Кіроўца, які ў Мінску збіў бітай дастаўшчыка піцы, асуджаны на "хімію"
bydc.info
Кіроўца, які ў Мінску збіў бітай дастаўшчыка піцы, асуджаны на "хімію". Такое рашэнне нядаўна прыняў суд Цэнтральнага раёна сталіцы.
Здарэнне адбылося ў ліпені сёлета на Арлоўскай вуліцы. У 36-гадовага кіроўцы Porsсhe Cayenne ўзніклі прэтэнзіі да 21-гадовага дастаўшчыка піцы, які ехаў на Daewoo Matiz, з-за манеўравання аўтамабіля апошняга. Спачатку ён выказаў іх вусна, а калі машыны спыніліся на святлафоры, узяў біту, падышоў да Daewoo Matiz і праз адчыненае акно не менш за пяць разоў ударыў кіроўцу, у тым ліку па галаве. Пасля гэтага хуліган з'ехаў. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю, зламысніка знайшлі, была распачатая крымінальная справа. Высветлілася, што ў апошняга раней былі праблемы з законам.
Суд прызнаў мужчыну з бітай вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Ён атрымаў 3,5 годы абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Па амністыі тэрмін пакарання зменшаны на год. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.