Пра што пісала раённая газета ў розныя гады? Старонкі летапісу гартаем разам
На ўборцы азімых (1946 год)
З кожным днём шырыцца фронт уборачных работ. Першымі ў раёне выйшлі на ўборку ўраджая сяляне Полаўскага сельсовета. Сяляне вёскі Алашкі Малыя і Вялікія заканчваюць уборку азімых. Закончылі ўборку азімых сяляне гэтых вёсак Г. Зарэцкі, І. Лысёнак, Н. Лысёнак і рад іншых. Масавую ўборку ўраджаю пачалі сяляне вёсак Грыблы, Слабада, Жукоўшчына.
78 пудоў звыш плана (1947 год)
Вёска Дубнічкі Куштальскага сельсовета, дзе ўпаўнаважаным працуе тав. Бабчонак, адна з першых у сельсовеце выканала план абавязковай здачы хлеба. На дзяржаўныя склады Заготзярно сяляне вёскі звыш плана завезлі 78 пудоў хлеба. Цяпер яны прыступілі да здачы бульбы. План абавязковых паставак бульбы яны рашылі закончыць да першага кастрычніка.
Слова калгаснікаў (1951 год)
З вялікім задавальненнем сустрэлі пастанову Совецкага ўрада аб выпуску новай пазыкі хлебаробы сельгасарцелі “1-е Мая” Слабодскага сельсовета. Старшыня калгаса тав. Панкратаў сказаў:
— Хлебаробы нашай сельгасарцелі дадуць дзяржаве ў пазыку свае зберажэнні. Гэтым самым мы ўнясём наш маленькі ўклад у справу хутчэйшага ўзвядзення сталінскіх будоўляў комунізма.
Да стала адзін за другім падыходзілі калгаснікі і афармлялі падпіску. Да зыходу дня ўсе калгаснікі былі ахоплены падпіскай на новую Дзяржаўную пазыку.
Поспехі механізатараў (1952 год)
Выдатнымі поспехамі сустракаюць свята вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў механізатары Германавіцкай МТС. У сацыялістычным спаборніцтве пяршынство трымае брыгада № 5, кіруе якой Даніл Баткоўскі. Гадавы план трактарных работ члены брыгады выканалі на 51 працэнт. Другое месца займае брыгада, якую ўзначальвае Юзэфа Рэдзька. Дзяўчаты-механізатары таксама выканалі план на 51 працэнт. У індывідуальным спаборніцтве лідзіруе Браніслава Врублеўская з напарніцай Ядзей Навіцкай. Добрых поспехаў дабіліся трактарысты Александр Зінкевіч, Удобкін і другія.
Першыя мелодыі (1969 год)
У Шаркаўшчыне адкрылася дзіцячая музычная школа. У ёй займаюцца 60 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта дзеці рабочых, служачых гарадскога пасёлка, калгаснікаў навакольных вёсак. Будучыя музыканты робяць першыя крокі ў авалоданні музыкай. Яны вучаць музычную грамату, бяруць першыя акорды на баяне і фартэпіяна.
У дружбе з песняй (1975 год)
Аляксандр Хрол — электрык саўгаса “Гарадзец”. У вольны час прыходзіць у Лужкаўскі сельскі клуб. З задавальненнем удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці. Гледачы заўсёды цёпла сустракаюць яго выступленні. Сапраўдны поспех прыйшоў да выканаўца, калі ён уключыў у сваю праграму ваенна-патрыятычныя песні. На мінулым тыдні Аляксандр Хрол прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе на лепшае выкананне ваенна-патрыятычнай песні.
І зноў дапамагаюць авіятары (1980 год)
Рана ажыўляецца ўзлётна-пасадачная паласа саўгаса “Шаркаўшчынскі”. Ужо ў восьмай гадзіне пачынаюць работу лётчыкі сельскагаспадарчай авіяцыі. У гэтыя дні яны падкармліваюць азімыя ў калгасах “Шлях Леніна”, імя Гагарына, “Беларусь”, імя Энгельса, саўгасе імя Маркава. Пілоты робяць у дзень па 25-30 вылетаў. Па заканчэнні падкормкі азімых самалётамі будуць уносіцца мінеральныя ўгнаенні пад яравыя культуры. Як і вясной, зноў дапамагаюць хлебаробам авіятары.
Праз гады, назаўжды! (1984 год)
Напярэдадні знакавага свята — 40-годдзя вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкмх захопнікаў — у вёсцы Іёды ўрачыста адкрылі абеліск памяці воінам і партызанам-землякам, загінуўшым за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На мітынгу прысутнічалі другі сакратар райкама кампартыі М. М. Марозаў, старшыня калгаса “1-е Мая” В. А. Мядзелец, ветэраны Валікай Айчыннай вайны, настаўнікі і вучні мясцовай сярэдняй школы, жыхары вёскі.
Знайсці сябе (1989 год)
— Калгас “Маяк” — мой родны калгас, піша Валерый Александровіч, — тут я нарадзіўся, адсюль пайшоў у армію, адслужыўшы, вярнуўся ў родныя мясціны. Кіраўніцтва калгаса даверыла мне новы аўтамабіль “ЗіЛ”. Кажуць, што ў вёсцы жыць нецікава. Але сёння аблічча вёскі мяняецца да лепшага. У калгасе з’явілася маладзёжнае кафэ з відэасалонам. Акрамя асноўнай работы я працую і там, дэманструю відэафільмы. З відэапраграмамі мы выязджаем у суседнія калгасы і там нас вельмі чакаюць. Мы — гэта калгасныя камсамольцы, моладзь, мае сябры.
Школа — для дзяцей (1998 год)
327 вучняў з 14-ці школ раёна вывучаюць шэраг прадметаў на паглыбленым і павышаным узроўнях; 250 вучняў займаюцца ў профільных класах. У мінулым навучальным годзе 26 ліцэістаў сталі прызёрамі раённай алімпіяды. 76 працэнтаў выпускнікоў ліцэйскіх класаў закончылі навучальны год на “4” і “5”, 51 працэнт — паступілі ў ВНУ, трое з іх па выніках алімпіяд, праводзімых ВНУ, былі залічаны кандыдатамі ў студэнты яшчэ ў сярэдзіне навучальнага года. У школах і на базе дзіцячых садоў з 1 верасня адкрылася 35 падрыхтоўчых класаў, у якіх займаюцца больш за 300 вучняў. 20 школьнікаў 1 класа навучаюцца па новай праграме “Першы крок”. 37 педагогаў прайшлі курсавую перападрыхтоўку.
Жывёлу — на выставу (1999 год)
Памятаюцца часы, калі ў Маскву ездзілі на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. А нядаўна ў Віцебску праводзілася выстаўка дасягненняў сельскай гаспадаркі вобласці. На выставе былі прадстаўлены дзве каровы-рэкардысткі з калгаса “Свабода” нашага раёна. Па ацэнцы журы, каровы занялі 17-е і 22-е месцы сярод 44, а цялушкі — 7-е і 9-е месцы сярод той жа колькасці прадстаўленых на выставу.
Віншуем з перамогай! (2011 год)
13-15 кастрычніка ў пасёлку Высокае Аршанскага раёна на базе мясцовага прафліцэя праходзіў конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў. Вынікі конкурсу парадавалі, шаркаўчанам скарылася першае агульнакаманднае месца. Значная заслуга ў агульнай перамозе належыць неаднаразоваму ўдзельніку конкурсу Дзмітрыю Ліпскаму (ААТ “Даватарскі”). Які стаў першым на трактары Беларус-3022. Добра праявіў сябе і яшчэ адзін прадстаўнік ААТ “Даватарскі” Дзяніс Кляпко, які на трактары Беларус-1221 стаў пятым.
Лужкі наведаў нашчадак Эліэзера Бэн-Іегуды (2014 год)
У мінулы чацвер, 11 верасня, аграгарадок Лужкі наведалі ўдзельнікі міжнароднай культурна-адукацыйнай канферэнцыі “Арт-Лімуд Беларусь” на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Іосіфам Шагалам. У складзе дэлегацыі прысутнічалі старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Барыс Герстэн, заснавальнік і старшыня выканаўчага камітэта праекта “Лімуд СНД” Хаім Чэслер, а таксама праўнук адраджальніка мовы іўрыт Эліэзера Бэн-Іегуды — Гіль Хаваў.
Старонкі раённых газет “Сялянская праўда”, “Калгасны шлях” і “Кліч Радзімы” гартаў Сяргей РАЙЧОНАК.