Святлана і Дзмітрый Тарарака разам з сынамі Паўлам, Дзянісам і Мацвеем — шчаслівая сям’я
14 кастрычніка — асаблівае свята, калі самыя цёплыя віншаванні прымаюць усё матулі нашай краіны. Дзень маці ў Беларусі адзначаюць штогод у сярэдзіне восені, амаль два з паловай дзясяткі гадоў.
Напярэдадні Дня маці ў Віцебску назвалі лаўрэатаў прэміі імя Герогя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Такую ўзнагароду кожны год уручаюць лепшым мамам ад кожнага раёна (горада) вобласці. Каб павышаўся прэстыж мацярынства і ўмацоўваўся інстытут сям’і.
У ліку лаўрэатаў прэміі гэтага года — Святлана Эдуардаўна Тарарака з гарадскога пасёлка Шаркаўшчына. Разам з мужам Дзмітрыем яна выхоўвае траіх дзяцей: 11-гадовага Паўла, 8-гадовага Дзяніса і малодшага ў сям’і хлопчыка Мацвея, якому споўнілася 2 гады.
— Для мяне быць мамай — гэта шчасце, — адзначае Святлана. — Калі ў сям’і з’яўляецца дзіцяці, разам з ім узнікае і магчымасць ізноў перажыць дзіцячыя гады, з усімі іх першымі адкрыццямі, цяжкасцямі і радасцямі. Так што, нягледзячы на ўсе складанасці, быць мамай мне вельмі падабаецца. І я вельмі рада, што наша сям’я вялікая і такая дружная. А ўсе цяжкасці паступова знікаюць і праблемы вырашаюцца, калі адчуваеш падтрымку родных людзей.
Захавальніцай сямейнага ачага з даўніх часоў з’яўляецца жанчына, але калі побач клапатлівы і надзейны муж, то і ачаг сям’і будзе гарэць ярка і доўга. Як адзначыла гаспадыня, муж для яе заўсёды быў апорай у сям’і і сапраўдным гаспадаром у іх утульнай кватэры. Ён можа і з дзецьмі адзін застацца, і па гаспадарцы заўсёды дапаможа. У Дзмітрыя вышэйшая адукацыя, па спецыяльнасці ён інжынер. Працяглы перыяд працуе інспектарам энергаінспекцыі філіяла РУП “Віцебскэнерга”. Па выніках работы за мінулы год яго імя занесена на Дошку гонару РУП “Віцебскэнерга”.
Па словах Святланы, надзейнай падтрымкай для іх маладой шматдзетнай сям’і заўсёды з’яўляюцца бацькі Дзмітрыя — Раіса Мікалаеўна і Генадзій Лявонцьевіч Тараракі. Яны і з дзецьмі заўсёды гатовы дапамагчы, і проста падтрымаць, калі ў гэтым узнікае патрэба.
— Усе сямейныя святы мы заўсёды адзначаем разам з роднымі, —расказала Святлана. — Сама я вельмі рана страціла сваіх бацькоў і за падтрымку і дапамогу, за той клопат, які заўсёды адчувала ў адносінах да сябе і сваіх дзяцей, я вельмі ўдзячна бацькам свайго мужа. Яны нібы “хуткая дапамога” для нашай вялікай сям’і.
А дзеці нашы ўсе вельмі розныя. У кожнага свой характар, свае здольнасці і звычкі.
Старэйшы ў сям’і 11-гадовы Паша, у гэтым годзе пайшоў у 6 клас сярэдняй школы № 2 нашага гарадскога пасёлка. Паша выдатна вучыцца ў школе, паспяхова ўдзельнічае ў многіх прадметных алімпіядах і, пачынаючы з з 5-га класа, прымае ўдзел у раённым і абласным (а з гэтага года і ў рэспубліканскім конкурсе) Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “Школа бяспекі”. У 2019 годзе сярод перамог Паўла — першае месца ў абласным этапе конкурса і выхад у фінал рэспубліканскага.
Цікавіцца Павел Тарарака і музыкай. З вялікім задавальненнем хлопчык на працягу двух гадоў наведвае музычную школу па класе акардэона. І на раённым этапе конкурса дзіцячай творчасці “Каляровыя сны” браты Дзяніс і Павел Тарарака сталі “сярэбранымі” прызёрамі ў адной з намінацый конкурснай праграмы.
Вельмі падабаецца музыка і сяпрэдняму сыну, вучню 2 класа Дзянісу, які, гледзячы на захапленне старэйшага брата, з гэтага года стаў таксама наведваць музычную школу па класе акардэона і спяваць у хоры. А яшчэ Дзяніс вельмі добра гуляе ў шахматы – гульню для сапраўдных эрудытаў. І менавіта сярэдні сын Дзяніс,гаспадарлівы і працавіты хлопчык, першы памочнік для мамы па дому. А самы маленькі ў сям’і Мацвей, якому яшчэ споўнілася толькі два гады, таксама вучыцца ўсё рабіць і знаёміцца з навакольным светам з дапамогай сваіх братоў. Паміж сабой дзеці вельмі дружныя, яны — галоўнае ў жыцці бацькоў. Адной іх усмешкі часта бывае дастаткова, каб дарослыя забыліся на ўсе свае праблемы і непрыемнасці.
Святлана на ўласным вопыце пераканалася ў тым, што быць мамай траіх сыноў, вядома, вялікае шчасце, і, адначасова, не самае простае ў жыцці выпрабаванне. — Безумоўна, складана усё паспяваць, — адзначае маладая жанчына, — але тая радасць, якую атрымліваеш побач са сваімі дзецьмі, намнога большая за цяжкасці, якія кожны дзень даводзіцца пераадольваць.
Святлана, як і яе муж Дзмітрый, таксама нарадзілася і вырасла ў нашым гарадскім пасёлку. Яна спачатку закончыла Аршанскае медыцынскае вучылішча, на працягу шасці гадоў працавала медыцынскай сястрой у хірургічным аддзяленні Шаркаўшчынскай раённай бальніцы. Вышэйшую адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “медыка-сацыяльна-псіхалагічная дзейнасць” атрымлівала завочна, калі ў маладой сям’і ўжо нарадзіўся і падрастаў старэйшы сынок. Пасля набыцця вышэйшай адукацыі маладая мама ўладкавалася ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ўзначальвала аддзяленне дзённага прабывання грамадзян пажылога ўзросту. На эта працоўнае месца Святлана Эдуардаўна плануе вярнуцца праз год, калі падрасце малодшы сынок.
А пакуль што, расказваючы пра жыццё сваёй дружнай сям’і, у якой падрастаюць трое выдатных хлопчыкаў, маладая шматдзетная маці, завяршаючы нашу размову, паведаміла аб наступным:”Галоўнае, што я зразумела, зыходзячы са свайго вопыту, калі па-сапраўднаму любіць сваіх дзяцей, то і сілы невядома адкуль усё ж з’яўляюцца, і праблемы пакрыху адступаюць і не заўважаюцца. А яшчэ, важна не шкадаваць часу для сваіх падрастаючых сыноў і дачок. Бо, як сцвярджае адна польская прыказка: “У нас ёсць цэлае жыццё, каб працаваць, а дзеці будуць маленькімі ўсяго адзін раз”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.