Жёсткие разборки и кражи. Хроника происшествий в Ушачском районе
Жорсткія разборкі
Свой візіт ва Ушачы раней судзімы жыхар Калінкавіч 1997 года нараджэння запомніць надоўга. Неяк увечары ў кафэ “Бераг” паміж ім і ўшачанінам разгарэлася спрэчка. Узмацніць свае пазіцыі госць вырашыў з дапамогай шкляной бутэлькі, з якой кінуўся на свайго апанента. З цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі апошні дастаўлены ў бальніцу. На гэтым “прыгоды” мужчыны не скончыліся. Ужо на вуліцы яму чамусьці не спадабаўся яшчэ адзін ушачанін, якога ён моцна ўдарыў кулаком у твар. Па абодвух эпізодах узбуджаны крымінальныя справы.
“Бескультур’е” ля цэнтра культуры
Без бачнай на тое прычыны кінуўся з кулакамі на свайго знаёмага ўшачанін 2000 года нараджэння. Справа адбывалася каля 21 гадзіны вечара ля будынка раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У выніку разборкі зарабіў сабе крымінальную справу па факце хуліганства.
Не па-суседску
Беспрацоўная жыхарка вёскі Завячэлле 1965 года нараджэння ўжо мела праблемы з законам, калі напачатку лістапада выкрала з дома пажылой аднавяскоўкі кашалёк, у якім знаходзілася 40 рублёў. Пранікла ў памяшканне жанчына праз выстаўленую аконную раму. Вось толькі вынік “аперацыі” яе не парадаваў: выкрадальніцы пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
* * *
Падобнае злачынства адбылося ў вёсцы Матырына. Беспрацоўны мясцовы жыхар 1965 года нараджэння сярод белага дня зайшоў у дом па суседстве, дзе правёў “рэвізію”. Падчас яе і знайшоў заначку гаспадара – 310 рублёў.
Гэта ім не задавалі
Жыхарка Лепеля ў вёсцы Касары Ушацкага раёна пазбавілася маёмасці на суму 118 рублёў. З яе “Опель-Астры”, прыпаркаванай у двары дома, злодзеі “прыбралі” пашпарт і сумку з 40 рублямі і банкаўскай карткай. Устаноўлена, што крадзеж ажыццявілі жыхары Лепеля 2001 і 2002 гадоў нараджэння. Невядома, ці атрымаецца зараз студэнтам каледжа скончыць вучобу: ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.