Трэба проста любіць

Источник материала:  
09.10.2019 — Разное

Трэба проста любіць

Іх паважаюць, часам пабойваюцца, а калі прыходзіць дзень развітання, пачынаюць разумець, што людзі,  якія іх выхоўвалі,  разам з  ведамі ўкладалі ў іх частачку сваёй душы. Усё гэта пра настаўнікаў,  для якіх пазначаная ў дыпломе спецыяльнасць азначае не работу, а лёс.

Лёсам стала педагагічная прафесія для настаўніцы нямецкай мовы  сярэдняй школы № 2 г. Кобрына Таццяны Бабій,  якая пераканана, што поспех педагога — у дасягненнях і перамогах яго вучняў. А дасягненняў у выхаванцаў Таццяны Лявонцьеўны нямала. Яны бяруць дыпломы на розных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, перамагаюць на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчых работ, атрымліваюць высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні, а многія з іх выбіраюць вывучэнне і выкладанне замежнай мовы справай свайго жыцця. Дарэчы, сама Таццяна вызначылася з прафесіяй яшчэ тады, калі вучылася ў школе, за што ўдзячна таленавітаму чалавеку і цудоўнаму педагогу Святлане Пячалінай, якая дапамагла знайсці сваё прызначэнне не аднаму пакаленню вучняў СШ № 2. Калі вярнулася пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ў сваю школу, Таццяна Бабій пераканалася: настаўнік не можа працаваць напаўсілы, таму што ў яго руках будучыня дзяцей.

Прымаючы вучняў у першым класе, Таццяна Бабій  імкнецца захапіць іх прадметам і заахвоціць да яго вывучэння. Чым меншы ўзрост, тым больш наглядным павінна быць навучанне і тым большую ролю ў ім павінна адыгрываць актыўная дзейнасць, лічыць яна. Крэатыўная, нетрадыцыйная методыка вывучэння замежнай мовы з ролевымі гульнямі, стварэннем камунікатыўных сітуацый захапляе школьнікаў. У невялікіх групах, парах, індывідуальна з настаўнікам адпрацоўваецца чытанне, пісьмо, вымаўленне, граматыка. У педагагічным асяроддзі Таццяна Бабій вядома як выдатны педагог, справядлівы і добры ў адносінах да дзяцей, шчыры і тактоўны ў зносінах з бацькамі.

Пра маленькія сакрэты вялікіх перамог настаўніца расказвае сціпла і коратка. У школьныя гады Таццяна сама  ўдзельнічала ў алімпіядах, таму не па чутках ведае, якая падрыхтоўка, у тым ліку псіхалагічная, патрэбна вучням, каб дабіцца поспехаў. Яна даўно заўважыла, што змагацца на алімпіядах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў вучням часта прыходзіцца з дзецьмі, якія нарадзіліся ці  пэўны час жылі ў нямецкамоўных краінах і з’яўляюцца носьбітамі мовы. Гэта цяжка, але магчыма. Дзякуючы праграме Эразмус+, якая ў межах супрацоўніцтва ў галіне адукацыі  прадугледжвае абмен вопытам,  вучні СШ № 2 маюць шанц на тыдзень апынуцца ў нямецкамоўным асяроддзі, што станоўча ўплывае на вывучэнне прадмета. Сама Таццяна Лявонцьеўна ў свой час прайшла стажыроўку ў Берліне, мае вопыт работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, таму і вынікі працы годныя. У мінулым навучальным годзе вучаніца Таццяны Бабій Уладзіслава Крыцкая атрымала 100 балаў за перамогу на абласным узроўні рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.

Трэба проста любіць дзяцей і добрасумленна рабіць сваю справу, – сціпла гаворыць настаўніца, але менавіта гэтыя простыя рэчы з’яўляюцца неад’емнымі паказчыкамі сапраўднага педагагічнага майстэрства.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

На фота: Таццяна Бабій.

 

 

←«Вовлекал молодых лиц в возрасте от 12 до 16 лет». В Гродно руководитель кружка предлагал ученикам пробовать наркотики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика