Сёлета для 220-ці першакласнікаў у нашым раёне ўпершыню прагучаў званок. 101 адзінаццацікласнік зусім хутка стане перад выбарам далейшай жыццёвай дарогі. У Тумілавіцкай дзіцячы садок-базавай школе навучальны год пачаўся для 29-ці навучэнцаў.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта, які завітаў у гэту школу на ўрачыстую лінейку з нагоды Дня ведаў, падзякаваў педагагічнаму калектыву школы за высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў да ўступных экзаменаў, павіншаваў настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў са святам, выказаў самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, натхнення ў працы і вучобе, узаемаразумення і павагі, новых дасягненняў, чым школа славілася заўжды.
Тумілавіцкая сярэдняя школа ў такім статусе выправіла сёлета ў дарослае жыццё свой апошні – юбілейны, шэсцьдзясят пяты – выпуск. Усе адзінаццацікласнікі сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, у чарговы раз пацвердзіўшы прафесіяналізм і адданасць справе настаўніцкага калектыву. З лёгкім сумам аб пераходзе ў статус базавай школы гаварыла падчас урачыстасці дырэктар Вольга Ковель, але разам з тым выказала ўпэўненасць, што наперадзе па-ранейшаму будуць новыя перамогі, цікавыя па-дзеі, добрыя і карысныя справы.
Падшэфную Бярозкаўскую дзіцячы сад-базавую школу наведаў намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Задзіран. Для дзвюх першакласніц і яшчэ 34-х навучэнцаў школы Міністэрства юстыцыі падрыхтавала падарункі: спартыўны інвентар, кнігі і канцылярскія прыналежнасці. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй: калектыў Міністэрства падтрымлівае і віншуе ўстанову не толькі ў Дзень ведаў, але і на працягу навучальнага года. Высокі госць – намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віталь Смірноў – раздзяліў радасць свята з педкалектывам і вучнямі сярэдняй школы №1 г. Докшыцы.
Першага верасня сімвалізуе заўсёднае імкненне людзей да пазнання новага, бо мы вучымся чамусьці на працягу ўсяго свайго жыцця, а старт гэтаму захапляльнаму працэсу дае менавіта школа. Чарговым залівістым званком паклікала ў свой непаўторны свет краіна ведаў.
* * *
Святкаванне 1 верасня прадоўжылася ў райцэнтры вечарам. Вучні гарадскіх школ арганізавана прыйшлі на цэнтральную плошчу, дзе асаблівай пашаны спадобіліся першакласнікі і будучыя выпускнікі. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Гушчык сказала ўсім словы на дарогу ў краіну ведаў і свята пачалося.
Дзеці, можна сказаць, развітваліся з летам, чаму спрыяла і цудоўнае зусім не вераснёвае надвор’е. На імправізаванай сцэне выступалі дзіцячыя калектывы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Весялінка і бабуля Шапакляк запрашалі да ўдзелу ў цікавых гульнявых праграмах, бібліятэкары – у конкурсах, а супрацоўнікі райаддзела МНС яшчэ раз нагадалі пра правілы бяспекі. Адбою не было ад жадаючых пакатацца на роліках, паўдзельнічаць у спартыўных гульнях. На жаль, дзве гадзіны радасці хутка закончыліся і ўсе заспяшаліся дадому, бо заўтра – у школу!
НА ЗДЫМКУ: на ўрачыстай лінейцы ў Тумілавіцкай дзіцячы садок-базавай школе.
Для 220 первоклассников в Докшицком районе начали путь в страну Знаний
03.09.2019
—
Разное