В этот осенний призыв ряды Вооружённых Сил Беларуси пополнят 14 ушачан
У хуткім часе Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь прымуць маладое папаўненне. Будуць сярод іх і прадстаўнікі нашага раёна. У панядзелак ва Ушачах прайшоў традыцыйны Дзень прызыўніка, на якім 14 будучым абаронцам Айчыны ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны павесткі.
Спачатку будучыя абаронцы Айчыны ўсклалі вянок да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых. Пра знакавасць даты 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў не раз казалі і ў актавай зале Ушацкай школы, дзе працягнулася мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, райкама БРСМ, раённай ветэранскай арганізацыі, а таксама старшакласнікаў.
Звяртаючыся да прызыўнікоў, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч пажадала дастойна несці службу, свята выконваць воінскую прысягу і заўсёды памятаць: на плячах хлопцаў заўтрашні дзень краіны, мір і спакой народа. Мудрымі парадамі, як годна прайсці іспыт на сталасць, падзялілася з прызыўнікамі старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Аляксандраўна Васілеўская. А начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі нагадаў, што акрамя мужнасці, фізічнай загартоўкі ў арміі можна атрымаць і карысную спецыяльнасць, распачаць прафесійную ваенную кар’еру. Так, як гэта робяць, напрыклад, у ваеннай часці 32404 у Полацку – камандзір узвода радыёперашкод Васіль Сяргеевіч Кулянок прыехаў падтрымаць будучых салдат, расказаць пра будні вайскоўцаў.
Зараз маладыя людзі нясуць службу пад мірным небам. Але так было не заўсёды – шмат каму давялося са зброяй у руках выконваць інтэрнацыянальны абавязак на тэрыторыі іншых краін. У рамках Дня прызыўніка пад апладысменты падрастаючага пакалення юбілейныя медалі «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» уручаны нашым землякам, удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане Мікалаю Сяргеевічу Тараканаву, Віктару Пятровічу Гірсёнку, Дзмітрыю Дзмітрыевічу Жыткаму, Васілю Віктаравічу Полазаву, Алегу Пятровічу Рагавешку.
Гэтак жа гучна віталі прысутныя і будучых салдат, якім А.В.Пашковіч і Л.П.Шахноўскі ўручылі павесткі, наказ прызыўніку, а таксама сувеніры. Добрым падарункам для ўсіх стала і святочная канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У добры шлях, абаронцы Айчыны!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.