Кіроўца ў Дзяржынску аб'язджаў вожыка і ўрэзаўся ў жылы дом
02.09.2019 15:39
—
Разное
ДТЗ у Дзяржынску / dzr.by
Сур'ёзнае ДТЗ адбылося ў цэнтры Дзяржынска ў ноч з пятніцы на суботу, піша мясцовая газета "Узвышша" са спасылкай на ДАІ.
24-гадовы кіроўца "Kia Sportage" каля 2-й гадзіны ночы ехаў па вуліцы Савецкай. Хлопец кажа, што на дарозе ён нечакана заўважыў вожыка і паспрабаваў яго аб'ехаць. Аднак пры гэтым ён не справіўся з кіраваннем і выскачыў за межы праезнай часткі.
Пазадарожнік пераскочыў праз бардзюр, пратараніў плот, зачапіў газавую трубу і ўрэзаўся ў прыватны жылы дом. На шчасце, сур'ёзна ў аварыі ніхто не пацярпеў.
Папярэдні тэст на алкаголь паказаў, што кіроўца быў цвярозы. Тым не менш яму былі прызначаныя дадатковыя даследаванні крыві.