Семья Лисица из Новополоцка в каждый свой свободный день стремится в родную деревню Лисичино
Вёска Лісічына Кубліцкага сельсавета па праве лічыцца адной з самых утульных і дагледжаных на Ушаччыне, а два гады таму была прызнана лепшай у раённым конкурсе па добраўпарадкаванні. Тутэйшыя гаспадары працавітыя, дружныя і добрасумленныя: у вёсцы няма ніводнай асацыяльнай сям’і – факт па сучасных рэаліях унікальны. Лісічынцы пад кіраўніцтвам старэйшыны Мікалая Іванавіча Піскуна з гатоўнасцю ўдзельнічаюць у навядзенні парадку на грамадскіх тэрыторыях. Плёнам калектыўнай працы, напрыклад, стала бярозавая алея на ўездзе: высадзілі дрэўцы пару год таму, сёлета ж дапоўнілі новымі раслінамі. Гэтым летам таксама абкасілі зарослую канаву, акультурылі тэрыторыю ля пляцоўкі, дзе ўстаноўлены кантэйнер для смецця.
І, канечне, прыцягальны вобраз вёсачкі ствараюць сядзібы яе пастаянных жыхароў і дачнікаў. Прынамсі, сям’ю Лісіца, у гасцях у якой мы пабывалі днямі, так адназначна і не аднясеш да якойсьці з гэтых катэгорый. “Жывем на два дамы, – кажуць Васіль і Марына. – Працуем у Наваполацку, ёсць гарадская кватэра, але ў кожны свабодны дзень спяшаемся ў роднае Лісічына!”. Зрэшты, пра тутэйшыя карані гаспадара красамоўна кажа прозвішча, а гледзячы на іх прыгожы дом, нават і не паверыш, што пабудаваны ён пасля вайны.
“На месцы гэтай клумбы была зямлянка, дзе дзядуля Іосіф і бабуля Марыя жылі і гадавалі дзевяць дзяцей, пакуль не справілі хату”, – расказвае Васіль. Яго бацька нарадзіўся вясной 44-га, калі падчас блакады Марыя Лісіца разам з іншымі вяскоўцамі адступала ў бок Чамярычына, – нейкім дзівам ёй з немаўляці ўдалося ўцалець. Хлопчыкам Васіль праводзіў тут усё лета, дапамагаў па гаспадарцы, пасвіў кароў. Скончыўшы Кубліцкую школу і адслужыўшы ў арміі, тры гады працаваў у мясцовым лясніцтве. Паважаным чалавекам у Кублічах з’яўляецца яго маці Зінаіда Іванаўна, якая доўгі час была начальнікам паштовага аддзялення. Зараз у пажылой жанчыны праблемы са здароўем, таму родныя і блізкія, работнікі сацыяльнай службы атуляюць яе пастаяннай увагай і клопатам.
А яшчэ ў гэтых мясцінах жывуць лепшыя сябры герояў аповеду – Аляксандр і Вольга Кляпец. Сям’я кублічан таксама вылучаецца гаспадарлівасцю і жаданнем ствараць наўкол прыгажосць: іх сядзіба ў 2017 годзе стала лепшай на раённым конкурсе, а Марына і Васіль тады прыехалі на цырымонію ўшанавання, каб парадавацца за сяброў. “Мы заўсёды дапамагаем адзін аднаму ў справах, праводзім разам святы. І наша вяселле гулялі таксама ў Кублічах!” – дадае М.Лісіца.
Дарэчы, жанчына нават мае вясковую рэгістрацыю: гэты аспект аказаўся важным, калі сёлета надумалі ўзяць у “Беларусбанку” льготны крэдыт на рэканструкцыю дома, які выдаецца на 10 год. Трэба сказаць, што іх сям’я зарабляе свой дабрабыт уласным мазалём: Васіль працуе ў арганізацыі “Белсувязьбуд”, яго жонка – у майстэрні па рамонце адзення. А па цяперашнім выглядзе іх дома можна падумаць, што жыве тут паспяховы бізнесмен. Асаблівую прыгажосць будынку надае вонкавая абліцоўка, зробленая пад натуральнае бярвенне. Праязджаючы праз Арэхаўна, муж і жонка заўсёды любаваліся адным з дамоў, а аднойчы проста пастукаліся ў дзверы гаспадароў і запыталіся, што гэта за матэрыял. А летам металічны блок-хаус, які набылі за крэдыт, цалкам пераўтварыў іх стары будынак.
Цёпла і ўтульна і ў самой хаце. У асноўным усе выгоды зроблены ўласнымі сіламі: разам з суседам аднавілі стары калодзеж і правялі ў дом ваду, а нядаўна майстар з райцэнтра дапамог рэканструяваць печ, у якой яны любяць гатаваць спрадвечныя беларускія стравы. А з якім густам у гаспадыні-рукадзельніцы аформлены пакоі, дзе этна-свяцільнік са старога кола суседнічае з моднымі навінкамі дэкору – карцінамі, вырабленымі са стразаў. Не менш дзівосаў і на падворку, асаблівая фішка якога – кампазіцыі з камянёў. А нядаўна тут з’явіўся незвычайнай формы кветнік, замульчыраваны кавалкамі кары.
Трэба сказаць, што ва ўсіх справах бацькам дапамагаюць дзеці. 12-гадовы Мікіта пахваліўся, што ўжо ўмее секчы дровы, ну а Каця, якая вучыцца на фармацэўта, увогуле першая маміна памочніца. Днямі яна здала на правы і ўзрадавана паведаміла, што цяпер зможа сама прыязджаць у Лісічына. “А хіба не сумна маладой дзяўчыне вольны час праводзіць у вёсцы?” – цікаўлюся ў яе. А Каця шчыра здзіўляецца: “Што вы, у нас тут так добра, асабліва летам! Днём працуем на градках, ходзім за ягадамі, а пад вечар збіраемся ў Кублічах на школьным стадыёне, гуляем у валейбол – сёлета аж на тры каманды дзяліліся, можам і танцы пад калонку арганізаваць”.
“Ды тут і зімой не сумна, – далучаецца да размовы Марына. – А ўсё таму, што людзі цудоўныя. Сябруем з сям’ёй Арловых з суседняй сядзібы, калі раптам скончылася нешта на кухні – іду да Святланы Піскун, камусьці трэба інструмент – прыходзяць да майго Васіля. Ёсць і традыцыі: напрыклад, на Вадохрышча збіраемся ў нашага старэйшыны, які робіць палонку на сваёй сажалцы… На гэтай зямлі асаблівая атмасфера. Памятаю, як доўга адмывала драўляную столь у хаце. Так стамілася, што хацелася ўсё кінуць. Але ж пакрысе давялі сядзібу да толку. І цяпер іншы раз, калі гляджу на гэтыя пакоі, на вышытыя іконы, здаецца, быццам бачу вочы бабулі Марыі, якія пазіраюць на нас з адабрэннем… Працягваецца род Лісіц, і па-ранейшаму гучаць дзіцячыя галасы ў яе доме ў Лісічыне”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.