У Гродне агучаны прысуд за "дзедаўшчыну" ў вучэльні алімпійскага рэзерву
pixabay.com
У Гродне агучаны прысуд за "дзедаўшчыну" ў вучэльні алімпійскага рэзерву. Як інфармуе прэс-служба пракуратуры Гродзенскай вобласці, трое навучэнцаў з старэйшых курсаў збівалі малодшых — кулакамі ў грудзі, баксёрскімі пальчаткамі і нават спартыўным абуткам па ягадзіцах. Расследаванне пачалося ў канцы мінулага года, калі пракурорская праверка знайшла парушэнні ў працы навучальнай установы. Была звернута ўвага на факты, калі перспектыўныя спартсмены неўзабаве пасля паступлення ў вучэльню забіралі дакументы. Высветлілася, што там панавала "дзедаўшчына". Дырэктара і яго намесніка хутка звольнілі, дысцыплінарныя спагнанні атрымалі спартыўныя функцыянеры з аблвыканкама. А крымінальная справа, распачатая ў дачыненні хуліганаў, дайшла да суда. Аднаму з іх 20 гадоў, двум — па 19. Пацярпелыя былі ва ўзросце 14-16 гадоў. Іх збівалі за спазненне на трэніроўкі, за беспарадак у пакоі і г. д.
Усіх траіх абвінавацілі ў злосным хуліганстве, а аднаго з іх яшчэ ў асабліва злосным хуліганстве і рабаванні. Апошні атрымаў 3 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Іншыя двое асуджаныя на 2 гады і 6 месяцаў, 2 гады і 3 месяцы без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Па амністыі ўсім ім тэрміны скарацілі на адзін год. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.