На «Дожинках» в «Приозёрном мире» чествовали передовиков
19.11.2019
—
Разное
“Славім золата хлеба і людзей працавітых”
Першае ў раёне свята, прысвечанае Дню сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці «Славім золата хлеба і людзей працавітых», ладзілася сёлета ў ААТ «Прыазёрны мір».
У сельскім Доме культуры аг. Амбросавічы сабралася поўная зала вяскоўцаў: і сённяшнія работнікі мясцовай гаспадаркі, і ветэраны працы, і проста цікаўныя жыхары.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Дубіневіч адзначыла, што ў «Прыазёрным міры» добры працавіты калектыў, і пажадала яму заставацца заўсёды першым па вытворчых паказчыках: надоях, прывагах, ураджайнасці, нарыхтоўцы кармоў. За плённую работу і высокія прафесійныя дасягненні Наталля Чаславаўна ўручыла дырэктару гаспадаркі Юрыю Савіцкаму грамату ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК вясковых працаўнікоў віншавала галоўны спецыяліст райкама Людміла Варкун. Яна ўручыла граматы і грашовыя прэміі электрагазазваршчыку Пятру Гузіку і механізатару Віктару Мацюшкову.
Пасля шаноўных узнагарод слова прадаставілі кіраўніку гаспадаркі. Юрый Альбертавіч не чытаў даклады, не агучваў лічбы, не расказваў пра фінансавыя праблемы. «Падняўся на сцэну, каб адзначыць лепшых работнікаў, – сказаў дырэктар. – Кажуць, што ў сельскай гаспадарцы працуюць патрыёты сваёй радзімы – менавіта такія людзі жывуць у нас. Вы працавітыя, шчырыя, незайздросныя. Рупіцца ў сельскай гаспадарцы – значыць, аддаваць зямлі цеплыню сваіх рук, свой клопат, укладваць душу і талент у любімую справу. І я ганаруся, што ўсё гэта робяць нашы землякі». Юрый Альбертавіч уручыў граматы, каштоўныя падарункі, грашовыя сертыфікаты лепшым механізатарам, аператарам машыннага даення, рабочым, вадзіцелям, жывёлаводам, галоўным спецыялістам. Сярод узнагароджаных былі і юбіляры, як, напрыклад, слесар Віталь Балбышкін.
Павіншаваць сельскіх працаўнікоў са святам у Амбросавічы прыехала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Ліпская, якая ўручыла падарунак самаму маладому механізатару «Прыазёрнага міру» Вадзіму Гарланаву. У свае 22 гады хлопец неаднойчы быў прызнаны адным з лепшых сярод механізатараў раёна на ворыве ці жніве.
Канцэртную праграму да свята падрыхтавалі і правялі работнікі раённага цэнтра культуры і Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №90 ад 19.11.2019 г.