“Зорачкі-зярняткі прараслі ў нябёсах”

Источник материала:  
12.12.2019 — Разное
“Зорачкі-зярняткі прараслі ў нябёсах”

Прапануем вам часцей знаёміцца з творчасцю маладых паэтаў Беларусі.  Пакуль што іх творы не ўваходзяць у школьную праграму, але праз вершы можна пачуць таленавітыя душы.

Мне, напрыклад, падабаецца паэзія Дар’і Дарошка. Яна з’яўляецца аўтарам кніг “Не наступайце птушцы на крыло”, “У пачатку”, “Маяк”, “Альтанка”. Лаурэат шматлікіх паэтычных і песенных конкурсаў. Нарадзілася ў 1977 годзе ў Гомелі. Жыве таксама ў Гомелі.

Верш “Цуд”, “Патрэбы” і “Баязліва вужака жыве ў кожным сэрцы” быццам пра тыя пачуцці, якія перажывае чалавек напярэдадні  свята Божага Нараджэння.

Цуд

Зорачкі-зярняткі прараслі ў нябёсах

І Птушыным шляхам расквітнелі ў цемры.

Срэбраным вяночкам патанулі ў росах

І ўпляліся ў косы Любы, Надзі, Веры.

Казачнае проса, зорачкі-зярняткі

Светлых сноў Любові, Веры і Надзеі,

Хтосьці сонны сее ды пячэ аладкі,

Каб пачаўся ранак з добрае падзеі.

 

Патрэбы

Анічога мне не трэба,

Акрамя ў карунках неба,

Мною ж купленага хлеба,

Водару зімовых дзён.

Так, амаль што анічога –

Бегла б да цябе дарога,

Бегла б да мяне дарога,

Аж клаксоны ва ўнісон!

Анічога нам не трэба,

Толькі б ласцілася неба

Да жывой вясновай глебы,

Як яна і ён.

 

Баязліва вужака жыве ў кожным сэрцы

Баязліва вужака жыве ў кожным сэрцы,

На патэльні сумлення і хлусіць, і скача.

Спадзяецца адвеку, што сонца паверыць;

Што свядомасць махлярства і штучнасць не ўбачыць;

Не заўважыць ягоных крыўлянняў прастора…

Недарэчныя мары, пустая надзея!

Бо імкнецца сумленнае сэрца да зорак!

Бо вядзе пуцяводная нітка Тэзея.

І. Халява.

←Этому тренеру не везет на договорняки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика