На старце настаўніцкай кар’еры
Літаральна ў мінулым месяцы сярэдняя школа № 2 г. Гарадка прыняла ў свае рады настаўнікаў маладога спецыяліста, настаўніка беларускай мовы, Дзмітрыя Шандаеўскага. Нядаўні студэнт падзяліўся з намі ўражаннямі і расказаў пра планы на будучае.
Зусім нядаўна Дзмітрый прыступіў да працы, аднак дырэктар школы ўжо адзначае, што малады спецыяліст даволі ініцыятыўны, адказны і імкнецца ўдзельнічаць ва ўсім, што яму прапаноўваюць. Напрыклад, ён ужо прайшоў навучальныя курсы «Карэкцыйная работа на ўроках беларускай мовы».
Дзмітрый расказаў, што размеркаванне пасля вучобы не стала для яго сюрпрызам, паколькі на філалагічны факультэт ВНУ імя П.М. Машэрава хлопец паступаў з канкрэтнай мэтай — стаць годным настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, каб пасля вярнуцца на родную Гарадоччыну.
- У дзяцінстве я марыў стаць урачом, каб заўжды дапамагаць людзям. Аднак, думаецца, што настаўнік — гэта не менш важная прафесія, — расказвае малады спецыяліст. — Менавіта настаўнік выхоўвае вучняў, дзеліцца з імі сваімі ведамі, аказвае ўплыў на станаўленне іх характараў.
Малады чалавек падзяліўся, што жаданне выкладаць беларускую мову невыпадковае.
- Мая школьная настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Мікалаеўна Дошчыч дапамагла мне ў выбары прафесіі. На сваім прыкладзе яна паказала, што трэба быць прафесіяналам, любіць сваю родную мову. Я магу сказаць, што і сёння яна з’яўляецца маім арыенцірам у прафесійным плане. Алена Мікалаеўна — вельмі добры настаўнік і проста шчыры чалавек, мне б хацелася стаць падобным да яе, — прызнаецца Дзмітрый.
Здаецца, што кожны настаўнік, а асабліва малады спецыяліст, павінен вельмі хвалявацца перад сваім першым урокам. Дзмітрый прызнаецца, што хваляванне, безумоўна, прысутнічала, аднак палегчыла становішча тое, што вопыт правядзення ўрокаў ён ужо набыў, калі праходзіў студэнцкую вытворчую практыку.
- Практыка ў школе дапамагла мне зразумець, што праца настаўніка не такая простая, як можа здацца на першы погляд. Настаўнік павінен шмат чаго ведаць акрамя школьнай праграмы, быць упэўненым і адкрытым для дзяцей. Да таго ж менавіта падчас практыкі я зразумеў, што акрамя правядзення ўрокаў ёсць яшчэ і праверка сшыткаў, запаўненне дакументацыі, — расказвае Дзмітрый.
- Праца ў настаўніка ёсць заўжды, нават на канікулах. Трэба рыхтавацца да навучальнага года, складаць план працоўнай дзейнасці, распрацоўваць урокі, запаўняць іншыя дакументы. Мяне напачатку гэта збянтэжыла, але ў калектыве абяцалі дапамагаць, тлумачыць усё незразумелае, — падтрымлівае гутарку малады спецыяліст. — Да таго ж настаўніку пастаянна трэба ўзнаўляць веды і вучыць нешта новае. У мяне ўжо зараз здараецца такое, што нечакана можа прыйсці ідэя для правядзення нейкага ўрока. Стараюся занатаваць, каб не згубіць і потым даць гэтай ідэі практычнае ўвасабленне.
Дзмітрый разважае, што можна знайсці падыход да кожнага вучня, нават калі ён сам не выказвае інтарэса да прадмета. Вельмі важна ўмець зацікавіць і паказаць вучню, ў тым ліку на прыкладзе яго аднакласнікаў, наколькі карыснымі могуць быць набытыя ім веды.
- Я хачу стаць справядлівым настаўнікам, вучыць дзяцей быць шчырымі, смелымі і адкрытымі, — дзеліцца малады настаўнік. — І, безумоўна, за свой абавязак я лічу данесці да вучняў прыгажосць беларускай мовы, мілагучнасць нашага роднага слова. Прыгожае побач, трэба толькі ўважліва зірнуць навокал.
Юлія РУДЗЯКОВА.