Алексей Щербаков: красота природы и увлечение, отдых и удовольствие, тишина и покой – всё это рыбалка
30.09.2019
—
Разное
Больш за ўсё любіць лавіць акуня
- Кожнаму чалавеку рыбалка дае нешта сваё. Для аднаго - гэта хобі, для другога - адпачынак, а ёсць тыя, для каго рыбалка - гэта лад жыцця, - з гэтых слоў пачаў нашу гутарку Аляксей Шчарбакоў, заўзяты рыбак, стваральнік Шумілінскага рыбалоўнага інтэрнэт-клуба «Зацэп» (https://vk.com/zacepby), арганізатар і ўдзельнік розных спаборніцтваў па лоўлі рыбы.
Аляксей скончыў юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і працуе юрысконсультам ва УП ЖКГ. З жонкай Вольгай выхоўвае дачку Ульяну, якая 1 верасня пайшла ў першы клас.
Аляксей нарадзіўся і вырас у сям’і паляўнічага і рыбалова. Таму з самага ранняга ўзросту палюбіў рыбалку. Упершыню ўзяў вуду ў рукі ў 6 гадоў. Гэта была звычайная «арэхавая палка», на канцы якой была прывязана леска. Вось такой самаробнай вудай лавіў сваіх першых карасікаў на сажалцы ў суседняй вёсцы. На адзін з дзён свайго нараджэння хлопец набыў сабе спінінг, які стаў для маладога рыбака прыладай № 1.
- Першая спінінгавая рыбалка прайшла на возеры Мурожніцкае 9 мая 2013 года, - успамінае Аляксей. – І першым на спінінг трапіў шчупак 300 г, якога я адпусціў!
З такіх рыбакоў, як Аляксей, варта браць прыклад. Рыбнай лоўлі ён аддаецца ўсёй душой, і не забывае выконваць усе правілы і законы. Пастаянна пашырае свае веды ў рыбалоўстве: глядзіць тэлевізійныя праграмы, чытае артыкулы ў інтэрнэце, гартае газеты і часопісы. За свой рыбацкі стаж паспрабаваў усе віды рыбалкі і ўсе віды лоўлі.
На рахунку Аляксея Шчарбакова шмат уловаў: вялікіх і маленькіх. Сярод зайздросных трафеяў - шчупак вагой 5 кг і 6-кілаграмовы сом. Аднак больш за ўсё ён любіць лавіць акуня.
- Прыгажосць прыроды, асалода і захапленне, адпачынак і задавальненне, цішыня і спакой - усё гэта рыбалка. Яна са мной на ўсё жыццё, - перакананы Аляксей.
Вольга КОЦІКАВА,
няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2019 г.