Наш знакаміты зямляк Зіновій Прыгодзіч адзначыў 75-гадовы юбілей
У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц адбыўся вечар-сустрэча, прысвечаны 75-годдзю нашага знакамітага земляка – пісьменніка, журналіста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Зіновія Прыгодзіча, які 15 кастрычніка адзначыў свой юбілей.
Нарадзіўся Зіновій Кірылавіч у вёсцы Лышча, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Цяжка жылося сямь’і, дзе раслі трое дзяцей, але самыя светлыя ўспаміны, нягледзячы ні на што, засталіся ад таго часу, таму што «у дзяцінстве свае законы, свае радасці», як піша ў кнізе «Вечаровае» Зіновій Кірылавіч.
З выбарам прафесійнага шляху выпускнік Лышчанскай школы вызначыўся без ваганняў: будзе журналістам, і толькі! Удакладню, што школьнікам Зіновій друкаваўся на старонках раённай, абласной і нават рэспубліканскай газет. Ён пісаў вершы, заметкі, замалёўкі, карэспандэнцыі. І ўжо к дзясятаму класу Зіновій Прыгодзіч быў прызнаным селькорам і адзначаны пахвальнымі лістамі многіх рэдакцый. Пасля заканчэння школы хлопца запрасілі на работу ў Лагішынскую раённую газету «Калгасная праўда» літаратурным супрацоўнікам. А ў 1967 годзе Зіновій Прыгодзіч стаў дыпламаваным журналістам, скончыўшы факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, і прыйшоў працаваць у рэдакцыю старэйшай беларускай газеты «Звязда».
Менавіта падчас працы ў «Звяздзе» выйшла першая кніжка З.К. Прыгодзіча «На палях Беларусі». Потым з’явіліся зборнікі нарысаў «Добры дзень, сад!», «Крылы дужэюць у палёце», «Жменя зярнят», дакументальная аповесць «Строгая дабрата», аповесці «Журавы на далёкай пойме» і «Ноч перад ня-дзеляю». Апошнія дзве бы-лі напісаны, калі З.К. Прыгодзіч вучыўся ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Пасля заканчэння акадэміі Зіновія Кірылавіча накіравалі на працу ў Мінскую вышэйшую партыйную школу загадчыкам кафедры журналістыкі, мовы і літаратуры. У так званыя часы перабудовы стаў галоўным рэдактарам газеты «Советская Белоруссия», але хутка пакінуў гэтую пасаду і вырашыў арганізаваць свой прыватны часопіс. Так з’явілася «Гаспадыня», якая існуе ўжо 25 гадоў і выходзіць немалым тыражом – 30 тысяч экзэмпляраў.
Павіншаваць свайго земляка з юбілеем прыйшлі не толькі прыхільнікі яго творчасці, але і тыя, хто ведае яго асабіста, даўно з ім знаёмы: старшыня Лышчанскага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Лінкевіч, аднакласніцы Зіновія Кірылавіча Анастасія Побат і Аляксандра Кавалёва, класны кіраўнік Яўгенія Малашчыцкая, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Грышкавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Ляшук, педагог дадатковай адукацыі Лышчанскай СШ Ірына Корзун, члены клуба літаратараў «Пін-чукі» Жанна Верыч і Людміла Шклёда. Яны дзяліліся цёплымі ўспамінамі аб Зіновіі Кірылавічы, паэты чыталі вершы ўласнага сачынення. Таксама гучалі песні на вершы Зіновія Прыгодзіча ў выкананні артыстаў Пінкавіцкага СДК Мікалая Саўчанчыка і Ігара Няхайбы, члена клуба «Пінчукі» Віктара Мяцельскага. Дарэчы, разам з бацькам на сустрэчы прысутнічалі сын Зіновія Кірылавіча Яўген з жонкай Дзіянай.
У завяршэнні мерапрыемства Зіновій Прыгодзіч падзякаваў землякам за цёплы прыём, за шчырыя словы ў яго адрас, за цікавасць да яго асобы і творчасці. Зіновій Кірылавіч прадставіў усім прысутным свае новыя творы. Так, гэта 3-томнік «Сейбіты», у якім аўтар апісвае знакавыя сустрэчы са знакамітымі людзьмі, напрыклад, з Уладзімірам Караткевічам, Яўгеніяй Янішчыц, 2-томнік «Над Вісліцай» і «Вечаровае» – аўтабіяграфічныя творы, успаміны пра малую радзіму, а таксама кніжка «Журба мая светлая», у якой аўтар апісвае гісторыю свайго першага кахання.
Сустрэча ў раённай бібліятэцы была вельмі цёплай і кранальнай, такой, якая можа быць толькі з самымі блізкімі і роднымі людзьмі. Гэта сапраўды так, што і адзначыў галоўны герой вечара: Зіновію Кірылавічу ўсё спадабалася – ад нечаканых гасцей да яскравага выступлення фальклорна-этнаграфічнага калектыва «Крыніцы» Пінкавіцкага сельскага Дома культуры, удзельнікі якога падарылі ўсім прыемныя моманты.
Іна УРБАНОВІЧ
Фота аўтара
Подпишитесь на «Полесскую правду» в социальных сетях
и будьте всегда в курсе событий