В семье – все главные! Галина и Николай Жоголь с Дубровки отметили рубиновую свадьбу

Источник материала:  
03.12.2019 — Разное

Далёка не кожнай пары ўдаецца разам па жыцці прайсці дыстанцыю ў 40 гадоў і зноў апынуцца за вясельным сталом у акружэнні дзяцей, унукаў, сяброў. А вось Галіна Анатольеўна і Мікалай Пятровіч Жогаль нядаўна адзначылі такое прыгожае свята. У іх біяграфіі мноства старонак, напоўненых самымі рознымі падзеямі, пра якія яны і прыгадваюць у сваім утульным доме ў Дубраўцы, гартаючы сямейны альбом.В семье – все главные! Галина и Николай Жоголь с Дубровки отметили рубиновую свадьбу

Пачалася ж іх гісторыя кахання ў… рэстаране! Так, у некалі буйной Дубраўцы нават дзейнічаў рэстаран, куды Галіна пасля заканчэння 10 класаў пайшла працаваць афіцыянткай, а ў суседнюю сталовую пастаянна заглядваў малады вадзіцель мясцовага калгаса Анатоль. Так іх шляхі і сышліся, а ў хуткім часе яны вырашылі стварыць сям’ю. “Хто з нас зрабіў першы крок – нават і не памятаем, а вось дзень вяселля – дакладна! Узаконьвалі адносіны ў Дубраўскім сельсавеце, а святкавалі ў Крывушчыне, адкуль я родам. Гасцей было шмат. У нашай вёсцы заўсёды прынята было ўсіх запрашаць, разам адзначаць святы і падтрымліваць адзін аднаго ў нялёгкія хвіліны”, – гаворыць Мікалай Пятровіч. Увесь яго працоўны шлях быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Не злічыць, колькі кіламетраў наматаў на сваім малакавозе па дарогах раёна за 34 гады. Выдатна зарэкамендавала сябе ў сферы грамадскага харчавання і Галіна Анатольеўна – яе накіроўвалі вучыцца на тэхнолага, аднак пакідаць радзіму нават на перыяд вучобы ёй не хацелася. І 22 наступныя гады прафесійнай дзейнасці звязала з Дубраўскім сельвыканкамам, дзе была рахункаводам, а пазней землеўпарадкавальнікам. Калі сельсавет скасавалі, апошнія гады перад пенсіяй працавала ў мясцовай бальніцы сястрынскага догляду.

Сваё сямейнае гняздзечка яны спачатку абсталёўвалі ў кватэры адной са шматпавярховак, а пазней гаспадарка выдзеліла Жогалям дом, пэўна, на самай прыгожай вясковай вуліцы, якая раскінулася ўздоўж возера. Іх сядзіба ў любую пару дагледжаная, але асабліва прыгожая вясной і ўлетку, калі зацвітаюць шматлікія кветкі, якімі так любіць займацца гаспадыня. Зрэшты, падтрымлівае яе захапленне і муж. У той час як для большасці мужчын усе кветкі аднолькавыя, Мікалай Пятровіч у гэтым пытанні больш-менш кампетэнтны, яму, напрыклад, падабаюцца вяргіні. Трэба сказаць, што вылучаецца сям’я не толькі схільнасцю да парадку, а і працавітасцю. Яны адны з нямногіх, хто не адмовіўся ад вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Трымаюць каня, карову, свіней, некалькі дзясяткаў птушак і апрацоўваюць агарод як каля дома ў Дубраўцы, так і на бацькоўскай сядзібе ў Крывушчыне.

“Шчыра кажучы, не давяраю сучасным мотаблокам і аддаю перавагу конскай сіле. Для мяне на коніку зручней і спакойней перавозіць сена і апрацоўваць соткі, а сваю буронку навязваем у наваколлі. Прывыклі і не можам адмовіцца ад такога ўкладу жыцця. Калі не падвядзе здароўе, яшчэ пару гадоў патрымаем жыўнасць. Канечне, нялёгка, але на стале заўсёды свае прадукты, ды і дзецям ёсць чым дапамагчы”, – адзначае Мікалай Пятровіч.

Дочкі Таццяна і Алена з задавальненнем з Наваполацка і Віцебска наведваюцца да бацькоў, любяць праводзіць час у вёсцы і трое ўнукаў, якія не баяцца работы і стараюцца ва ўсім дапамагаць.

“Нават не ўяўляем сябе паасобку. Канечне, як у любой сям’і, здараліся непаразуменні, спрэчныя пытанні, але мы іх вырашалі спакойна, без крыку і крыўды. Упэўніліся, што трэба радавацца кожнаму яркаму моманту быцця, а смутак і ўсё нядобрае – адкідваць, як старыя рэчы. Сакрэт просты: разумець, умець дараваць, раіцца, дапамагаць і падтрымліваць. І гэта не высакамоўныя словы, а элементарныя паняцці, з якімі мы ідзём па жыцці”, – зазначылі Галіна Анатольеўна і Мікалай Пятровіч. Ну а на пытанне, хто ж у сям’і галоўны, не раздумваючы сказалі: “У сям’і – усе галоўныя!”

Рубінавае вяселле пара адзначыла напрыканцы кастрычніка, а ладзілі свята не ў сціплай хатняй абстаноўцы, а ў Дубраўскім сельскім клубе, дзе сабраліся іх родныя і сябры. Мерапрыемства атрымалася вельмі вясёлым і адначасова шчымлівым: з кветкамі, пацалункамі і, канечне, вальсам. “Мы вельмі ўдзячны загадчыку клуба Кацярыне Валер’еўне Троцкай і бібліятэкару Людміле Пятроўне Красновай за свята, пазітыў, які яны нам падарылі, а таксама Арцёму Бірукову за цудоўныя песні і пажаданні!” – кажа сямейная пара.

Гледзячы на іх позіркі, як ласкава яны адзін аднаго называюць, можна з упэўненасцю сказаць, што чатыры дзясяткі гадоў сумеснага жыцця – яшчэ не мяжа. Нездарма кажуць, што кожная сям’я – гэта маленькая дзяржава са сваімі звычкамі і правіламі. Дык вось сямейную дзяржаву Жогаляў можна назваць узорнай, а па працавітасці і шчырасці адносін ставіць у прыклад многім.

Вольга КАМАРКОВА.

←Сделана в СССР. В 45 лет Оксана Чусовитина поедет на свою восьмую Олимпиаду

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика