Более 30 вопросов рассмотрено на очередном заседании райисполкома
Пра зямлю і не толькі
Больш за 30 пытанняў разгледжана на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 21 лістапада пад кіраўніцтвам старшыні Канстанціна Жыгуцкага з актыўным удзелам першага намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю краіны Івана Вежнаўца і першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Шкрэдава. Аб двух — падрабязней.
Ці рацыянальна, эфектыўна выкарыстоўваюць землекарыстальнікі землі раёна? Пра гэта далажыў начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Сяргей Семянцоў.
Асіповіччына займае 195560 гектараў, з якіх 28% — землі сельскагаспадарчага прызначэння. У галіне сельскай гаспадаркі ў нас ажыццяўляюць сваю дзейнасць 9 арганізацый (41242 га) і 18 фермерскіх гаспадарак (2404), а таксама ТАА «Сельгасінвест» (10727) і «Агракомплекс «Сваяк» (596), прыватнае прадпрыемства «Ялта» (29).
За 2018-2019 гады ўчасткі дадзены тром утвораным фермерскім гаспадаркам (68 га) і двум 391 гектар выдзелены для пашырэння, дададзена 5623 га «Сельгасінвесту». У сельскіх населеных пунктах 23 чалавекі (з іх у горадзе — 2) атрымалі зямлю пад будаўніцтва жылля — у асноўным у Вяззеўскім і Лапіцкім сельсаветах.
Сёлета выяўлена і ўцягнута ў гаспадарчы абарот 1174 га пустых і неэфектыўна выкарыстоўваемых зямель, аднак праблемы паранейшаму ў наяўнасці. Для ліквідацыі парушэнняў заканадаўства землекарыстальнікам аддзелам выдадзена 204 прадпісанні, складзена больш за паўсотню пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях (ААТ «Авангард-Ніва», «Лапічы», «Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне», СФГ «Спадчына хутарок», «Гаспадар», «У дарогу», «Гапаеўка» і інш.), накладзены на парушальнікаў штраф перавысіў 1,7 тыс. рублёў.
Пасяджэнне райвыканкама вызначыла асноўныя вехі, якія павінны садзейнічаць працы на зямлі менавіта па-гаспадарску. І намечанае тычыцца не толькі сельгаснікаў, а і прамысловых прадпрыемстваў, сельвыканкамаў, грамадзян.
Пра арганізацыю працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур на аснове заяўнага прынцыпу «адно акно» ва ўстановах аховы здароўя раёна расказала начальнік адпаведнага аддзела райвыканкама Ала Некрашэвіч.
Мінімальныя дзяржсацстандарты ў гэтай галіне ў нас выконваюцца, статыстыка зваротаў да працаўнікоў медустаноў надта адрозніваецца ад папярэдніх гадоў, у структурных падраздзяленнях УАЗ «Асіповіцкая ЦРБ» створаны ўмовы для прыёму грамадзян і г.д.
Атрымліваецца, усё нармальна? Калі б. Да канца пакуль, напрыклад, не вырашаны пытанні забеспячэння кваліфікаванымі медыцынскімі кадрамі і замацавання ў рэгіёне маладых спецыялістаў. У наяўнасці недахопы ў справаводстве па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб: за студзень-верасень да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 16 медработнікаў. І сёння вялікія чэргі ў рэгістратуры і ля кабінетаў урачэбнага прыёму паліклінікі, што правакуе скаргі і нараканні наведвальнікаў, стварае цяжкасці ў працы медперсаналу. Працягвае мець месца доўгае чаканне землякамі прыёму ў райпаліклініцы ўрачамі вузкіх спецыяльнасцей, не заўсёды вытрымліваецца час папярэдняга запісу на прыём, ёсць складанасці з атрыманнем талонаў праз інтэрнэт і г.д.
Аб шляхах паляпшэння спраў у сферы аховы здароўя і ішла прынцыповая размова на пасяджэнні, асноўныя моманты якога сталі часткай прынятага рашэння.