У Мазырскім памежным атрадзе загінуў яфрэйтар
БЕЛТА
Трагічная гісторыя адбылася ў Мазырскім памежным атрадзе. 20 лістапада ў 2:00 ночы знайшлі цела вайскоўца з прыкметамі суіцыду, паведамляе БЕЛТА. Прычыны і абставіны яго смерці высвятляе Следчы камітэт.
20-гадовы яфрэйтар быў прызваны ў органы памежнай службы ў лістападзе 2018-га. У Дзяржаўным памежным камітэце падкрэслілі, што малады чалавек меў станоўчую характарыстыку, заахвочванні ад камандавання часці, у тым ліку падзяку за разумную ініцыятыву і стараннасць, праяўленыя пры нясенні службы, рашучыя дзеянні па выяўленні і затрыманні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказчыкі па службе за трэці квартал 2019 года. Пасля тэрміновай ваеннай службы хлопец планаваў застацца служыць па кантракце.
Таксама паведамляецца, што незадоўга перад гэтым юнак быў у адпачынку дома, у лістападзе вярнуўся ў часць.