас свяцілы, разумныя, і нават я звяртаюся за прапановамі з іх боку і парадай. Але вы разумеце вартасць практыкуючага ўрача, які аглядае чалавека кожны дзень. А выкладчык, які пастаянна тут перад вамі выступае, ён, можа, крыху ад гэтага адхілены. Інакш кажучы, перавагі і недахопы ў практыкуючага ўрача, тое ж самае – у выкладчыка. Аб’яднаўшы гэта, студэнт атрымае тое, што трэба”.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што першы вопыт павінен даць магчымасць айчыннай медыцынскай адукацыі не толькі пашырыць магчымасці навучальнага працэсу, але і аб’яднаць матэрыяльныя, кадравыя і навуковыя рэсурсы. Гэта правільны шлях да павышэння выніковасці і якасці меддапамогі жыхарам усёй краіны.

Лукашэнка пракаменціраваў адток медыкаў і растлумачыў, чаму СМІ мусіруюць гэта пытанне

“Ужо занадта цяпер раскручваецца праблема адтоку кадраў. Але вы ж не бачыце, што пад гэтым вялікая палітыка. Куды едуць у асноўным? У Польшчу і Літву. І цяпер мусіруецца гэта пытанне перш за ўсё ў апазіцыйных сродках масавай інфармацыі – яны ў Польшчы і Літве ўсе сядзяць. Чаму? Каб вас прыцягнуць туды. Шэнген, адзіная прастора – з Літвы і Польшчы ўрачы рванулі ў Германію, Францыю, Вялікабрытанію зарабіць грошай. І там сёння бяда. Вось яны і бударажаць наша грамадства, каб падштурхнуць вас да выезду”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе з Беларусі выехалі амаль 150 урачоў. “Але я міністру кажу: не перажывай. Важна тое, што, пабываўшы там і прыязджаючы сюды ў водпуск, яны хутка вас на месца паставяць і раскажуць, як там трэба працаваць”, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Я вас не агітую не выязджаць – з’ездзіце. Невялікае шчасце будзе ў вас там, і няшмат страціць дзяржава”, – заўважыў Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што сярод беларускіх медыкаў, якія пакідаюць краіну, ёсць высакакласныя спецыялісты. “Вось гэта больш небяспечна. Але, улічваючы, што, атрымаўшы вопыт там, вы вернецеся дадому (а такіх вельмі шмат), гэта добра. Яны там навучыліся новым тэхналогіям, якіх няма ў нас, і вярнуліся”, – дадаў ён.

“За такімі медыкамі будучыня” – Лукашэнка выступіў за павышэнне прэстыжу ўрача агульнай практыкі

“Неабходна павышаць прэстыж урача агульнай практыкі. Навучыць яго ўсім метадам аказання спецыялізаванай дапамогі пры простай паталогіі. Любы пацыент будзе задаволены, калі яго ўрач зможа сам выканаць неабходнае дыягнастычнае даследаванне і своечасова назначыць правільнае лячэнне. За такімі медыкамі будучыня”, – лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў краіне ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход да пашырэння пераліку медыцынскіх паслуг у горадзе і ў вёсцы. Цяпер у амбулаторна-паліклінічных арганізацыях Беларусі працуюць больш за 3,5 тыс. урачоў агульнай практыкі – тэрапеўтаў, якія прайшлі паглыбленае навучанне.

“Але мяне непакоіць насцярожанае меркаванне насельніцтва аб кампетэнцыі гэтых спецыялістаў. Думаю, гэта пройдзе. Нашы людзі проста прывыклі, што ў кожнай вёсцы павінны быць усе вузкія спецыяльнасці. Але ці патрэбна гэта. Не, самыя багатыя краіны пайшлі па шляху ўрачоў агульнай практыкі або сямейнага ўрача. І гэта правільна, – лічыць кіраўнік дзяржавы. – У гэтым напрамку мы будзем рухацца. А тое, што людзі гэтага не разумеюць яшчэ, гэта перажыткі нашай ранейшай сістэмы. Насцярожанасць гэту мы здымем”.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ў Еўропе і ЗША менавіта з урачом агульнай практыкі, ці так званым сямейным доктарам, насельніцтва ўзаемадзейнічае часцей за ўсё, прычым з пакалення ў пакаленне.

Лукашэнка: я прыхільнік страхавой медыцыны, але для гэтага даходы людзей павінны быць вышэйшыя

“Я прыхільнік таго, каб развіваць страхавую медыцыну. Але адразу нельга: трэба, каб людзі былі да гэтага гатовы”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што спачатку трэба павялічыць даходы грамадзян у два разы. “Ці дазволіць гэта зрабіць эканоміка? Таму страхавая медыцына добра: скінуў на людзей і бывай здароў. Але трэба разумець наступствы, мы іх падлічвалі. На гэтым этапе мы дамовіліся: вось бясплатная, вось платная, вось страхавая медыцына”, – адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што паступова ў краіне возьмуць курс на развіццё медыцынскага страхавання. “Але не адразу”, – падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Беларусі выказаўся наконт недахопу вузкаспецыялізаваных урачоў у невялікіх раёнах

“Вырашэнне праблемы – у развіцці сеткі міжрэгіянальных цэнтраў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі і цэнтраў калектыўнага карыстання высокатэхналагічным абсталяваннем (па прыкладзе Баранавіцкага, Аршанскага, Бабруйскага, Салігорскага і Астравецкага раёнаў)”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў краіне актыўна выкарыстоўваюцца розныя тэхналогіі тэлемедыцынскага кансультавання. Асноўная роля ў ім адводзіцца прафесарска-выкладчыцкаму складу медыцынскіх універсітэтаў і высокакваліфікаваным спецыялістам РНПЦ. Цяпер 251 установа аховы здароўя прымяняе гэты від кансультацый, іх праведзена больш за 9 тыс.

“Гэта дае магчымасць павысіць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву незалежна ад месца пражывання, а таксама знізіць фінансавыя і часавыя затраты ўстаноў аховы здароўя і пацыентаў”, – дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі лічыць дачасным уводзіць практыку ліцэнзавання або абавязковай акрэдытацыі ўрачоў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў медыцынскіх колах часта ўзнімаецца пытанне, ці будуць у Беларусі ўводзіць сусветную практыку ліцэнзавання кожнага ўрача або ўкараняць вопыт Расіі па абавязковай акрэдытацыі. “Сёння ўвядзенне ў краіне такіх форм ацэнкі ўзроўню кампетэнтнасці ўрачоў дачаснае. Расійскі вопыт акрэдытацыі медработнікаў пакуль не даказаў сваёй эфектыўнасці”, – лічыць ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным перагледзець дзеючую ў краіне сістэму павышэння кваліфікацыі ўрачоў і прыняць меры па яе ўдасканаленні. Таксама трэба матываваць урачоў на павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі.

“Ніхто не будзе крыўдзіць людзей” – Лукашэнка расказаў, што будзе з зарплатай бюджэтнікаў у новым годзе

У час сустрэчы да кіраўніка дзяржавы звярнуўся доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры артапедычнай стаматалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, прафесар Сямён Навумовіч. Выкладчык удакладніў, як зменіцца сістэма аплаты працы ў бюджэтнай сферы з новага года. “Калегі, і я ў тым ліку, хвалююцца, як гэта рэформа паўплывае на ўзровень нашай заработнай платы: у большы або меншы бок”, – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: зарплата і ў педагогаў, і ва ўрачоў будзе расці. Ён растлумачыў, што скарочана колькасць дзеючых выплат (цяпер іх больш за 50): яны аб’яднаны ў новыя найменні з адначасовым аб’яднаннем іх памераў у грашовым эквіваленце. Гэта значыць, заработная плата ў работнікаў не стане меншай з-за аптымізацыі колькасці розных даплат.

“Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў няўжо можа дзеючы Прэзідэнт сабе дазволіць змяншаць заработную плату для тых, на каго ён у асноўным абапіраецца? Гэта выкладчыкі, настаўнікі, урачы – бюджэтнікі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Умова галоўная: ні ў якім разе рэфармаванне, мадэрнізацыя сістэмы выплаты заработнай платы бюджэтнікам не павінны зменшыць гэту зарплату”.

Прэзідэнт прывёў разлікі: заработная плата ўрача агульнай практыкі сёння складае Br950-1470, у новых умовах яна складзе Br970-1510. “Гэта без павышэння. Проста зыходзячы з таго, што мы зменім саму сістэму”, – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў наступным годзе зарплаты ўрачоў павінны вырасці на 20 працэнтаў, а да 2025 года яны павысяцца ў два разы.

“Калі толькі пры гэтай нагрузцы, што вы маеце, вы атрымаеце на рубель менш, я вас прашу: паведаміце мне. Я тады разбяруся з усімі, хто ўносіў гэтыя прапановы”, – паабяцаў кіраўнік дзяржавы.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Вячеслав Толкачев: не верю тем, кто падает после финиша

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика