Крама «Першацвет» прапануе шырокі выбар кветак і сувенірнай прадукцыі
Аднойчы, праходзячы вечарам па парку райцэнтра, я стаў сведкай размовы паміж парай маладых людзей. Юнак, трымаючы за руку дзяўчыну, цёпла і ласкава гутарыў з ёй.
— Машанька, а якія ты любіш кветкі? — спытаў хлопец.
— Ведаеш, Сяргей, мне падабаюцца розныя, галоўнае, каб яны былі падораны ад душы, — адказала юнаку дзяўчына. — А чаму ты пра гэта пытаешся?
— Мы з табой ужо амаль месяц сустракаемся, а я яшчэ ніводнага разу не прыйшоў на спатканне да цябе з букетам, — крыху сарамліва адказаў Сяргей.
— Гэта дробязь, — прамовіла Маша, — галоўнае, што мы побач, разам.
Праз некалькі дзён я сустрэў гэтага хлопца ў краме “Першацвет”. Юнак, акінуўшы вокам вазоны з жывымі кветкамі, спыніў свой позірк на пунсовых ружах. Яны і сапраўды вылучаліся незвычайнай прыгажосцю сярод іншых кветак, якія прапаноўвала прадавец Сяргею.
— Дайце мне, калі ласка, вось гэтыя ружы. Упэўнены, яны спадабаюцца маёй каханай, — папрасіў юнак прадаўца.
— Безумоўна, спадабаюцца. Жанчыны, наогул любяць кветкі, калі іх дораць мужчыны, — падтрымала Сяргея прадавец крамы.
Потым за кветкамі падыходзілі, станавіліся ў чаргу іншыя пакупнікі. Некаторыя з іх цікавіліся яшчэ і вазонамі, спецыяльнымі падкормкамі для хутчэйшага росту раслін, іншыя атрымлівалі кансультацыі по догляду за кветкамі.
— Хачу сказаць, што наш тавар у пакупнікоў карыстаецца попытам, — сказаў гаспадар крамы Аляксей. — У нас не толькі штучныя і жывыя кветкі, якія могуць задаволіць густ пакупнікоў, але і іншыя тавары, запатрабаваныя насельніцтвам.
— Чаму захапленне кветкамі ў вас перайшло на камерцыйную аснову?
— Яшчэ з дзяцінства памятаю, як мая бабуля Юзэфа вырошчвала шматлікія кветкі, яе сядзіба патанала ў рознакаляровых фарбах. Хапала і на продаж. Працяглы перыяд вырошчваннем і продажам кветак займалася і мая маці Людміла. Дарэчы, першая крама, дзе шаркаўчане маглі набыць кветкі, належала менавіта ёй. Вось і я 17 год займаюся кветкамі. Захапленне гэта з цягам часу перайшло на камерцыйную аснову. Прадукцыя наша карыстаецца попытам, справа гэта мне вельмі падабаецца, таму і задавальненне ад работы я атрымліваю.
— Не так даўно вы перайшлі працаваць у новае памяшканне?
— Так, было гэта 9 мая. Папярэднічала адкрыццю новай гандлёвай кропкі вялікая карпатлівая работа: пошук і набыццё будматэрыялаў, узвядзенне памяшкання і шмат іншых пытанняў. У новым будынку стала больш утульней для работнікаў крамы і, канечне, для пакупнікоў.
— Напэўна, вы супрацоўнічаеце з пастаяннымі фірмамі-пастаўшчыкамі?
— Канечне. Гэта, у асноўным, сталічныя прадпрыемствы. З нядаўняга часу пачалі супрацоўнічаць з Аршанскім ільнокамбінатам, прадукцыю якога можна набыць у нашым “Першацвеце”. Акрамя кветак у нас можна набыць сувеніры, калядныя і навагоднія цацкі. Дарэчы, у краме наведвальнікі могуць за невялікі кошт паспрабаваць кубачак гарачай кавы.
— Хто вам дапамагае ў гэтай справе?
— У першую чаргу, мая жонка Алена. У краме працуюць абаяльныя жанчыны Таццяна і Вольга. Яны ўжо маюць дастатковы вопыт у продажы кветак, афармленні букетаў. Падрастае ў нашай сям’і дачка Агнія. Яна таксама любіць прыходзіць у краму, каб дапамагчы бацькам.
За час нашай размовы з Аляксеем у краму за пакупкамі прыйшло многа чалавек і, што асабліва было прыемна бачыць, большасць з іх — мужчыны. Адны набывалі ружы і гваздзікі, іншыя хрызантэмы, некаторыя архідэі. Усе яны засталіся задаволеныя набытымі букетамі, гэта яскрава было бачна па ветлівых усмешках пакупнікоў.
Вяртаючыся дадому, я зноў сустрэў знаёмую пару — Машу і Сяргея. Дзяўчына трымала ў руках, прыхінуўшы да сябе, букет шыкоўных пунсовых руж. Вочы закаханых іскрыліся любоўю…
Дарыце кветкі, дарыце цяпло душы, дарыце сваім каханым любоў, спагаду і ласку! Верце, гэта заўсёды адгукнецца ў іх сэрцах узаемным пачуццём!