Жители деревни Теличино волнуются, куда прилетят весной аисты. Прежнее гнездо было разрушено во время работ на линии электропередач
Бусліная сям’я пасялілася ў Цялічыне тры гады таму і за гэты час стала своеасаблівай мясцовай славутасцю. “А буслікі ўжо прыляцелі? А птушаняткі вывеліся?” – прыязджаючы ў вёску да бабуль і дзядуляў, першым чынам беглі глядзець на гняздо гарадскія ўнукі. Гэтым летам пара выгадавала трох буслянят, а з надыходам восені сямейства падалося ў вырай, не падазраючы, што вярнуцца ў абжытае месца ўжо не зможа. Іх гняздо, збудаванае на электрычным слупе, падчас работ, што вяліся на лініі, было разбурана…
Трэба сказаць, што буслы вельмі любяць сяліцца менавіта на апорах ЛЭП – птушкам няўцям, што яны рызыкуюць самі і ствараюць нязручнасці людзям, а таму на слупах усталявана больш 40 працэнтаў ад усіх бусліных гнёздаў. Трэба сказаць, што на абароне “птушыных правоў” стаіць закон, адпаведна якому разбураць іх дазваляецца толькі ў перыяд з 15 жніўня па 15 лютага – адметна, што ў прыведзеным вышэй выпадку энергетыкі спецыяльна затрымалі пачатак работ на гэтай лініі, каб не парушыць прыродаахоўныя нормы. Відавочна і тое, што такі тып гнездавання правакуе аварыйныя сітуацыі. І мясцовыя жыхары гэта разумеюць, да работнікаў раёна электрасетак прэтэнзій не маюць, аднак балюча перажываюць страту крылатых суседзяў.
Здаўна лічыцца, што калі ў вёсцы селяцца буслы – гэта добры знак. “У нас у наваколлі раней вужакі вадзіліся, але апошнім часам іх не стала, – разважае мясцовая жыхарка Зінаіда Васільеўна Купчонак. – Ды і настрой прысутнасць буслоў уздымала…” Птушыная тэма ўсхвалявала цялічынцаў і, па словах старэйшыны вёскі Галіны Ігнацьеўны Косых, зараз, калі людзі збіраюцца ў чаканні аўтакрамы, усе размовы толькі аб тым, як вярнуць сваіх буслоў. Знайшлі ўжо і кола, якое можна было б зрабіць асновай для новага жытла. Ды вось толькі нідзе ў бліжэйшым наваколлі няма падыходзячага для яго месца. Высокае сухое дрэва, у якім можна было б спілаваць верхавіну, старое збудаванне з комінам ці іншую апору падобнага кшталту шукаў разам з вяскоўцамі старшыня Ушацкага сельсавета Міхаіл Пятровіч Хоміч, абышлі вёску і мы разам з Галінай Ігнацьеўнай – і, на жаль, не знайшлі варыянтаў. Ды і далёка не факт, што калі пабудаваць аснову для гнязда паводдаль, сямейству спадабаюцца новыя апартаменты. Лепей за ўсё, канечне, было б устанавіць спецыяльны слуп непадалёк ад былога месца гнездавання, аднак патрэбны немалыя сродкі…
Прынамсі, у гэтай сувязі прыгадалася падобная гісторыя са Старага Сяла Жарскага сельсавета. Парадкам гадоў таму падчас навальніцы ў дрэва побач з могілкамі, дзе было гняздо, трапіла маланка, бусляняты загінулі ў агні. Праз некаторы час мясцовыя жыхары ўсталявалі побач слуп з асновай для буслянкі – і птушкі вярнуліся! Жывуць яны тут і дагэтуль, а родныя пахаваных на краі могілак людзей, каб буслы не забруджвалі помнікі, зрабілі над імі спецыяльны навес – на маю думку, гэта ўражваючы прыклад таго, як чалавек і прырода імкнуцца мірна суіснаваць, шукаць для гэтага разумны кампраміс. Вельмі хочацца ўсё ж, каб знайшлося выйсце і ў выпадку з цялічынскімі птушкамі.
Прынамсі, сітуацыі, падобныя апісанай у пачатку, у нашых населеных пунктах нярэдкія. А таму, каб адцягнуць птушак ад непажаданага гнездавання на апорах ЛЭП, прыродаахоўнікі раяць неабыякавым людзям устанаўліваць штучныя платформы на бяспечных асновах. Спецыялістамі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах распрацавана нават адмысловая інструкцыя на падставе матэрыялаў адукацыйнай праграмы “Бусел” і грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацкаўшчыны”, у якой падрабязна расказваецца, як менавіта вырабіць і ўстанавіць штучную буслянку. Пазнаёміцца з гэтым матэрыялам можна на сайце Ушацкага райвыканкама ў раздзеле “Актуальная інфармацыя”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.