Старший следователь Ушачского РОСК Александр Мамон к каждому делу подходит с особой ответственностью

Источник материала:  
03.12.2019 — Разное

Напэўна, ніводная сфера дзейнасці не карыстаецца такой папулярнасцю ў стваральнікаў серыялаў, як прафесія следчага. Працоўныя будні людзей, што раскрываюць злачынствы, сапраўды насычаны экстрымам і прыгодамі, але ж кіношнай рамантыкі ў іх значна менш, чым руціннай працы і непрыемных відовішчаў. А таму застаюцца ў гэтай справе толькі тыя, хто мае да яе сапраўднае прызванне. Старшы следчы Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Юр’евіч Мамон – менавіта з такіх.Старший следователь Ушачского РОСК Александр Мамон к каждому делу подходит с особой ответственностью

Прафесійнае свята гэты чалавек па праве адзначае і 12 верасня, калі яго святкуюць супрацоўнікі Следчага камітэта, і ў Дзень юрыста. Набыўшы адпаведную спецыяльнасць у Полацкім аграрна-эканамічным каледжы, Аляксандр пачынаў сваю кар’еру ў якасці юрысконсульта КУСГП “Кублічы” і “Ушацкага райаграсэрвіса”: складаў дагаворы, іскі, вырашаў пытанні па захаванні працоўнага заканадаўства. Калі ж у 2012 годзе ва Ушачах быў створаны райаддзел Следчага камітэта, яго першы кіраўнік С.М.Плікат запрасіў амбіцыйнага маладога спецыяліста, які ў той час набываў вышэйшую юрыдычную адукацыю ў ВДУ імя Машэрава, у новую структуру. І не пашкадаваў, бо Аляксандр узяўся за работу з уласцівай яму адказнасцю і самааддачай.

Зрэшты, яго следчы дэбют аказаўся даволі будзённым і скончыўся абвінавачвальным прыгаворам несвядомаму мужчыну, што ўхіляўся ад аліментаў. Не абыходзілася і без кур’ёзаў. Па ўнутраных правілах, на працягу першых двух год маладыя супрацоўнікі павінны прысутнічаць на судовых пасяджэннях па справах, якія яны вялі. У той раз у судзе разбіралі ўчынак хулігана-рэцыдывіста, які на памінках кінуўся з нажом на аднаго з гасцей. У сваім апошнім слове падсудзімы сказаў, што не бачыць сэнсу адпірацца, бо “гэты мацёры следчы” сваімі вычарпальнымі доказамі не пакінуў яму ніякіх шансаў. Пасля таго пасяджэння за навічком на пэўны час замацавалася сярод калег мянушка Мацёры.

Ну а калі сур’ёзна, то сталеў і набіраўся вопыту Аляксандр вельмі хутка, дапамагалі ж у гэтым слушныя парады майстроў следчай справы Алега Канстанцінавіча Крахоткі, Дзмітрыя Анатольевіча Клачка, прыгаданага вышэй Сяргея Міхайлавіча Пліката. І зараз старшы следчы райаддзела мае ў сваім багажы не адзін дзясятак расследаванняў па самых складаных справах, асобныя з якіх, на жаль, звязаны з забойствамі, гібеллю людзей ад знешніх прычын.

У прадстаўнікоў гэтай прафесіі няма звычайнага раскладу рабочага дня. Быў, напрыклад, выпадак, калі ў навагоднюю ноч Аляксандру ледзь не пад бой курантаў давялося адправіцца ў адну з вёсак, дзе ад празмернай дозы спіртнога памерла жанчына. Узначальваў ён следча-аператыўную групу і ў рэзанансным забойстве прадаўца прадуктовага магазіна на вуліцы Савецкай ва Ушачах. “Працавалі тады 8 гадзін, зафіксавалі ўсе сляды, сабралі ўлікі і дзякуючы зладжаным дзеянням усіх структур, у тым ліку работнікаў міліцыі, аховы, аператыўна вылічылі і затрымалі забойцу”, – расказвае А.Мамон. Літаральна за гадзіны выкрылі нядаўна следчыя ў адной з вёсак раёна і зламысніцу, што здзейсніла крадзеж у хаце пажылай жанчыны, – дапамог адпячатак пальца, пакінуты на акне. У ліку запамінальных выпадкаў – падзенне ля вёскі Лутава лётальнага апарата. “Калі патэлефанаваў дзяжурны і сказаў, што разбіўся дэльтапланерыст, у першы момант нават падумаў, што гэта розыгрыш: адкуль яму ўзяцца ў нашых мясцінах у разгар зімы…”, – прыгадвае старшы следчы. Адметна, што на розныя выпадкі маюцца канкрэтныя алгарытмы дзеянняў. З практыкай “Авіяцыйныя здарэнні” нашы спецыялісты сутыкнуліся тады ўпершыню, але працэдуру папярэдняга следства выканалі дакладна. Прынамсі, у падобных сітуацыях да расследавання далучаюцца кампетэнтныя органы: у прыгаданым, напрыклад, удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый. Рэзанансныя справы звычайна перадаюцца ў вышэйстаячыя падраздзяленні СК, але першымі на мясцовыя здарэнні прыбываюць нашы следчыя, і трэба мець жалезную вытрымку, каб не паддацца эмоцыям, калі бачыш наступствы трагедый кшталту той, што адбылася некалькі год таму на трасе ля Сарочына з полацкай маршруткай.

Як вядома, Следчы камітэт падпарадкоўваецца непасрэдна Прэзідэнту, што дазваляе паспяхова расследаваць карупцыйныя справы, правяраць законнасць дзеянняў іншых сілавых структур. Менавіта з гэтай функцыяй быў звязаны цікавы выпадак, калі да нашых следчых звярнуўся мужчына, што правёў ноч у райаддзеле міліцыі. Раніцай ён заўважыў, што ў яго баліць рука, і прыйшоў да высновы, што траўму прычынілі міліцыянеры. Калі ж следчыя, праводзячы праверку, вывучылі запіс відэакамеры, аказалася, што ноччу пад уздзеяннем алкаголю заяўнік пачаў гойсаць па камеры, падаць і такім чынам параніў руку. Была вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні справы.

Уваходзіць у абавязкі супрацоўнікаў Следчага камітэта і прафілактычная дзейнасць па ўхіленні прычын, што спрыяюць здзяйсненню злачынстваў, няшчасным выпадкам. Так, напрыклад, пасля падзення з акна ўшацкага кафэ маладога чалавека было вынесена прадстаўленне, выконваючы якое, райспажыўтаварыства абсталявала небяспечнае месца поручнем, адрамантавала камеру відэаназірання.

З удзелам А.Мамона і яго калег расследуюцца эканамічныя справы, выпадкі вытворчага і дзіцячага траўматызму, браканьерства і многае іншае. Поле дзейнасці шырокае, а таму ўласнай сям’і ўдзяляць дастаткова часу ўдаецца не заўсёды, аднак блізкія ставяцца да гэтага з разуменнем.

“Праца наша складаная, але ўсё акупляе той момант, калі справядлівасць бярэ верх і ты адчуваеш, што маеш да гэтага непасрэднае дачыненне”, – канстатуе герой аповеду. І недарэмна дэвізам унікальнай структуры, якая ўжо восьмы год стаіць на варце правоў і інтарэсаў беларусаў, з’яўляецца выраз “Закон, Справядлівасць, Айчына”. Менавіта гэтым тром багам служаць супрацоўнікі Следчага камітэта.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

←Лукашенко полетит в Сочи на встречу Путиным 6 декабря

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика