Выключная працавітасць Путавых

Источник материала:  
26.10.2019 — Разное

Чыста, прыгожа і ўтульна. Менавіта такія словы прыходзяць на розум, калі бачыш дом у Пальмінцы на Садовым завулку. Яго гаспадары Ніна Іванаўна і Ігар Міхайлавіч Путавы больш за 30 гадоў клапоцяцца, каб у хаце і каля яе заўсёды было прыбрана і панаваў парадак.

Выключная працавітасць Путавых

Ніна Путава на сваім участку.

Ніна Іванаўна родам з Магілёўшчыны, а Ігар Міхайлавіч — з Бешанковіцкага раёна. Пазнаёміліся маладыя, калі вучыліся ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У 70-я гады яны пажаніліся і па размеркаванні прыехалі працаваць  у калгас «Гігант» Міёрскага раёна. Тут сям’я жыла каля 9 гадоў, а ў 1986 г. пераехала ў аграгарадок Пальмінка і вялікую частку жыцця прысвяціла рабоце на мясцовым прадпрыемстве «Паўночны».

    Ніна Іванаўна і Ігар Міхайлавіч — заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі. «Нягледзячы на пенсійны ўзрост мы працягваем працаваць, — распавядае гаспадыня, — я ветэрынарам на свінаводчым комплексе «Паўночны», а ён начальнікам аховы на ўнітарным прадпрыемстве «Паўночны».

    Дачка Алена і сын Ігар жывуць у Віцебску, па выхадных  прыязджаюць разам з дзецьмі Ульянай, Дашай і Глебам, каб не толькі наведаць бабулю і дзядулю, але і дапамагчы па гаспадарцы, бо праца ў прыватным доме для ўсіх знойдзецца.

    У сям’і Путавых вялікая колькасць дыпломаў за выключную працавітасць, пастаянную падтрымку дома і прыдамавой тэрыторыі ва ўзорным стане. Гэты год не стаў выключэннем, і іх калекцыя папоўнілася новай падзякай. 

    Дзень гаспадароў распісаны па хвілінах, усё прадумана і размеркавана загадзя. «Пасля працы я рыхтую вячэру, а муж дапамагае па дому, потым адпраўляемся альбо ў агарод, альбо наводзім парадак у двары, акрамя гэтага я займаюся пчалярствам», — гаворыць жанчына.

    На ганку і падваконніках знаходзіцца вялікая колькасць розных кветак, якія ўпрыгожваюць фасад хаты. Увесну і летам на прысядзібным участку Путавых квітнеюць цюльпаны, нарцысы, лілеі. Вялікая праца праведзена, каб стварыць гэтае кветкавае царства. Ігар Міхайлавіч косіць траву, палівае і даглядае дэкаратыўныя кусты, а жонка саджае, поле кветкі і стварае вялікія клумбы не толькі на тэрыторыі двара, але і ўздоўж дарогі. Каб упрыгожыць двор, гаспадары змайстравалі сваімі рукамі двух буслоў, якія увасабляюць каханне і павагу, што пануюць у іх сям’i.

Майя САЛДАЦЕНКА.

 

 

←Над Браславом пролетел метеорит: есть видео

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика