Нашёл свою дорогу. Весь трудовой путь Николая Пузатко связан с дорожными организациями
“Я ж звычайны працаўнік, нічым не адметны, навошта пра мяне пісаць, столькі ж добрых вадзіцеляў ёсць, ды і ў нашай арганізацыі кожны заслугоўвае трапіць на старонкі газеты!” – сціпла адмаўляўся стаць героем публікацыі да прафесійнага свята вадзіцель Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 Мікалай Мікалаевіч Пузатка. Між тым, праца гэтага адказнага, стараннага чалавека, які прысвяціў сябе аўтамабільнай справе, заўсёды высока ацэньваецца кіраўніцтвам прадпрыемства.
“Гэта самае што ні ёсць яго свята – ён і аўтамабіліст, і дарожнік, а яшчэ сваё аўто трымае ў выдатным стане. Так што смела пішыце!” – адзначалі калегі Мікалая Мікалаевіча, дадаўшы яшчэ, што ён добразычлівы чалавек, на якога заўсёды можна палажыцца. Вадзіцель валодае лепшымі якасцямі, якія неабходны для справы – пунктуальнасцю, акуратнасцю і ўвагай. Работа мужчыне падабаецца, нават нягледзячы на тое, што часам прыходзіцца працаваць і звышурочна.
Мікалай Мікалаевіч з’яўляецца адным з самых вопытных работнікаў, бо працуе ў арганізацыі ўжо больш 15 гадоў. У цэлым жа “дарожная” біяграфія распачалася яшчэ ў 1991-м годзе, калі ён уладкаваўся вадзіцелем у ДРБУ-105 і калясіў па дарогах раёна як на легкавых, так і грузавых аўто. З тэхнікай ён заўсёды быў на “ты” і пасля заканчэння Ушацкай школы накіраваўся ў Лепель вучыцца на шафёра. Затым была служба ў арміі, якую праходзіў у Польшчы. “Служыў у танкавай дывізіі, так што знаёмы не толькі з машынамі, а і бронетэхнікай, – усміхаецца М.М.Пузатка. – Зараз у мяне новая “ГАЗэль”, тры гады таму атрымаў, дастаўляю на аб’екты рабочых. Раней працаваў і на МАЗе, на якім перавёз нямала дарожнага матэрыялу, у асноўным гравій для падсыпкі і асфальтавання”.
Застаць жа яго ўдалося якраз на аб’екце, на гэтым тыдні дарожнікі займаліся ямкавым рамонтам палатна на ўчастку аўтадарогі Ушачы-Лепель. Дарэчы, прыехаўшы да месца работ, вадзіцель не сядзіць склаўшы рукі ў чаканні, пакуль калегі выканаюць фронт работ, калі трэба – дапамагае ім. “Калектыў у нас невялікі, а задачы – сур’ёзныя. Як вядома, у зоне адказнасці ДЭУ-37 дарогі рэспубліканскага значэння, а таму наша справа заўсёды на віду, стараемся выконваць яе як след, – прадаўжае Мікалай Мікалаевіч. – Так, сёлета зроблены рамонт маста праз раку Дзіва на аўтадарозе Р-113. Акрамя гэтага, шмат непрыкметных штодзённых абавязкаў кшталту абкосу абочын, абнаўлення разметкі, уборкі смецця, падтрымання ў належным стане прыпынкаў і прыдарожных палос”.
За гады работы ён ужо выдатна вывучыў кожную дарогу раёна. Адданы сваёй справе, М.М.Пузатка, нягледзячы на невялікія заробкі, ніколі не думаў змяніць сферу дзейнасці і знайсці “цяплейшае” месца. Сваім жа калегам-вадзіцелям ён жадае вяртацца дадому з любых рэйсаў, безаварыйнай працы і ўмення ў любых абставінах заставацца ветлівымі на дарогах.
Вольга КАМАРКОВА.