Панажоўшчына пад Мінскам: мужчына парэзаў жонку, сын — бацьку
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі / ТАСС
Следчыя Мінскай вобласці разбіраюцца ў абставінах справы аб панажоўшчыне ў сталічным раёне. 2 снежня каля 22:30 падчас сямейнага скандалу ў пад'ездзе аднаго з дамоў пасёлка Юбілейны 44-гадовы мужчына некалькі разоў ударыў нажом жонку. Як паведамляюць у Следчым камітэце, пасля гэтага ён кінуўся ў бок сына. Але 22-гадовы хлопец выхапіў нож і пачаў біць бацьку. Ад атрыманых удараў мужчына памёр. Жанчыну даставілі ў бальніцу.
Следчыя агледзелі кватэру і пад'езд, дзе выявілі нож. Крымінальная справа ў дачыненні да мужчыны распачатая па частцы 1 артыкула 14 і частцы 1 артыкула 139 КК Беларусі (замах на забойства).
Ужо дапытаныя сведкі, у тым ліку 14-гадовы сын, які аказаў дапамогу маці да прыезду медыкаў. У дачыненні да яго старэйшага брата плануецца прызначыць комплексную судова-псіхалагічную экспертызу. Неабходна праверыць, ці не перавысіў ён межы неабходнай абароны.