Слова — рэдактару. З гісторыі станаўлення і развіцця раённай газеты
Па добрай традыцыі напрыканцы каляндарнага года, 5 снежня, наш калектыў святкуе дзень нараджэння раённай газеты “Кліч Радзімы”. А заўтра раёнцы споўніцца — 75 гадоў. Семдзясят пять — гэта ўзрост, з вышыні якога можна зрабіць асэнсаваныя вывады, падсумаваць зробленае, упэўніцца ў правільнасці выбранай тэматычнай накіраванасці.
Заглянем у мінулае. Ваеннае ліхалецце, разбураная народная гаспадарка, пакалечаныя лёсы людзей… Менавіта ў такі цяжкі для беларускага народа час і было прынята рашэнне
Шаркаўшчынскага райкама партыі аб выданні свайго друкаванага органа.
Першым рэдактарам “Сялянскай праўды”, пасля заканчэння курсаў па падрыхтоўцы партыйна-савецкіх работнікаў пры ЦК КПБ(б), стаў Фама Семуроў. Нялёгкімі аказаліся першыя крокі. Адсутнасць падрыхтаваных кадраў і паліграфічнай базы, транспарту, шмат іншых цяжкасцей даводзілася пераадольваць супрацоўнікам газеты, каб чарговы нумар, а тыраж складаў 500 экзэмпляраў і друкаваўся ў Глыбокім, своечасова даходзіў да чытача. Асноўная тэматыка — інфармацыя аб падзеях у краіне, прапаганда перавагі калектыўнага ладу жыцця.
“Калгасны шлях” — пад такой назвай газета пачала выходзіць з 1950 года і стала пераемніцай “Сялянскай праўды”. Да 1967 года газету рэдагавалі Будзько, Голубеў, Гапееў, Вальдэмараў.
Найбольшы росквіт перыядычнага друку пачаўся з 1967 года пасля аднаўлення раёна. Рэдактарам у той час быў зацверджаны Сяргей Канстанцінавіч Шынкевіч.
У друкарні было ўстаноўлена даволі сучаснае на той момант паліграфічнае абсталяванне, адпаведную адукацыю мелі і творчыя работнікі. 4-палосная “Кліч Радзімы” даходзіла да чытачоў тры разы на тыдзень.
На жаль, з-за цяжкай хваробы ў росквіце творчых сіл пайшоў з жыцця Сяргей Канстанцінавіч, а справу яго прадоўжыў Ігар Канстанцінавіч Баразна. Затым на працягу 17 гадоў рэдакцыйны калектыў узначальваў Эдуард Аляксандравіч Корсак.
Сённяшні калектыў “Кліч Радзімы” дружны, зладжаны, які з перспектывай глядзіць у будучыню. Старэйшыя калегі імкнуцца перадаць маладым накоплены вопыт, а моладзь прынесла новае бачанне і ўспрыняцце жыцця, энергію і аптымізм, што патрэбна сёння як ніколі.
Упэўнены, што ў такім складзе калектыў раёнкі будзе радаваць вас, нашы паважаныя падпісчыкі, цікавымі матэрыяламі на самыя актуальныя тэмы. Будзем спадзявацца, што вы і надалей застанецеся разам з намі, будзеце выпісваць наша выданне. А мы, калектыў газеты, у сваю чаргу, абяцаем цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з вамі. Бо, як кажуць, у раённай газеце адлюстроўваецца жыццё нашага рэгіёну, а гэта значыць наша з вамі, нашых блізкіх і родных.
Шчыра віншую ўсіх са знамянальнай датай, бо гэта наша агульнае свята, свята супрацоўнікаў рэдакцыі, падпісчыкаў, чытачоў і ўсіх нашых сяброў. З юбілеем цябе, раёнка!
Аляксандр БАРЫЛА.