Першы ў Беларусі «Тэатральны пікнік» адбудзецца 21 верасня

Источник материала:  
19.09.2019 11:31 — Разное
Першы ў Беларусі «Тэатральны пікнік» адбудзецца 21 верасня

Пікнік правядзе Купалаўскі тэатр, каб адзначыць пачатак 100-га сезона ў вялікай кампаніі гасцей. Праграма пачнецца а 12.00 і працягнецца да позняга вечара. Госці змогуць прагуляцца па тэатральным закуліссі, атрымаць запрашэнні на закрытыя паказы спектакляў, выйсці на сцэну Купалаўскага,  пачаставацца ў street-буфеце і нават зрабіць сабе вусы як у маладога Купалы. На пікнік запрашаюцца ўсе ахвотныя. Уваход на мерапрыемства ў Аляксандраўскім скверы вольны, пажадана захапіць плед.

Распачынаючы 100-ы творчы сезон, Купалаўскі тэатр выходзіць за межы тэатральнай залы. Вялікае свята адбудзецца як у будынку тэатра, так і разгорнецца ў прасторы ўсяго Аляксандраўскага сквера. На цэлы выхадны дзень цэнтр Мінска пагрузіцца ў тэатральную атмасферу. Па скверы будуць гуляць персанажы спектакляў у арыгінальных касцюмах, можна будзе фатаграфавацца з імі, а таксама з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізітам спектакляў.

На пікнік арганізатары запрашаюць прыходзіць з пледамі, каб было цёпла і атмасферна. Прыемны бонус: уладальнік самага вялікага пледа атрымае запрашэнне на закрытыя паказы ўсіх прэм’ер цягам сезона. Для тых, хто нагуляе апетыт, на пікніку будзе працаваць street-буфет, дзе сталічныя кавярні і рэстараны прадставяць тэатральныя сэты. Дэсерт з журавінавым морсам «Людзі на балоце», сэндвіч з чорнай гарбатай «Чорная панна Нясвіжа», зялёны чай з канапэ «ЧайКа», штрудзель з безалкагольным глінтвейнам «Ноч на Каляды» – далёка не поўны пералік прысмакаў вулічнага буфета.

На сцэне сквера выступіць унікальны Купалаўскі аркестр і сучасныя музыкі. Як кажуць, таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім – шмат хто з купалаўцаў займаецца музычнай дзейнасцю. Напрыклад, адзін з гуртоў, які выступіць на пікніку, ili-ili – гэта праект акцёраў Дзмітрыя Есяневіча, Міхаіла Зуя і музыканта тэатральнага аркестра Эрыка Арлова-Шымкуса. Акрамя іх, у музычнай праграме возьмуць удзел Ягор Забелаў, Святлана Бень, гурт «Касіяпея» ды іншыя.

21 верасня ўпершыню пастаноўку Купалаўскага можна будзе паглядзець на вуліцы: у скверы адбудзецца жывая трансляцыя спектакля «Радзіва Прудок», пастаўленага па нашумелай кнізе Андруся Горвата. Падчас пікніка госці змогуць трапіць за кулісы тэатра і нават адчуць сябе сапраўднымі акцёрамі, але ўмовы гэтых магчымасцяў, як і падрабязную праграму мерапрыемства, арганізатары раскрыюць бліжэй да свята.

Генеральным партнёрам 100-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступае кампанія А1. Падтрымка праектаў, звязаных с нацыянальнай ідэнтычнасцю, беларускай мовай і культурай, з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай адказнасці А1. Спецыяльна да векавога юбілею Купалаўскага тэатра відэасэрвіс VOKA упершыню арганізуе штомесячныя бясплатныя прамыя трансляцыі знакавых спектакляў. Іх можна будзе паглядзець з любой прылады і ў сетцы любога аператара сувязі пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона.

←Скидки до 50% предложат на следующей неделе крупнейшие магазины Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика