Інтэлігентны. Тактоўны. Энергічны і патрабавальны. Такім мы ведаем несвіжаніна Міхаіла Уладзіміравіча Сарычава. Учора, 21 лістапада, ён прымаў віншаванні з 90-годдзем. Нарадзіўся на Міхайлаў дзень, і назвалі ў яго гонар. Сёлета ў Міхаіла Уладзіміравіча яшчэ дзве юбілейныя даты — 70 гадоў, як жыве ў Беларусі і 65 гадоў — на Нясвіжчыне.
Рускі хлопец з Варонежскай вобласці трапіў у нашу рэспубліку, калі ў 1949 годзе прызвалі ў армію. Служыў у Барысаве, у мотастралковым палку. Потым перавялі ў Мінск, на пасаду оперупаўнаважанага ўпраўлення контрразведкі Беларускай ваеннай акругі, праз два гады — у Віцебск оперупаўнаважаным 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Магчыма, і застаўся б ён ваенным, калі б не вострая патрэба дзяржавы ў кадрах іншай сферы — неабходна было ўздымаць сельскую гаспадарку. Лейтэнанта Міхаіла Сарычава, які меў дыплом ветэрынарнага тэхнікума, у 1954 го-дзе накіравалі ў Нясвіжскі раён.
Міхаіл Уладзіміравіч з задавальненнем і падрабязна расказвае пра першыя дні на нясвіжскай зямлі. Як на саломе ў кузаве грузавой машыны ехалі з калегам з Гарадзеі ў Нясвіж, спыніліся ў гасцініцы (на вул. Ленінскай), дакладвалі ў райкаме аб прыбыцці. Атрымаўшы накіраванне на пасаду старшыні калгаса імя Кірава (з цэнтрам у вёсцы Дубейкі), знаёміўся са справамі, з людзьмі, з беларускай мовай (што азначаюць, напрыклад, словы “лейцы”, “спружыноўка”, для яго было незразумела). Памятае сваю першую пасяўную, калі з-за няспраўнай сеялкі агрэгат прастойваў, сяляне ішлі па полі з сявенькамі, уручную рассыпаючы насенне, а ўслед коннай бараной зерне загортвалася ў глебу. Малады старшыня ведаў, што так нельга рабіць, задача стаяла шырэй укараняць тэхніку, каб дабіцца зрухаў у сельскай гаспадарцы. У гэты час у поле завітаў першы сакратар РК КПБ В.С. Юдзін з дырэктарам МТС. “Дай мне ключы”, — звярнуўся Віктар Сяргеевіч да механізатара, закасаў рукавы і пачаў разбірацца ў сеялцы. Выявіў, што паставілі меншую, чым трэба, шасцярню. Загадаў хуценька прывезці з МТС патрэбную дэталь…
Уважаемый Михаил
Владимирович САРЫЧЕВ!
Примите самые теплые и искренние поздравления по случаю Вашего замечательного 90-летнего юбилея!
Ваш жизненный путь был полон трудностей, которые Вы успешно преодолевали, и побед, которые достигали со своим коллективом. Вы внесли большой вклад в развитие животноводческой отрасли Минщины. Создали с нуля государственное племенное предприятие. Больше 20-и лет возглавляли его, постоянно модернизируя технологические процессы, добиваясь улучшения производственных показателей и решая социальные вопросы. Это большой, значимый след на земле.
Желаем Вам еще долгих и светлых дней жизни, здоровья, энергичности, бескрайней любви родных и преданности друзей!
С уважением коллектив
РУСП «Минское племпредприятие».
— Я не бачыў ніколі льну, у нас дома яго не вырошчвалі, — працягвае мой суразмоўца. — Мне гаварылі, што ён вельмі прыгожа цвіце. І я чакаў гэтага з нецярпеннем, раненька ўставаў і шыбаваў у поле глядзець, ці не зацвіў лён. Яго блакітнае мора назаўсёды засталося ў памяці. А вось як лепей справіцца з уборкай і апрацоўкай культуры, прадаць доўгае валакно і кудзелю, мне даваў парады старшыня калгаса імя Калініна Якаў Васільевіч Аляксанкін.
Сінявокая, гасцінная Беларусь такой і жыве ў сэрцы. Стала другой радзімай за пражытыя ў ёй 7 дзясяткаў гадоў. Тут сустрэў сваё каханне, тут нарадзіліся і выраслі дзеці. Забягаючы наперад, нагадаю: тут дажывала свой век і пахавана ў Мінску маці, наша зямля прыняла і двух малодшых братоў Міхаіла Уладзіміравіча.
Затым М.У. Сарычаў загадваў гаспадаркай санаторыя “Нясвіж”, працаваў інструктарам райкама партыі, старшым заатэхнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Да гэтага часу завочна закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
У 1968 годзе Міхаіла Сарычава прызначылі дырэктарам дзяржплемстанцыі, якую стварылі ў падсобнай гаспадарцы санаторыя. Пачалі будаваць яе новую базу. На плечы кіраўніка ляглі новыя клопаты. Ездзіў на племпрадпрыемствы ў Баранавічы, Ляхавічы, Дзяржынск, глядзеў, якія павінны быць для быкоў станкі, кармушкі, паілкі, якія прывязі ў будынку і на вуліцы, на прагулцы, як абсталяваць мыйку жывёлы на вуліцы і ў памяшканні. Вучыўся сам і вучыў падначаленых. Часта даводзілася бываць у сталіцы. Настойлівасць і камунікабельнасць дапамагалі рухаць справу. У 1971 г. закончылі ўзвядзенне першай чаргі аб’екта, забралі быкоў з Клецкай племстанцыі, пачалі абслугоўваць два раёны. У 1973-м, згодна з пастановай Савета Міністраў БССР, станцыю пераўтварылі ў дзяржплемпрадпрыемства. Поўнасцю было завершана будаўніцтва. Прадпрыемства атрымала крыягеннае абсталяванне, перайшло на глыбокае ахалоджванне спермы і пачало абслугоўваць 16 раёнаў вобласці. На кожную ферму гаспадарак, на пункты штучнага асемянення, таксама завезлі неабходнае абсталяванне. Племянных быкоў-вытворнікаў куплялі ў Амерыцы і Францыі. Яны мелі высокую мацярынскую малочную прадуктыўнасць і каштавалі велізарных грошай. Перад калектывам стаяла задача як мага паўней выкарыстаць іх генетычны патэнцыял, дабіцца стопрацэнтнага штучнага асемянення кароў і павысіць прадуктыўнасць дойнага статка.
Міхаіл Уладзіміравіч так арганізаваў работу, што пра Нясвіжскае дзяржплемпрадпрыемства загаварылі далёка за межамі Беларусі. Яно заняло першае месца сярод усіх аналагічных прадпрыемстваў Савецкага Саюза, за што нашы землякі атрымалі грашовую прэмію і аўтамабіль “Волга”. Затым несвіжане заваёўвалі ў спаборніцтве другое і трэцяе месцы ў СССР. Апошні раз пры М.У. Сарычаве падавалі вынікі сваёй работы на конкурс у 1991-м годзе. Але іх ужо ніхто не падводзіў, бо Савецкага Саюза не стала.
Разам з іншымі працаўнікамі сельскай гаспадаркі рэгіёнаў калектыў пад кіраўніцтвам М.У. Сарычава паспяхова вырашаў важную дзяржаўную задачу — павышаў аб’ёмы вытворчасці малака. Напрыклад, у нашым раёне ў 1968 годзе ад каровы ў сярэднім даілі па 2561 кг малака, а ў 2018-м атрымалі па 6452 кг. Вырасла прадуктыўнасць у 2,5 раза. Вучоныя лічаць, што на яе побач з іншымі фактарамі (кадры, кармы, камфорт) генетыка ўплывае на 15 %.
Міхаіл Уладзіміравіч папрасіў назваць імёны людзей, з кім ён працаваў, хто не падводзіў свайго кіраўніка. Гэта загадчыкі лабараторый Ганна Сасім і Тамара Лейбук, загадчык сперматэкі Надзея Козел, ветурачы Іосіф Сасім і Часлаў Чурыла, заатэхнік Сцяпан Масюкевіч, інжынеры па транспарце Алег Кашлач і Сяргей Казадой, інжынер крыягеннага абсталявання Аляксандр Квачэнка, рабочыя па доглядзе быкоў Канстанцін Салавей, Іван Хвіцько, вадзіцелі Віктар Плакса, Мікалай Самалётаў і Міраслаў Флар’яновіч. Адны з іх яшчэ працуюць, другія — на пенсіі, хтосьці пайшоў з жыцця. Але кіраўнік памятае ўсіх, з кім разам пераадольваў цяжкасці, дабіваўся перамог.
Памятаю, некалі набірала я матэрыял для артыкула пра племпрадпрыемства. М.У. Сарычаў расказаў шмат цікавага. Іх аб’ект — спецыфічны. Гэта не проста памяшканні для быкоў і кармоў, не проста высокааснашчаныя лабараторыі, санпрапускнік і адміністрацыйны будынак. Гэта — строгае захаванне дысцыпліны і пэўных умоў пры рабоце з такой жывёлай: ніякіх пахаў (ні парфумы, ні алкаголю, ні перагару пасля ўчарашняга), ніякіх рэзкіх рухаў і рэзкіх гукаў. Яны раздражняюць быкоў і выклікаюць агрэсію. Затым Міхаіл Уладзіміравіч правёў журналіста (каб бачыла тое, пра што піша) у лабараторыю, у бычнік. Ён паказваў быкоў, расказваў, чым які адметны. Я запісвала ў блакнот і старалася не сустракацца з грознымі позіркамі вялізных жывёлін. Так, няпроста тут працаваць. Каб не здарылася непрадбачных сітуацый, дырэктар вечарамі ездзіў на прадпрыемства, кантраляваў работу падначаленых. Без цвёрдай рукі, жорсткага нагляду на такой спецыфічнай “ферме” нельга. Парушальнікі дысцыпліны неслі пакаранне. Адным з іх было перасоўванне ўніз у чарзе на жыллё.
Прадпрыемства працавала з высокімі даходамі, частка іх ішла на забеспячэнне людзей кватэрамі з усімі выгодамі. Падчас кіраўніцтва М.У. Сарычава пабудавалі тры 12-кватэрныя і чатыры 4-кватэрныя дамы ў “Дружбе”, 4-кватэрны на вуліцы Дзяржынскага ў Нясвіжы і дзве кватэры пры долевым удзеле ў шматпавярхоўцы каля РДК. На прадпрыемстве працавала больш за 100 чалавек, у большасці — сямейныя пары, і ўсе былі забяспечаны жыллём. Немалаважна і тое, што здаваліся дамы з гаспадарчымі пабудовамі.
Міхаіл Уладзіміравіч займаўся і грамадскай дзейнасцю. Напрыклад, ён удзельнічаў у рабоце Беларускага аддзялення Савецкага фонду міру. 29 жніўня 1991 года ў складзе беларускай дэлегацыі ён прысутнічаў на закрыцці ядзернага палігона ў Сяміпалацінскай вобласці Казахстана. Вядомы беларускі скульптар Заір Азгур уручыў яму памятны медаль “Савецкі фонд міру” за нумарам 13366. На медалі — выява зямнога шара, нашай маленькай блакітнай планеты, за лёс якой мы ўсе адказваем. Чалавецтва абавязана захаваць сваю Зямлю, а для гэтага — сказаць “Не!” войнам.
Што такое вайна, Міхаіл Уладзіміравіч ведае не па чутках. Вялікая Айчынная прайшлася па лёсе яго сям’і неміласэрна. Падлетку было чатырнаццаць, калі ў 1943-м у Севастопалі загінуў бацька. Пад Арлом загінуў брат. А іх, меншых хлапчукоў, дзядуля хаваў ад бамбёжкі ў рове.
Міхаіл Уладзіміравіч — чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Словы з песні “Старасць мяне дома не застане…” — быццам пра яго напісаны. Пакінуўшы пасаду кіраўніка ў 1992 годзе, ён два гады працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйнай дзейнасці. А пайшоўшы на заслужаны адпачынак, уліўся ў хор ветэранаў “Аптымісты”, што быў створаны пры раённым цэнтры культуры. Рэпетыцыі, выступленні, паездкі ў іншыя мясціны… Яно так адпавядала няўрымслівай натуры. І толькі летам бягучага года ветэран спыніў сваю канцэрт-ную дзейнасць. Слухаючы аповед, я зразумела, адкуль гэты талент, любоў да песні. Дзядуля Міхаіла Уладзіміравіча — Ілля Самуілавіч — меў мацнейшы бас, спяваў у царкоўным хоры.
Стаўшы членам Камуністычнай партыі ў пачатку 50-х, мой суразмоўца назаўсёды застаўся верны сваім прынцыпам і ідэалам, з’яўляецца камуністам і цяпер. Сёлета ў маі яго, як актыўнага члена раённай ветэранскай арганізацыі, запрасілі на закладку Алеі Памяці ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікоў у аграгарадку Сноў. Удзельнічаў і ў розных іншых мерапрыемствах.
Яму — 90. У чым жа сакрэт даўгалецця?
— У здаровым ладзе жыцця, — упэўнены Міхаіл Уладзіміравіч. — Фізічныя практыкаванні, рыбалка, ціхае “паляванне” на грыбы — усё гэта яднае з прыродай, а яна дае сілы, прыносіць заспакаенне. Збіраю і п’ю траву іван-чай. Яна ўмацоўвае імунітэт, абараняе ад прастуды. Мой дзед быў траўнікам, лячыў людзей. Мяне навучыў разбірацца ў зёлках. Цяпер мой сын Уладзімір прыняў “эстафету”, захапіўся імі. Трымаю пчальнік. Пчолы таксама даюць шмат чаго карыснага для здароўя.
Міхаіл Уладзіміравіч з жонкай Нілай Іванаўнай выхавалі сына і дачку, маюць чатырох унукаў і столькі ж — праўнучак. У іх сям’і шмат верных сяброў і знаёмых. Усе ў гэтыя дні віншуюць героя маёй замалёўкі з цудоўным юбілеем.
Да гэтых віншаванняў далучаюцца і журналісты. Мы цэнім Вашу адкрытасць і шчырасць, дарагі Міхаіл Уладзіміравіч, дзякуем за давер і павагу да нашай прафесіі, за тое, што знаходзілі час, каб сустрэцца, пагутарыць, навучыць чамусьці нас, а праз нашы пуб-лікацыі — і чытачоў газеты.
З юбілеем!
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Вольгі КАНДРУКЕВІЧ.